ВЕДАЙ НАШЫХ!

31.10.2018
Вопыт рэспубліканскага ўзроўню

Падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу на лепшы аздараўленчы лагер. Рэалізаваны праект “Дарогамі малой радзімы” аўтараў Алены Міхайлаўны Шпігун і Русланы Віктараўны Котка ўзнагароджаны Дыпломам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у намінацыі “Новыя мадэлі арганізацыі дзіцячага адпачынку “Зробім лета ярчэй”.

Праект быў рэалізаваны на базе палатачнага лагера “Рабінзоны”, які сёлета аб’яднаў дзяцей з розных куточкаў раёна. Яшчэ адна асаблівасць лагера ў тым, што яго наведвалі дзеці з мнагадзетных, малазабяспечаных, няпоўных сем’яў ці тыя, каго адносяць да катэгорыі сацыяльнай рызыкі.

Мінулым летам гэта былі дзве змены, кожная з іх па 35 вучняў 12-16 гадоў. Адказны за правядзенне лагера – Цэнтр турызму і краязнаўства. Дырэктарам лагера быў Алег Леанідавіч Страха. Фінансаваўся лагер за коншт аддзела па адукацыі. Бацькоўскую даплату за наведванне лагера аплацілі спонсары.

За час аздараўлення дзеці пабывалі ў розных куточках раёна. У кожным з населеных пунктаў яны затрымліваліся два-тры дні, вывучалі навакольныя выдатнасці, знаёміліся з прыродай, а пасля зноў пераязджалі ў новае месца. Часцей за ўсё на начоўку спыняліся ў школах. Там жа і харчаваліся.

За тры тыдні наведвальнікі лагера пабывалі ў заказніку рэспубліканскага значэння “Альманскія балоты”, на страусінай ферме, у Цэнтры ганчарства, гідравузле “Стахава”, сядзібе Алешаў у Нова-Беражным, Столінскім краязнаўчым музеі, музеі этнаграфіі у Цераблічах, на Замкавай гары ў Давыд-Гарадку, у Кораб’і і ў іншых месцах.

З рабятамі праводзіліся трэнінгавыя заняткі, псіхалагічныя практыкумы, разбіралі заданні, практычныя сітуацыі. Лагер арганізоўваецца ўжо не першы год. І каля 30 працэнтаў дзяцей ужо чацвёрты год праводзяць свой летні адпачынак у ім, бо дзецям падабаецца, бо ім цікава.

Дзейнасць Алены Міхайлаўны Шпігун, якая працуе на базе Беражноўскай школы ад Цэнтра турызму і краязнаўства, з году ў год мае ўзнагароды рознага маштабу. Вучні школы наведваюць яе гурткі “Юны турыст” і “Турысты-краязнаўцы”. І літаральна кожныя два тыдні яны ладзяць паходы, паездкі як па наваколлі, так і ў больш дальнія куточкі Беларусі і не толькі. Напрыклад, у мінулым годзе яе выхаванцы пабывалі ў Сочы, дзе таксама вывучалі турыстычныя сцежкі. Праект па гэтым напрамку рыхтуецца.

У рамках конкурсу “Збяры Беларусь у сваім сэрцы” абследавалі Гомельскую вобласць – Добруш, Гомель, Рэчыцу. У праекце “Пазнаем Беларусь разам” праклалі маршрут “Беражное – Брэст – Мінск”, па якім ахапілі асноўныя выдатнасці. Ладзілі лыжны паход па мясцінах баявой славы.

Штогод Алена Міхайлаўна вывозіць сваіх гурткоўцаў на аздараўленне ў “Світанак”, дзе ёсць выдатная база для заняткаў турызмам. І там яны таксама абследуюць навакольныя населеныя пункты, шукаюць выдатнасці таго краю, плаваюць на байдарках, ездзяць у велапаходы.

Адзін з пастаянных маршрутаў, які падабаецца дзецям, - гэта паездка ў Лядовы палац у Лунінцы. Вось і на гэтым тыдні арганізуецца такі ж.

Толькі сёлета гуртковая дзейнасць педагога адзначана Дыпломам І ступені упраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама ў конкурсе арганізацыі летняга адпачынку “Зробім лета ярчэйшым – 2018”, Дыпломам ІІІ ступені ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама “Пазнай радзіму – выхавай сябе”. А цяпер у скарбонцы Алены Міхайлаўны яшчэ і рэспубліканская значная ўзнагарода, якая паказвае, што нашы педагогі могуць дастойна прэзентаваць свой перадавы вопыт і паказаць на ўсю краіну новыя мадэлі арганізацыі дзіцячага адпачынку.

Таццяна СЕГЕН

На здымку: Алена Міхайлаўна Шпігун з рэспубліканскай узнагародай.

Фота аўтара