Віват, фестываль!

20.04.2018

“Родныя гукі…З гукаў –родныя словы…Са слоў –песьні, казкі, паэмы, драмы жыцця, Радзіма, Народ…”, – гэтае трапнае выказванне Ніла Гілевіча знайшло сваё адлюстраванне ў раённым фестывалі фальклорнай творчасці “У дыханні тваім нашых продкаў вяртанне”, які прайшоў намедні, менавіта 16 красавіка. Фестываль  сабраў вучняў і настаўнікаў з 22 устаноў адукацыі  ў сярэдняй школе №2 г.Століна. Арганізатарам фестывалю выступіў  Столінскі раённы вучэбна-метадычны кабінет.

     Удзел у фестывалі  ў Год малой радзімы дазволіў здзейсніць погляд з дзяцінства  ў мінулае. Удзельнікі фестывалю і гледачы мелі цудоўную магчымасць яшчэ раз дакрануцца да самабытнай культуры нашай любай Століншчыны.

На фестывалі адбыўся дыялог беларускай рэгіянальнай культуры паміж рознымі пакаленнямі, які быў прадстаўлены музычнымі нумарамі, абрадавымі песнямі, беларускімі гульнямі і забавамі, фальклорнымі спевамі і танцамі. Прыемна ўразіла тое, што рэпертуар фальклорных калектываў складаўся з старадаўніх рознажанравых нумароў.

Найбольш каларытна  паказалі абрад “Гуканне вясны” вучні Альшанскай сярэдняй школы №2,  забавы на Купалле паказала фальклорнае аб’яднанне “Калінка” вучняў Харомскага ВПК яслі-сад –сярэдняй школы, вучні Рухчанскага  ВПК яслі-сад –сярэдняй школы паказалі абрад “Ваджэнне куста”, Лядзецкага ВПК яслі-сад –сярэдняй школы – свята “Юр’е”.

Сардэчна і напеўна гучалі народныя песні  ў выкананні вучняў Мачульскай базавай школы, Столінскай дзяржаўнай гімназіі, Фядорскай, Вялікамалешаўскай, Беражноўскай сярэдніх школ, сярэдняй школы №3 р.п.Рэчыца. Зачаравалі гледачоў фальклорнымі танцамі вучні Рамельскай сярэдняй школы і сярэдняй школы №2 г.Століна.

       Вучні Гараднянскага ВПК яслі-сад – сярэдняй школы прадэманстравалі два аўтэнтычныя касцюмы позняга перыяду. 

       А ў суседнім пакоі працавала беларуская кухня. І якіх прысмакаў тут толькі не было! І рубельскія галдуны, асаўская верашчака і клёцкі ў малацэ, вялікамалешаўскія пампушкі, відзіборскае вэнджанае сала, веляміцкі квас, варанёўская пелютковая капуста, стружская бульбяная  каўбаса, белавушскія крышаны. Прадстаўнікі ад кожнай установы адукацыі дзяліліся сакрэтамі прыгатавання бабуліных страў і напаміналі, на якое свята гэтыя прысмакі неабходна гатаваць. Падкрэслівалася тая адметнасць, што ўсё гэта здаровае харчаванне, без усялякіх  заморскіх прыпраў, якімі так захапляюцца сучасныя гаспадыні.

   На фестывалі працаваў Горад майстроў. Вучні  з 6  устаноў адукацыі прадстаўлялі мясцовыя рамёствы. Вышыўкі крыжыкам, макаткі трох  пакаленняў – прабабулі, бабулі і свае прадэманстравалі вучні сярэдняй школы №1 г. Давыд-Гарадка. У Альгомельскім ВПК яслі-сад –сярэдняй школе створаны куток ткацтва. І так як там размяшчаецца кросны, кудзеля для прання нітак,  то вучні  навучыліся самі ткаць палатно, рабіць ператыканне ўзораў.  Якраз на фестывалі яны і паказалі вырабы, створаныя сваімі рукамі. Вось тут сапраўды ёсць чаму пазайздросціць! Вучні гуртка “Умелыя рукі” Арлоўскай сярэдняй школы перанялі ад сваіх бабуль вышыванне крыжыкам і на сучасны час з задавальненнем вышываюць пейзажы роднай вёскі. Вясковыя пейзажы малююць вучні Плотніцкай сярэдняй школы. Вучні гуртка тэхнічнай працы і рукадзелля сярэдняй школы №3 р.п. Рэчыца прадэманстравалі кампазіцыю “Гарынскі хутарок” з сімвалічнымі бусламі і абрадавымі лялькамі. Хатнія вырабы ткацтва і вышыўкі прадставілі вучні сярэдняй школы №2 р.п.Рэчыца.

         Сцвярджаюць, што фальклор з’яўляецца адным з найбольш моцных фактараў этнічнага самавыражэння беларусаў і важнейшай часткай нацыянальнай  народнай культуры.  Уся прадстаўленая на фестывалі фальклорная творчасць  дае ўпэўненасць у тым, што набыткі нашых продкаў і надалей будуць перадавацца з пакалення ў пакаленне. А ў выступленнях вучняў адчуваўся гонар за нашу багатую спадчыну, культуру, здабыткі продкаў і надзея на тое, што новае пакаленне беларусаў будзе ўсё гэта берагчы і  памнажаць.

Марчанка Валянціна Васільеўна,   

метадыст Столінскага РВМК