Вершы мясцовых паэтаў пра малую радзіму гучалі ў Століне

12.11.2018

Сустрэча за круглым сталом дзвюх творчых суполак раёна адбылася днямі ў Столінскім раённым вучэбна-метадычным кабінеце. 

У клуб «Натхненне» ўваходзяць педагогі раёна, якія актыўна займаюцца творчай дзейнасцю. Сярод сяброў клуба ёсць даволі вядомыя не толькі на Брэстчыне, але і ва ўсёй краіне паэты: Віктар Васільевіч Вабішчэвіч, Ірына Мікалаеўна Ляшкевіч, Галіна Сідараўна Бабарыка. Паэзія гэтых і іншых удзельнікаў клуба друкуецца на старонках розных перыядычных выданняў Беларусі, у некаторых выдадзены паэтычныя зборнікі.  

Клуб – госць шматлікіх мерапрыемстваў як на тэрыторыі Століншчыны, так і па-за яе межамі. Удзельнікі клуба акрамя заняткаў літаратурнай дзейнасці актыўна прапагандуюць яе сярод падрастаючага пакалення праз шматлікія сустрэчы, што ладзяцца ва ўстановах адукацыі і не толькі.  

Сустрэча ў метадычным кабінеце пачалася са знаёмства з клубам «Натхненне». Кіраўнік клуба, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Столінскай дзяржаўнай гімназіі Таццяна Якаўлеўна Жук распавяла аб дзейнасці суполкі, яе традыцыях, пазнаёміла з удзельнікамі. Адзін з іх – былы настаўнік рускай мовы і літаратуры Гараднянскага ВПК яслі-сад СШ, дырэктар Цэнтра ганчарства вёскі Гарадная Васіль Андрэевіч Казачок. У 2018 годзе свет убачыла яго першая кніга паэзіі «Прызнанне». На творчай сустрэчы Васіль Андрэеевіч прэзентаваў паэтычны зборнік, распавёў аб вершах, якія ўвайшлі ў яго. Цераз паэзію Васіля Андрэевіча праходзіць прызнанне ў любові да сваёй малой радзімы, дарагой яго сэрцу Гарадной, што вядома далёка за межамі Беларусі ўнікальным ганчарным промыслам, захаваным да сённяшніх дзён.  

Удзельнікі сустрэчы змаглі набыць зборнік з аўтографам і пажаданнямі паэта. Жадаючыя могуць атрымаць паэтычны зборнік, звярнуўшыся непасрэдна да аўтара.   

Цікавым стала тое, што са сваёй творчасцю на сустрэчы пазнаёміў прысутных былы настаўнік Васіля Андрэевіча Казачка. Гэта Юрый Георгіевіч Пірскі. Юрый Георгіевіч нарадзіўся ў Лунінцы, пасля вучобы ў Пінскім педвучылішчы яго жыццё цесна звязана са Століншчынай, са Столінам. Таму, як адзначыў Юрый Георгіевіч, Столін – гэта яго малая радзіма. І многія паэтычныя творы гэтага аўтара прысвечаны любаму гораду, а таксама людзям, якія тут жывуць. Паэзію Юрыя Георгіевіча даволі часта можна сустрэць на старонках раённай газеты «Навіны Палесся» і рэспубліканскай газеты «Друг пенсионера». 

Юрый Георгіевіч не ўваходзіць ні ў якую паэтычную суполку, таму ў час круглага стала ён  атрымаў запрашэнне стаць наведвальнікам клуба «Літаратурнае кафэ».  

«Літаратурнае кафэ» – аб’яднанне творчых людзей, якое створана на базе аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Столінскага тэрытарыяльнага аддзялення сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (загадчыца Святлана Леанідаўна Аблавацкая). 

Кіраўнік клуба Ларыса Фёдараўна Вырко прадставіла ўдзельнікаў аб’яднання «Літаратурнае кафэ», расказала аб цікавых сумесных справах удзельнікаў суполкі. У час круглага стала прагучалі паэтычныя творы Ларысы Фёдараўны Вырко, Людмілы Мікалаеўны Карчэўскай. Пра сваю малую радзіму, вёску Стахава, шмат гаварыла Вольга Андрэеўна Шаламіцкая.  

Напрыканцы сустрэчы ўдзельнік клуба «Натхненне» Святлана Анатольеўна Кананчук падзялілася ўласнымі вершамі, напісанымі напярэдадні спаткання з аднадумцамі. 

 

Удзельнікі круглага стала дзяліліся ўражаннямі ад пачутых твораў, гаварылі пра малую радзіму, пра магчымасці кожнага дзеля захавання роднай зямлі, культуры, народнага быту, звычаяў. Як слушна зазначыла метадыст Столінскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Валянціна Васільеўна Марчанка, кожны чалавек, нягледзячы на ўзрост, на прафесію, пры жаданні можа знайсці ў жыцці месца для любімай справы і творчасці. 

 

Удзельнік клуба «Натхненне»,  

настаўнік пачатковых класаў Каладнянскага  

ВПК яслі-сад БШ Наталля Мікалаеўна Базар