«Мой радавод» у гліне, ільне, дрэве і папірусах

19.11.2018

Раённы конкурс “Мой радавод”, арганізаваны Столінскім раённым вучэбна-метадычным кабінетам, сабраў больш за 60 работ ад вучняў пачатковых класаў з усіх устаноў адукацыі Століншчыны.

Метадыст Іна Аляксандраўна Юрчук расказала, што задача конкурсу - фарміраванне духоўна-маральных каштоўнасцяў сям’і праз складанне сваёй радаслоўнай. Мэта – прыцягнуць дзяцей і іх бацькоў да вывучэння свайго роду, сваёй спадчыны.

Усяго было тры намінацыі – “Мой род – мая сям’я”, “Мой прадзед, дзед і я”, “Гісторыя майго роду”. Некаторыя з удзельнікаў падавалі работы адразу ў некалькіх намінацыях, уразіла падача матэрыялаў. Калі гісторыя роду часцей за ўсё - гэта мультымедыйныя прэзентацыі ці альбомы гісторыі, то вось складанне радаслоўнага дрэва, увасабленне яго на практыцы дазволіла сем’ям паказаць максімум свайго творчага таленту. Дрэвы ростам з чалавека, дрэвы з гліны, паперы, лёну, драўляныя… Розных памераў і форм, рознага ўвасаблення. Многія з работ проста павінны застацца назаўжды ў сем’ях, заняць сваё пачэснае месца ў іх дамах, каб нагадваць і будучым пакаленням пра гісторыю роду.

Уражвае і глыбіня работ. Напрыклад, самае глыбокае пагружэнне ў гісторыю – гэта гісторыя Ільі і Глеба Іспраўнікавых, якая занатавана з 1773 года. Максім Дзяшкевіч таксама глыбока дакапаўся да гісторыі не толькі сваіх продкаў, а і сваёй вёскі, бо яго дзяды – адныя з заснавальнікаў вёскі Калоднае. Радаслоўнае дрэва Філановічаў – гэта прыклад таго, як на доўгія гады занатаваць сваю гісторыю прыгожа, з густам, адлюстраваўшы імёны продкаў на радаслоўным дрэве, а гісторыю занатоўваць у радавую драўляную кнігу.

Прыгожыя і змястоўныыя радавыя дрэвы ў Некрашэвічаў, Марыі Вабішчэвіч, Ільі Машлякевіча, Дзмітрыя Грыба, Сямёна Козака і многіх іншых.

Кожная з работ унікальная, але самае галоўнае, каб дзеці зацікавіліся сваімі каранямі, каб мелі жаданне і далей вывучаць гісторыю свайго роду.

Таццяна СЕГЕН