Педагагічны оскар

08.10.2018

4 кастрычніка ў Альшанскім сельскім цэнтры культуры і вольнага часу прайшло раённае свята, прысвечанае Дню настаўніка. На яго прыехалі работнікі ўстаноў адукацыі, ветэраны, кіраўнікі служб, прадстаўнікі райвыканкама.

Са слова пра родны край, пра сваю малую радзіму пачалася святочная праграма.

Свята праходзіла ў форме “Педагагічны оскар”, на якім узнагародзілі лепшых з лепшых работнікаў сістэмы адукацыі.

Ад імя Столінскага раённага Савета дэпутатаў, раённага выканаўчага камітэта настаўнікаў вітаў старшыня райсавета дэпутатаў Аляксандр Мікалаевіч Ярашэвіч. Ён адзначыў, што педагогі – гэта майстры сваёй справы, творчыя людзі, якія аддаюць часцінку сябе з дня ў дзень, выхоўваючы вучняў.

Ён уручыў грамату раённага выканаўчага камітэта настаўніцы гісторыі СШ № 2 г. Століна Жанне Іосіфаўне Домніч, падзячныя лісты райвыканкама –- выхавальніцы Альшанскага ясляў-сада № 1 Галіне Мікалаеўне Мароз, загадчыцы Давыд-Гарадоцкага ясляў-сада Наталлі Юр’еўне Галавач.

Ганаровай граматай Міністэрства адукацы ўзнагароджаны настаўнік танцаў СШ № 2 г. Століна Іван Лукашавіч Лёгкі, настаўніца хіміі і біялогіі Фядорскай школы Ала Пятроўна Язубец. Граматай Міністэрства адукацыі - настаўніца музыкі СШ № 2 г. Століна Тамара Яўгенаўна Дзенісовіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Рубельскай СШ Любоў Іосіфаўна Ляшкевіч, настаўніца музыкі Столінскай гімназіі Галіна Аляксееўна Харавец.

Павіншавалі педагогаў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Іван Мікалаевіч Антановіч, начальнік аддзела па адукацыі Аляксандр Мікалаевіч Вячорка, старшыня Столінскага раённага райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Анатоль Капітонавіч Максімовіч. Старшыня Альшанскага сельскага выканаўчага камітэта Віктар Анатольевіч Гапко павіншаваў са святам настаўнікаў-аднавяскоўцаў, уручыў граматы і падарункі ад сельвыканкама кіраўнікам устаноў адукацыі, якія размешчаны на тэрыторыі Альшанскага сельвыканкама.

Асаблівыя словы падзякі, кветкі і бурныя апладысменты былі адрасаваны ў гэты дзень ветэранам педагічнай працы. А пасля быў сюрпрыз: ветэранаў на вальс “Осенние листья” запрасілі маладыя педагогі.

Вялікая педагагічная сям’я сёлета папоўнілася 33 маладымі спецыялістамі. Іх запрасілі на сцэну, уручылі наказ, якім яны павінны кіравацца ў сваім жыцці і рабоце.

А пасля выйшаў Час, ролю якога выканала Святлана Мікалаеўна Каляда. Яна запрасіла даць адказы на пытанні ветэрана педагічнай працы, былую настаўніцу Вялікамалешаўскай СШ Любоў Дзмітрыеўну Паўловіч. Любоў Дзмітрыеўна вельмі прыгожа, узнёсла гаварыла пра свой творчы шлях, пра педагогаў мінулага часу, якія сталі для яе настаўнікамі, пра работу з дзецьмі і любоў да іх. Ёй уручылі сімвал мудрасці і ведаў – саву. Далей на сцэну паднялася прадстаўніца сённяшняга пакалення педагогаў, настаўніца СШ № 1 аг. Альшаны Галіна Мікалаеўна Мазоль , якая прыняла сімвал мудрасці і ведаў. Трэцім прадстаўніком педагагічнай сям’і, які ўвасабляе маладое пакаленне, стала настаўніца замежнай мовы Беражноўскай СШ Іна Барысаўна Бабіч. Яна і атрымала сімвал мудрасці і ведаў, каб пакаленне маладых педагогаў несла яго па жыціі.

На працягу свята музычныя нумары дарылі выхаванцы Цэнтра дзіцячай творчасці г. Століна, выхаванцы і выкладчыкі Альшанскай музычнай школы,школы мастацтваў г. Давыд-Гарадка, Рамельскай СШ, педагог Веляміцкай СШ.

Таццяна СЕГЕН

Фота аўтара