Гран-пры абласнога”Радаводу”

29.05.2019

“Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына…” Ніякае багацце людзей не можа быць даражэйшым за іх родную мову, а таксама песні, танцы, абрады, рамёствы і бабуліны стравы. Трэба памятаць, дзе ты нарадзіўся і вырас, памятаць сваю малую Радзіму. Менавіта з мэтай аховы і зберажэння самабытнай культуры Берасцейшчыны, папулярызацыі яе сярод дзяцей і моладзі, ажыццяўлення дыялогу культур паміж рознымі пакаленнямі і носьбітамі не першы раз ладзіцца адкрыты абласны фестываль фальклорнага мастацтва “Радавод” .

Чарговы, ужо сёмы, адбыўся 17-18 мая 2019 года ў г.Пружаны. Прынялі ўдзел у фестывалі педагогі і навучэнцы ўстаноў адукацыі нашага раёна. 

Навучэнцы, калектывы народнай творчасці, гурты, ансамблі, ідывідуальныя выканаўцы фальклорнага мастацтва, танцавальныя пары – выканаўцы народных побытавых танцаў, пераемнікі народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і традыцыйнай кухні ўстаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі вобласці паказалі вынікі двухгадовых пошукаў, экспедыцый, працы па вывучэнні і перайманні традыцыйнага фальклору сваёй мясцовасці.

Каб трапіць на свята фальклору, неабходна было падрыхтаваць самабытны матэрыял свайго рэгіёна і прайсці занальны адбор. Праграма, якую падрыхтавалі творчыя калектывы Століншчыны на занальны агляд, амаль уся прайшла на абласны фестываль.

Пасля афіцыйнага адкрыцця ўрачыстым шэсцем удзельнікі прайшлі па вуліцах горада да фестывальных пляцовак.

У парку ля палаца Швыкоўскіх разгарнуўся “Горад майстроў”. Тут можна было не толькі пазнаёміцца з аўтэнтычнымі прадметамі побыту, а і паназіраць за працэсам іх стварэння.

У “Палацыку” адбылася абласная дзіцячая навукова-практычная канферэнцыя “Папулярызацыя традыцыйнай народнай культуры і шляхі зберажэння мясцовых традыцый”.

На іншых фестывальных пляцоўках творчыя калектывы вобласці паказвалі свае здабыткі: знаёмілі з побытавымі танцамі, бабулінай кухняй, дэманстравалі аўтэнтычныя касцюмы, паказвалі гульнявыя праграмы.

На галоўнай пляцоўцы з фальклорна-этнаграфічнай праграмай “Ваджэнне стралы” выступілі ўзорны ансамбль народнай песні “Весялінка” і народны ансамбль народнай музыкі “Вятліца” СШ № 2 г. Століна. “Капанёўскія гульні” паказаў узорны ансамбль фальклорнага танца “Палескія плясуны” ў суправаджэнні народнага ансамбля народнай музыкі “Вятліца” СШ № 2 г. Століна. Музычныя найгрышы “Церніца” выканаў узорны ансамбль фальклорнай музыкі “Млынок” СШ № 2 г. Століна і выступіў танцавальны калектыў Рамельскай сярэдняй школы.

На іншых пляцоўках аўтэнтычны касцюм “Скарбы бабулінага куфара” дэманстравалі навучэнцы Гараднянскага ВПК ясляў-сада сярэдняй школы, гульнявую праграму “Ой, вясна, вясняначка” правёў тэатральны гурток “Чараўнікі” Давыд-Гарадоцкага цэнтра дзіцячай творчасці.

Удзельнікі фестывалю з нашага раёна правялі майстар-класы па ганчарстве, вышыўцы, выцінанцы, роспісе па шкле, бортніцтве, прынялі ўдзел у выставе традыцыйных рэгіянальных страў “Бабуліна кухня”.

Пра высокі ўзровень выканаўчага майстэрства нашых навучэнцаў і настаўнікаў гавораць атрыманыя ўзнагароды.

Гран-Пры VII адкрытага абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва “Радавод” у намінацыі “Конкурс-выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Горад майстроў” атрымаў аддзел па адукацыі Столінскага райвыканкама. У Горадзе майстроў працавалі педагогі са сваімі вучнямі -Валянціна Лёгкая (узорная студыя народных промыслаў “Вышыванка”), Алена Крук (студыя “Скарбонка рамёстваў”), Васіль Казачок (гурток “Гліняная цацка”) Столінскага РЦДТ і Міхаіл Наскевіч (гурток “Юны пчаляр” Давыд-Гарадоцкага ЦДТ).

Дыпломам І ступені ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама ўзнагароджаны навучэнка сярэдняй школы № 2 г. Століна Вікторыя Вячорка за навукова-даследчую работу “Брацкая свечка” (кіраўнік Наталля Кананчук), а ўзорны ансамбль фальклорнага танца “Палескія плясуны” сярэдняй школы № 2 г. Століна (кіраўнік Іван Лёгкі) у конкурсе бытавых танцаў узнагароджаны дыпломам ІІ ступені.

14 дыпломаў ўпраўлення па адукацыі і Брэсцкага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці прывезлі дадому прадстаўнікі Століншчыны з “Радаводу”. З іх сем – фалькларысты сярэдняй школы № 2 г. Століна: І ступені (Шаламіцкій Арцём і Домніч Анастасія), ІІІ ступені (Мазоль Арцём і Вячорка Вікторыя), ІІІ ступені (Мазоль Антон і Муратава Вольга) – ансамбль “Палескія плясуны” за бытавыя танцы (кіраўнік Іван Лёгкі); ІІІ ступені – ансамбль “Весялінка” (кіраўнік Тамара Дзенісовіч) і “Млынок” (кіраўнік Алег Майсеевіч) і два дыплома фіналістаў па бытавых танцах. Дыпломам ІІІ ступені адзначаны танцавальны калектыў Рамельскай СШ і адзін дыплом фіналіста за бытавыя танцы (педагог Васіль Ільінскі).

Два дыпломы І ступені ў Столінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці: за майстар-клас і за фальклорны касцюм (педагог Валянціна Лёгкая).

За прыгатаваныя стравы бабулінай кухні дыпломам І ступені заахвочаны Соф’я Пратасавіцкая і Вольга Астравухава з Асаўской СШ (кіраўнік Таццяна Юнкевіч).

З дыпломам ІІІ ступені за гульнявую праграму вярнуўся з фестывалю Давыд-Гарадоцкі цэнтр дзіцячай творчасці (педагогі Алена Семянюк, Алена Петравец).    

За аўтэнтычны касцюм узнагароджаны фіналісткі Таццяна Кісель і Аліна Пешка з Гараднянскага ВПК ясляў-сада СШ (кіраўнік Марыя Гмір).

У якасці членаў журы фестывалю былі запрошаны навукоўцы з УА “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў” і УА “Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі”.

Сёлета ў фестывалі прынялі ўдзел замежныя госці - калектывы з Польшчы і Сербіі, якія паказалі асаблівасці традыцыйнай культуры сваіх краін.

Віншуем усіх педагогаў і навучэнцаў з узнагародамі! Жадаем поспехаў!