Піянерскі квіз

29.01.2019

26 студзеня ў актавай зале сярэдняй школы № 3 г. Століна адбыўся раённы этап рэспубліканскай інтэлектуальна-забаўляльнай медыйнай гульні “Піянерскі квіз”. У ёй прынялі ўдзел 36 школьных каманд з усяго раёна (па шэсць чалавек у камандзе).

Усе пытанні гульні трансліраваліся на экране і суправаджаліся голасам вядучай – старшыні раённага савета Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі Ірыны Васільеўны Дабрыянец. Для апрацоўкі атрыманых адказаў была створана камісія з ліку педагогаў, якія маюць багаты вопыт у правядзенні інтэлектуальных гульняў.

Прывітала ўдзельнікаў і пажадала ім поспехаў у калектыўнай рабоце галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Наталля Міхайлаўна Катовіч. Яна таксама ўручыла дыпломы аддзла па адукацыі пераможцам папярэдняй інтэлектуальнай гульні.

Навучэнцы сыгралі шэсць тураў па шэсць пытанняў у кожным па тэмах: “Рэбусы”, “Зроблена ў Беларусі”, “Дзіцячае Еўрабачанне-2018”, “Піянерская інтуіцыя”, “Чым жывеш, піянерыя?”, “Сацыяльная рэклама”.

За кожны правільны адказ налічваўся адзін бал. Пасля ўсіх шасці тураў была прапанаваны рызыка-тур: тры пытанні з сумай рызыкі ад аднаго да трох балаў. Калі адказ на пытанне быў правільны, сума рызыкі дадавалася да агульнай колькасці ачкоў, калі адказ няправільны – адымалася.

У выніку найбольшую колькасць ачкоў – 25 – набрала каманда гімназіі (кіраўнік - педагог-арганізатар Ірына Рыгораўна Жалянгоўская), 23 ачкі – у каманды Фядорскай сярэдняй школы (кіраўнік – педагог Ніна Анатольеўна Савецкая), па 21 ачку зарабілі каманды сярэдняй школы № 1 г. Давыд-Гарадка (кіраўнік – педагог-арганізатар Алена Іванаўна Логвінава) і сярэдняй школы № 2 р. п. Рэчыца (кіраўнік – педагог-псіхолаг Таццяна Васільеўна Кужко).

У бліжэйшую суботу, 2 лютага каманда-пераможца прыме ўдзел у абласным этапе, які пройдзе ў г. Пінску.

Галіна ГАШЧУК

Фота аўтара