Час выбраў нас

30.08.2018
ЖНІВЕНЬСКАЯ НАРАДА

          Жнівеньская пленарная нарада педагагічных работнікаў раёна “Выхаванне і адукацыя падрастаючага пакалення: вопыт, праблемы, перспектывы” прайшла 29 жніўня. Педагогі Століншчыны паставілі задачы на новы навучальны год.

 …Пляцоўка перад гарадскім Домам культуры ператварылася ў месца для пленеру юных мастакоў і выстаўку напрацовак дзіцячых садоў. За мальбертамі працавалі навучэнцы Цэнтра дзіцячай творчасці. У фае Дома культуры разгарнуліся выстаўкі перадавога вопыту педагогаў, так і творчых работ настаўнікаў, прысвечаных Году малой радзімы. Уражвалі букеты з агародніны і садавіны, выкладзеная карта Беларусі, на якой на месцы Столінскага раёна размясцілася сэрца, сцяг Беларусі з кветак, інсталяцыі беларускіх палеткаў, абшараў, вырабы прыкладнога мастацтва, беларускя хатка.


       … Адведзена месца і канкрэтным навукам:настаўнікі фізікі, хіміі і інфарматыкі прэзентавалі новае вучэбнае абсталяванне па сваіх прадметах.

           Гучыць вальс “Время выбрало вас – учительский вальс не кончается вечно”... Хлопцы і дзяўчаты ў бальных сукенках закружылі ў ім, паказваючы ўзнёсласць і важнасць работы педагога, яго адказнасць за лёс будучага пакалення.

          З замілаваннем слухала зала дашкольнікаў, якія ў непасрэднай для дашкольнікаў форме перадалі свае думкі наконт навучання, настаўнікаў, школьнага жыцця. Дзіцячая непасрэднасць нікога не пакінула раўнадушным:

-          Навошта настаўнікам кветкі?

-          Каб яны думалі, што ў іх свята….

      Святочны настрой створаны, але нарада – гэта час гаварыць пра важнае. У сваім дакладзе начальнік аддзела па адукацыі Аляксандр Мікалаевіч Вячорка звярнуў увагу на асноўныя дасягненні і праблемы ў сістэме. Актуальныя пытанні развіцця адукацыі ў нашай краіне на наступны навучальны год былі вызначаны на рэспубліканскай пленарнай нарадзе. На ёй Прэзідэнт краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка падкрэсліў, што педагогі павінны “… ісці ад жыцця, вырашаць тыя пытанні, якія ставіць жыццё”.

Асноўныя намаганні аддзела па адукацыі ў мінулым годзе былі накіраваны на забеспячэнне ўстойлівага функцыянавання сферы, стварэнне бяспечных умоў знаходжання дзяцей ва ўстановах адукацыі, падрыхтоўку мерапрыемстваў, прысвечаных Году малой радзімы.

       Выхаваўчая работа ў раёне выконвалася ў рамках Комплекснай праграмы бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнцаў. Раённая праграма адзначана ў вобласці дыпломам І ступені.

      Вялікая работа ў сістэме адукацыі праводзіцца з грамадскімі арганізацыямі. Асабліва цесна склаліся адносіны з БРСМ і БРПА. Валанцёрскі рух працягвае назапашаныя традыцыі і ідзе ў нагу з часам. Шэраг перамог нашых вучняў, пастаянны ўдзел у самых розных мерапрыемствах ад раённага да рэспубліканскага ўзроўняў гавораць, што гэтая работа ім падабаецца, што яны зацікаўлены ў тым, каб дапамагаць тым, хто ў гэтым мае патрэбу, ствараць дабро і радасць акружаючым і самім сабе.

        Разам з фарміраваннем навыкаў здаровага ладу жыцця ва ўстановах адукацыі наладжана работа і па аздараўленні дзяцей. У мінулым годзе аздароўлена 83 працэнты дзяцей ад агульнай колькасці навучэнцаў.

       Ёсць значныя перамогі ў алімпіядным руху на рэспубліканскім узроўні. Але ні ў якім разе на гэтым спыняцца нельга, бо ў цэлым колькасць дзяцей, якія даходзяць да абласнога этапу, можна павялічыць менавіта якасцю ведаў.

        Ёсць над чым працаваць у напрамку падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання. Хаця і ёсць зрух з перадапошняга месца ў разрэзе ўсіх раёнаў Брэстчыны, але гэты паказчык патрэбна паляпшаць. Таму вырашэнне праблемы бачыцца ў адкрыцці на базе кожнай з сярэдніх школ груп па падрыхтоўцы да ЦТ, выкарыстанне патэнцыялу факультатыўных заняткаў і платных адукацыйных паслуг.

     Што тычыцца адукацыі педагагічных работнікаў, то 94,8 працэнта маюць вышэйшую адукацыю. Але на тое, каб павышаць і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, ідуць вельмі няўпэўнена. Першую катэгорыю маюць 329 чалавек, яны ж маглі б мець і вышэйшую катэгорыю, але недастаткова выражаюць жаданне на здачу кваліфікацыйнага экзамена. А гэта магло б даць ім не толькі павышэнне прафесійных ведаў, якія набылі б у ходзе падрыхтоўкі, а і надбаўку да заработнай платы.

        Дырэктар Стружскай СШ Міхаіл Рыгоравіч Дзенісовіч у сваім выступленні спыніўся на развіцці прафесійнага майстэрства як рэсурсу павышэння якасці адукацыі. Ён гаварыў аб ролі сучаснага настаўніка, яго задачах. З пункту гледжання кіраўніка адзначыў, што ва ўстанове патрэбна стварыць умовы, у якіх настаўнік адчуе неабходнасць росту. У Стружскай школе рэалізуецца інавацыйны праект , працуе творчая група настаўнікаў “Інавацыя”. Новая мадэль – дзейсны інструмент для павышэння якасці адукацыі, прафесійнага росту педагогаў.

      Поспех у школе – гэта не заўжды поспех за яе сценамі, у дарослым жыцці. Пра гэта гаварыла намеснік дырэктара па навучальнай рабоце СШ № 3 г. Століна Наталія Васільеўна Савончык. У школе стварылі мадэль кампетэнтнага вучня. Пакаленне Z мае пэўныя адметнасці, якія проста немагчыма не ўлічваць у выхаваўчым і адукацыйным працэсе. Вучыць новае пакаленне вучняў па-новаму да гэтага і імкнуцца настаўнікі школы.

   У рамках Года малой радзімы на Століншчыне прайшло шмат цікавых і карысных мерапрыемстваў. Сярод іх інавацыйны праект “Укараненне мадэлі вусна-гістарычных даследаванняў роднага краю як сродак развіцця сацыяльна-грамадзянскай кампетэнцыі навучэнцаў”, які рэалізаваны на базе Лядзецкага вучэбна-педагагічнага комплексу яслі-сад – СШ, СШ №2 г. Давыд-Гарадка і Рамельскай СШ. Тры гады калектывы школ працавалі па ім. Справаздачу аб праекце трымалі дырэктары, педагогі і вучні гэтых школ.

         Грунтоўным і змястоўным было выступленне старшыні Столінскага райвыканкама Рыгора Васільевіча Пратасавіцкага. А пачаў ён яго з падзякі работнікам навучальна-метадычнага кабінета, якія з году ў год на цудоўным узроўні арганізуюць пленарную нараду, улічваючы ўсе штогоднія адметнасці сістэмы адукацыі Століншчыны.

         -Калі ў сістэме працуюць нераўнадушныя, творчыя людзі, то сістэма развіваецца, ідзе ў нагу з часам, - адзначыў старшыня. – Самае дарагое, што ёсць у нас, – гэта нашы дзеці, самае каштоўнае – іх здароўе. Таму гэта ў прыярытэце не толькі сістэмы адукацыі, а і кіраўніцтва раёна. Важна, каб дарослыя з-за сваёй няўважлівасці не згубілі, а змаглі ўбачыць зерне таленту дзіцяці.

Галоўная задача сістэмы адукацыі – даць веды. Зараз адказнасць за вучобу і за выхаванне перакладаецца на плечы школ, дзіцячых садкоў. Але выхаванне ў першую чаргу павінна быць адказнасцю бацькоў.

          Тыя дасягненні, якія ўжо ёсць, знаходзяцца ў скарбніцы сістэмы. А вось да недапрацовак трэба падыходзіць больш пільна. Тое, што па выніках ЦТ раён знаходзіцца на 17 пазіцыі, засмучае. Сярэдні бал атэстата 7,6 – гэта таксама пункт для роздуму. 35 працэнтаў дзяцей паступаюць у ВНУ – добра ці дрэнна?

          Гаварыў старшыня аб тым, што настаўнікаў турбуе пытанне падняцця заработнай платы, але самі не імкнуцца да гэтага. Не здаюць экзамен на павышэнне катэгорыі, а гэта хоць і не вялікая, але ўсё ж надбаўка да заробку.

           Прыкладна 50 працэнтаў раённага бюджэту ідзе на фінансаванне сістэмы адукацыі. Калі лагічна меркаваць, то той, хто фінансуе, – можа і спытаць: наколькі граматна размяркоўваюцца гэтыя сродкі?

        Рыгор Васільевіч задаў шмат вострых пытанняў, папрасіў настаўнікаў актыўней уключацца ў адукацыйны працэс, думаць і вырашаць разам усе праблемы.

      Між тым паабяцаў, што ў бліжэйшы час будуць вырашаць набалелыя матэрыяльныя пытанні. Зараз дзве ўстановы адукацыі маюць праблему з дахам. Есць пытанні па камп’ютарных класах, дзе стаіць абсталяванне, якому ўжо больш за 10 гадоў. Гэтыя і многія іншыя праблемы знаходзяцца пад пільным кантролем кіраўніцтва раёна.

      Закончыў сваё выступленне старшыня віншаваннямі і ўзнагародай лепшых педагагаў Століншчыны Ганаровымі граматамі раённага выканаўчага камітэта.

    Ганаровымі граматамі і падзячнымі лістамі раённага Савета дэпутатаў настаўнікаў узнагародзіў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Мікалаевія Ярашэвіч.

                Граматамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, аддзела па адукацыі лепшых з лепшых узнагародзіў Аляксандр Мікалаевіч Вячорка. Ад імя Столінскага райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі віншаваў настаўнікаў старшыня арганізацыі Анатоль Капітонавіч Максімовіч.

                Па традыцыі віталі і кіраўнікоў устаноў, якія не адзін год стаялі ля руля педагагічнага працэсу. Гэта цяпер ужо былыя дырэктар Альпенскай БШ Валянціна Мікалаеўна Кананчук і загадчык Веляміцкага ясляў-сада Вера Іванаўна Бруцкая.

               Да спадобы ўсім была і святочная праграма, якую падрыхтавалі педагогі ўстаноў раёна. Музычныя нумары выканалі Дзіяна Рудзяк, Наталія Кананчук, Сняжана Кісель, Ганна Котка. Прыемныя музычныя нумары падаравалі прысутным вучні СШ №3 г.Століна (кіраўнік Анжэліка Калаур).

                Як звычайна, для педагогаў настаў важны і адказны час. І ўжо заўтра пачынаецца новы этап у жыцці ўсіх устаноў адукацыі. І ён павінен прынесці максімум ведаў, карысці, стаць паспяховым для нашых дзяцей.

Таццяна СЕГЕН