Міжнародны фестываль педагагічнага майстэрства

04.11.2019

Педагогі са Століншчыны прынялі ўдзел у фестывалі педагагічнага майстэрства “Інавацыя. Пошук. Якасць”, што прайшоў у Дубровіцкім раёне (Украіна) 1 лістапада . Узначаліў дэлегацыю начальнік аддзела па адукацыі Столінскага райвыканкама Аляксандр Вячорка.

Арганізатары фестывалю – упраўленне асветы, моладзі і спорту Дубровіцкай РДА, Дубровіцкі раённы метадычны кабінет.

Пляцоўкай гэтага педагагічнага свята, на які сабраліся педагогі з устаноў адукацыі Ровеншчыны, Станічна-Луганскага раёна Луганскай вобласці і Столінскага раёна Беларусі, стаў Сварыцэвіцкі навучальна-выхаваўчы комплекс. Начальнік упраўлення асветы, моладзі і спорту Дубровіцкай РДА Ніна Стасюк разам з прадстаўнікамі мясцовай улады прывітала ўдзельнікаў фестывалю, пажадала ўсім плённай працы.

На працягу фестывальнага дня адбыліся шматлікія майстар-класы, урокі для дарослых, прэзентацыі, трэнінгі, практыкумы, варкшопы. Так, сярод шматлікіх тэм, закранутых на фестывалі, настаўнікам з Беларусі асабліва цікава было пазнаёміцца з асобнымі момантамі рэалізацыі Канцэпцыі Новай украінскай школы. У сваю чаргу, увага ўкраінскіх калег была скіравана да педагагічнага вопыту столінскіх настаўнікаў. Майстар-класы на фестывалі правялі дырэктар СШ №2 г. Століна, настаўнік рускай мовы і літаратуры, настаўнік-метадыст Ала Лазіцкая, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўнік гісторыі Лядзецкага ВПК яслей-сада СШ, настаўнік-метадыст Святлана Царык, настаўнік беларускай мовы і літаратуры СШ №3 г.Століна Святлана Белавус, настаўнік хіміі СШ №2 г. Століна Артур Алейнік, настаўнік пачатковых класаў Каладнянскага ВПК яслей-сада БШ Наталля Базар.

 

Фестываль педагагічнага майстэрства “Інавацыя. Пошук. Якасць” – яшчэ адна выдатная магчымасць для павышэння прафесійнай кампетэнтнасці педагагічных работнікаў. На прыканцы сустрэчы кожны меў магчымасць падзяліцца ўражаннямі ад фестывалю, падвесці вынікі свайго ўдзелу ў ім. Педагогі, якія прэзентавалі ўласны вопыт у час майстар-класаў, атрымалі сертыфікаты ўдзельнікаў фестывалю педагагічнага майстэрства.

Як адзначыла загадчык Столінскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Валянціна Грэчка, Фестываль яшчэ раз паказаў, што для адукацыі, творчасці і спорту няма межаў. Мы пабывалі на свяце творчасці, прафесіяналізму і крэатыўнасці і ўбачылі іскрынкі ў вачах, адкрытыя ўсмешкі творчых настаўнікаў Украіны, скіраваныя на павышэнне якасці адукацыі, пошук эфектыўных напрамкаў у рабоце з дзецьмі. Вельмі шмат атрымалі ад зносін з педагогамі розных рэгіёнаў Украіны. Спадзяемся, што сустрэчы педагагічнай грамадскасці Століншчыны і Украіны будуць працягвацца.


Прыгожым завяршэннем фестывалю, як і яго адкрыцця, стала выступленне тэатра школьных мініяцюр Сварыцэвіцкага навучальна-выхаваўчага комплексу.