Свята паклікала на ўрок

08.10.2019

У мінулы чацвер у Столінскім гарадскім доме культуры прайшоў незвычайны святочны ўрок, прысвечаны Дню настаўніка. На яго запрасілі кіраўніцтва раёна, прадстаўнікоў аддзелаў, служб, а таксама дэлегацыі педагогаў ад усіх навучальных устаноў Століншчыны.

 
Святочны настрой, пажаданні і вітанні ад калег і вучняў – з гэтага пачалося свята яшчэ ў фае. Мовай фотаздымкаў расказвалі ўстановы адукацыі пра сваю работу. Прыгожыя выстаўкі танулі ў кветках, на фоне якіх многія фатаграфаваліся.
У маналогу настаўніка, з якога пачалося свята, гучаў філасофскі роздум пра шчасце ў прафесіі, пра тое, як на працягу ўсяго жыцця педагог імкнецца перадаць вучням тое, што любіць і ведае сам. 


І вось гучыць званок на ўрок. Вядучыя выступаюць у ролі настаўнікаў. І “да дошкі” запрашаюць старшыню Столінскага райвыканкама Рыгора Пратасавіцкага. Старшыня віншуе педагогаў раёна:
– Ад настаўніка, яго прафесійных якасцяў залежыць лёс вучня. Улічваючы сучасныя рэаліі, педагогі Століншчыны ідуць у нагу з часам, павялічваюць традыцыі айчыннай школы, –  адзначыў старшыня.


Прагучалі словы падзякі педагогам раёна. Асабліва цёплыя пажаданні былі адрасаваны педагогам-пенсіянерам.
Са словамі віншаванняў на сцэну падымаліся старшыня райсавета дэпутатаў Аляксандр Ярашэвіч, начальнік аддзела па адукацыі Аляксандр Вячорка, старшыня прафкама работнікаў адукацыі і навукі Людміла Цупа, першы сакратар РК ГА «БРСМ»  Вадзім Заруба. Кожны з выступаючых узнагародзіў Ганаровымі граматамі, падзячнымі лістамі лепшых педагогаў раёна.
Ганаровай граматай райвыканкама ўзнагароджаны настаўнік пачатковых класаў Каладнянскага ВПК яслі-сад базавая школа Наталля Базар, загадчык Альшанскага ясляў-сада Ала Сухадольская, падзячнымі лістамі Столінскага райвыканкама – настаўнік матэматыкі і інфарматыкі Церабліцкага ВПК яслі-сад СШ Валерый Рудзецкі, настаўнік беларускай мовы СШ № 3 г. Століна Святлана Белавус.


Граматы міністэрства адукацыі атрымалі музычны кіраўнік Столінскага ясляў-сада № 3 Наталля Ганчарук, настаўнік інфарматыкі СШ № 2 р. п. Рэчыца Алена Палхоўская.
Не абышлося і без работы з «класам».

Вядучыя спусціліся ў залу, каб задаць пытанні педагогам. Шквал пытанняў дастаўся ветэранам педагагічнай працы. Ім давялося адказваць і пра спазненне на ўрокі, і пра любімыя і не любімыя адзнакі, і пра  вучняў-любімчыкаў.


Пасля на сцэну пад бурныя апладысменты падняліся маладыя спецыялісты. Сёлета 33 педагогі працаўладкаваны ў 20 устаноў адукацыі. Першы месяц работы стаў для іх выпрабаваннем на трываласць, а вядучыя яшчэ арганізавалі для іх іспыт з правакацыйнымі пытаннямі.
З наказам да маладых спецыялістаў звярнулася настаўнік беларускай мовы Фядорскай СШ Надзея Палукошка. 


Вопыт і маладосць аб’ядналіся ў вальсе – маладыя спецыялісты запрасілі ветэранаў працы на танец.
На працягу свята музычныя нумары прысутным падарылі педагогі Анжаліка Калавур, Святлана Ляшкевіч, Кацярына Бруцкая.
На заканчэнне свята гучалі музычныя нумары ў выкананні заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага інструментальнага ансамбля “Брыз”.


Таццяна СЕГЕН
Фота аўтара