Шчаслівай дарогі, выпускнікі !

15.06.2018

Традыцыйны баль выпускнікоў у Століне збірае не толькі віноўнікаў урачыстасці, настаўнікаў, бацькоў. На вуліцу Савецкую і плошчу Леніна прыходзяць родныя, сябры, знаёмыя і ўвогуле гараджане, каб акунуцца ў атмасферу юнацтва, грацыі і прыгажосці.


Святочным шэсцем у суправаджэнні аркестра Пінскай пагранічнай заставы выпускнікі трох устаноў адукацыі райцэнтра прайшлі па вуліцы Савецкай – ад памятнага знака “Вызваленне” да плошчы Леніна. Ва ўрачыстай калоне, упрыгожанай сімволікай і паветранымі шарамі, крочылі адміністрацыя школ і класныя кіраўнікі.
Сёлета пуцёўку ў самастойнае жыццё атрымаў 31 навучэнец гімназіі, 34 юнакі і дзяўчаты сярэдняй школы № 2 і 47 навучэнцаў сярэдняй школы № 3.
Гасцей свята прывітаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі. Асаблівыя словы ён адрасаваў віноўнікам урачыстасці – выпускнікам, якім ствараць будучыню сваю і сваёй Айчыны.
Права ўзняць Дзяржаўны сцяг былі ўдастоены лепшыя навучэнцы – Арцём Бандарчук з гімназіі, Джэсіка Козел з сярэдняй школы № 2 і Дар’я Ласацкая з сярэдняй школы № 3. Кіраўніцтвам раёна і выпускнікамі ўскладзены кветкі да брацкай магілы загінуўшых у Вялікай Айчыннай вайне як даніна памяці і павагі выпускнікам 1941 года, тым, хто пайшоў на фронт адразу з-за школьнай парты.


Самы ўрачысты момант – ушанаванне лепшых выпускнікоў горада. Яны сваім розумам і сваёй працай зарабілі першыя ўзнагароды. Залатыя медалі старшыня райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі ўручыў Арыне Мышапуд, Ганне Бурда і Вікторыі Галабурда з гімназіі; Кацярыне Ракалавай і Джэсіцы Козел з сярэдняй школы № 2; Дар’і Ласацкай, Настассі Моўчун, Крысціне Сень, Дар’і Шыла і Ільі Яхнаўцу з сярэдняй школы № 3. На трыбуну медалісты падымаліся разам з бацькамі, якія за добрае выхаванне дзяцей атрымалі Падзячныя лісты раённага выканаўчага камітэта і кветкі.
У цырымоніі ўзнагароджання таксама прынялі ўдзел начальнік аддзела па адукацыі Аляксандр Вячорка, начальнік аддзела культуры Васіль Заруба, першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Вадзім Заруба і загадчык сектара спорту і турызму Васіль Мялешын.
За дасягнутыя поспехі ў вучобе і актыўны ўдзел у жыцці ўстаноў адукацыі Ганаровымі граматамі аддзела па адукацыі ўзнагароджаны выпускнікі гімназіі Андрэй Шабунька і Кацярына Каржоўнік, сярэдняй школы № 2 – Яніна Савашынская і Дар’я Кушнер, а таксама Міхаіл Вандзіч з сярэдняй школы № 3.

 Падзячнымі лістамі за актыўны ўдзел у арганізацыі грамадска-масавых і культурных мерапрыемстваў адзначаны Марыя Квятко, Настасся Апановіч, Уладзіслаў Жалянгоўскі, Марыя Максімовіч, Раман Юнкевіч.

За асабісты ўклад у рэалізацыю маладзёжнай палітыкі Падзячнымі лістамі ўшанаваны Крысціна Дабрынец, Марыя Вячорка, Аліна Рэдкая, Кірыл Сімановіч, Дзяніс Бараноўскі і Дзмітрый Хлебавец.
Дыпломамі за актыўны ўдзел у спартыўным жыцці раёна ўзнагароджаны Захар Баранаў, Дзмітрый Свірскі, Мікалай Мельнік, Аляксандр Пешка, Мікіта Расько і Іван Шыла.
Са знамянальнай падзеяй у жыцці выпускнікоў павіншавалі класны кіраўнік 11 «Б» класа сярэдняй школы № 3 г. Століна Сяргей Васільевіч Дзенісовіч, ад імя бацькоў – Наталля Паўлаўна Мышапуд, ад імя выпускнікоў – Кацярына Ракалава.
Усе выступаючыя жадалі знайсці сябе ў прафесіі, упэўнена крочыць па жыцці, не забываць сваіх настаўнікаў і малую радзіму, быць шчаслівымі.
Удзельнікі выпускнога балю кружыліся ў апошнім школьным вальсе і выпусцілі ў неба паветраныя шары як сімвал запаветных мараў, якія паляцелі насустрач будучыні. Шчаслівай дарогі, юнакі і дзяўчаты! Няхай здзейсніцца ўсё задуманае!
Для прысутных свае канцэртныя нумары паказалі эстрадныя выканаўцы Аляксей Будзько, Сяргей Кудласевіч, Аляксандр Юрчук, Аляксандр Несцяровіч, Анжаліка Калавур і Раман Юнкевіч, Аляксандра Бруцкая, Вікторыя Тарасевіч, узорны танцавальны ансамбль «Карагод», заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь інструментальны ансамбль “Брыз”. А для выпускнікоў свята працягнулася ў навучальных установах, дзе ім уручылі атэстаты сталасці і адкуль яны пайшлі сустракаць світанне дарослага жыцця.

Галіна ГАШЧУК

Фота аўтара