Музей адукацыі адкрыты на Століншчыне

18.03.2019

15 сакавіка адбылося ўрачыстае адкрыццё музея адукацыі раёна.

На ім прысутнічалі старшыня Столінскага раённага выканаўчага камітэта Рыгор Пратасавіцкі, намеснік старшыні Сяргей Сідарэвіч, начальнік аддзела па адукацыі Аляксандр Вячорка, былыя начальнікі аддзела адукацыі Ніна Кісель, Надзея Драко, старшыня Столінскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Анатоль Максімовіч і іншыя зацікаўленыя асобы.

Разрэзана чырвоная стужка, і загадчыца навучальна-метадычнага кабінета Валянціна Грэчка праводзіць першую экскурсію.

Музей размясціўся ўмоўна у трох залах. Першая зала – гэта магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй і сучаснасцю развіцця сістэмы адукацыі на Століншчыне.

Тут сабраны фотаздымкі, матэрыялы яшчэ перыяду Расійскай імперыі, Польшчы. Асаблівая ўвага нададзена ваеннаму перыяду ў сістэме адукацыі і педагогам-удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны,пасляваеннаму часу, развіццю і станаўленню адукацыі раёна. У музеі размясцілася як агульная інфармацыя па раёне, так і па кожнай з канкрэтных устаноў. Ад усіх устаноў адукацыі ў музей перададзены летапісы, у якіх расказваецца аб вехах развіцця школ, аб педагогах і вучнях.

Стэнд прысвечаны заслужанай настаўніцы БССР, Герою Сацыялістычнай працы Надзеі Іванаўне Кавалец. Надзея Іванаўна перадала ўсе свае ўзнагароды ў музей. Імёны выдатнікаў адукацыі, заслужаных настаўнікаў таксама зафіксаваны на асобным стэндзе.

Есць стэнд, на якім змешчана інфармацыя пра ўсіх начальнікаў аддзела адукацыі.

Храналагічная стужка – гэта гісторыя кожнай са школ. Фотаздымкі рознага перыяду расказваюць аб важных падзеях як усёй сістэмы адукацыі, так і найбольш тыповых мерапрыемствах пэўнага часу. Уся нагляднасць музея дапаўняецца відэаматэрыяламі.

Другая невялікая зала сабрала ў сабе вылічальную тэхніку, музычную і радыё апаратуру, якія адпавядаюць пэўнаму перыяду часу.

Асаблівасці залы, якая знаходзіцца на другім паверсе, пераносяць наведвальнікаў у перыяд савецкага дзяцінства, у савецкую школу 70-90 гадоў. А гэта і школьная парта, і школьная форма, і піянерская сімволіка, і чарніліца, і глобус, карта СССР, і многае-многае іншае.

Тут жа, на другім паверсе, інфармацыя пра творчыя калектывы, пераможцаў рэспубліканскіх прадметных алімпіяд.

Матэрыялаў у нас вельмі многа. На экспазіцыях выстаўлена толькі частка, - расказвае галоўны рэалізатар ідэі стварэння музея Валянціна Аляксандраўна Грэчка. – Астатняя частка размешчана ў архіве, пераведзена ў лічбавы фармат і можа выкарыстоўвацца ў электронным варыянце.

Начальнік аддзела па адукацыі Аляксандр Мікалаевіч Вячорка звярнуў увагу на закрытыя ўстановы адукацыі раёна. Іх гісторыя не павінна быць забыта, таму ў бліжэйшы час будуць стварацца электронныя варыянты па матэрыялах закрытых устаноў адукацыі.

Атрымаўся цудоўны музей. Вялікі дзякуй усім, хто прымаў удзел у яго стварэнні, - падвёў вынік экскурсіі старшыня Столінскага райвыканкама Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі. – Але спыняцца на гэтым нельга. Патрэбна працягваць пошукавую дзейнасць, павялічваць колькасць экспанатаў. І жадаю, каб музей працаваў, каб у ім збіраліся для сустрэч настаўнікі, прыходзілі на экскурсіі вучні і госці раёна.

Ідэя стварэння музея адукацыі нарадзілася даўно. Частка матэрыялаў была сабрана яшчэ Валянцінай Андрэеўнай Вярэніч, а ідэю стварэння выношвалі і былыя загадчыкі аддзела. І зараз яна была рэалізавана Грэчка Валянцінай Аляксандраўнай.

Пасля экскурсіі было шмат размоў, разважанняў на тэму адукацыйнай сістэмы, успамінаў ад ветэранаў педагагічнай працы. Кожны з іх пакінуў свой запіс у кнізе ганаровых гасцей.

Высокая ацэнка пра змест музея прагучала з вуснаў дырэктара Столінскага краязнаўчага музея Святланы Паўлаўны Вярэніч, якая дапамагала стваральнікам парадамі, пэўнымі матэрыяламі.

Але і зараз працягваецца збор інфармацыі і матэрыялаў, якія маюць адносіны да гістарычнага мінулага сістэмы адукацыі ці да сучасных значных падзей. Менавіта ў музеі яны ажывуць, будуць несці патрэбную і карысную інфармацыю іншым.

Музей адчынены. Наведаць яго, узгадаць сваё школьнае мінулае ці свой прафесійны час можа кожны. Знаходзіцца музей па вуліцы Дзяржынскага, 38 у тым жа будынку, што і раённы навучальна-метадычны кабінет (гэта поруч з рынкам).

Таццяна СЕГЕН

На здымках:

Фота аўтара