Памяці Міхаіла Шэлехава

21.02.2019

16 лютага на базе СШ № 2 г. Століна прайшоў раённы краязнаўчы конкурс “Непаўторны Столінскі край”, прысвечаны памяці М. У. Шэлехава, Выдатніка адукацыі СССР, ветэрана вайны, Ганаровага грамадзяніна г. Давыд-Гарадка і Столінскага раёна.

На конкурс былі прадстаўлены 23 работы ад 22 устаноў адукацыі ў чатырох намінацыях: “Гісторыя аднаго дома”, “Пра што гавораць купалы храмаў”, “Педагогі-абаронцы Айчыны”, “Імя на абяліску”.

Вучні і педагогі правялі значную даследчую работу, каб падрыхтавацца да конкурсу. Вучаніца 9 класа Альшанскай СШ № 2 Анастасія Неўдах цікава прэзентавала сваю работу “Праваслаўе і рэлігійнае суправаджэнне – дарога да храма”. Яе было цікава паслухаць і вучням, і педагогам, і членам журы. Уладзіслаў Антановіч з Лядзецкага НПК ясляў-сада СШ разам з настаўнікам І. А. Антановіч перапрацавалі ўспаміны ветэрана Вялікай Айчыннай вайны ў літаратурны твор, які плануюць аформіць у кнігу і выкарыстоўваць на ўроках.

Яніна Вандзіч, вучаніца Белавушскай сярэдняй школы, прэзентавала работу аб настаўніцкай дынастыі Кузьмянковых-Палікарповічаў. Вучаніца 11 класа Кацярына Сушчык даследавала гісторыю аднаго дома і адсачыла жыццё пяці пакаленняў, якія жылі ў гэтым доме. Цікава было паслухаць вучня 11 класа СШ № 3 г. Століна Максіма Шпакоўскага “Невядомы лёс”. Максім шукае звесткі пра свайго прапрадзеда, што быў раскулачаны і высланы. Але да сённяшняга часу ніякай інфармацыі сям’я так і не змагла знайсці. Самая малодшая ўдзельніца конкурсу Ганна Кананчук, пяцікласніца Рамельскай СШ, распавяла пра жыццёвы і працоўны шлях участковага міліцыянера вёскі Рамель Пятра Дзямко.

Члены журы адзначылі, што работы былі актуальныя і з кожным годам становяцца ўсё больш дасканалымі, глыбокімі.

Па выніках конкурсу дыпломы І ступені атрымалі: вучань 9 класа Аздаміцкай СШ Дзмітрый Трухановіч за работу аб Свята-Троіцкай царкве вёскі Аздамічы і вучаніца Глінкаўскай СШ Кацярыны Сушчык аб гісторыі аднаго дома.

Дыплом ІІ ступені ў вучаніцы Хатамельскай СШ Алесі Скрабец, у вучня Лядзецкага НПК ясляў-сада СШ Уладзіслава Антановіча, вучня СШ № 3 г. Століна Максіма Шпакоўскага, вучаніцы Рамельскай СШ Ганны Кананчук.

Дыпломы ІІІ ступені ў вучаніцы Альшанскай СШ № 2 Анастасіі Неўдах, вучаніцы Церабяжоўскай СШ Крысціны Грэчка, настаўніка гісторыі Гараднянскага НПК ясляў-сада СШ Юліі Шаміч, вучаніцы СШ № 2 г. Століна Вольгі Муратавай, вучаніцы Стахаўскай СШ Дар’і Яроцкай і вучаніцы Асаўской СШ Алены Валчковіч.

Прыемна, што многія вучні ўжо выбралі тэмы для сваіх будучых даследаванняў і жадаюць працягваць даследчую работу.

Таццяна СЕГЕН