Таленты зямлі Берасцейскай

08.11.2018

Трэцяга лістапада ў Брэсцкім абласным цэнтры маладзёжнай творчасці адкрылася выстава дзіцячай творчасці навучэнцаў Столінскага раёна ў рамках абласнога праекта "Таленты зямлі Берасцейскай".

Больш за 1000 работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва прывезлі навучэнцы ўстаноў адукацыі Столінскага раёна. Выстава адрозніваецца тым, што тут можна ўбачыць абрады, якія да гэтага часу захоўваюцца ў Столінскай глыбінцы, – зімовыя Каляды, вясновы Вялікдзень, летняя Тройца, восеньскія Дажынкі. Можна даведацца аб нашым раёне і пра тое, чым займаліся нашы бабулі і дзядулі.

На стэндах выставачнай залы - абрадавыя лялькі ў нацыянальных строях, па сценах - беларускія народныя вышыўкі крыжыкам, чырвоныя ніткі на шэрым лёне. Старадаўняя і новая тэхніка выцінанкі побач з карцінамі на шкле і драўлянымі пано, упрыгожаныя ў тэхніцы выпальвання. Яркія вышытыя сукенкі і набіваныя цацкі - ад сучасных лялек Тыльда да сімпатычнага цацачнага статка цялятак. У Столінскім раёне захоўваюць традыцыі ганчарства, а навучэнцы аб'яднання "Юны ганчар" дэманструюць прафесійны падыход і навыкі прымянення старажытных тэхналогій у сучасным свеце.

Падчас прэзентацыі рэгіянальнай выставы 3 лістапада культарганізатар Столінскага РЦДТ Гудная А. В. і навучэнцы вакальнай студыі "Музыкальная капель" (педагог Калавур А. В.) правялі канцэртна-гульнявую праграму. Навучэнкі Дульская Ганна і Арсяновіч Марыя выканалі песню “Гімн музыцы”, а ўдзельнікі ансамбля танца "Карамель" правялі флэш-моб "Наш край" (педагог Казеня А. В.).

Столінскі раённы (дырэктар - Л. М. Леанавец) і Давыд-Гарадоцкі (дырэктар – А. Я. Вандзіч) цэнтры дзіцячай творчасці атрымалі сертыфікаты ўдзельнікаў рэгіянальнай выставы.

Выстава будзе працаваць да 25 лістапада.

Абласны праект "Таленты зямлі Берасцейскай" пачаў работу з 2013 года. У яго рамках арганізоўваюцца выстаўкі дзіцячай творчасці з усіх раёнаў Брэсцкай вобласці з мэтай павышэння цікавасці да вывучэння народнай творчасці Брэстчыны, актывізацыі мастацкай дзейнасці навучэнцаў у разнастайных відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, развіцця дзіцячай мастацкай творчасці, выяўлення і падтрымкі таленавітых навучэнцаў і педагогаў.