Адкрытыя міжрэгіянальныя майстар-класы на Століншчыне

13.04.2018

У рамках Года малой радзімы Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі выступіў  ініцыятарам правядзення адкрытых міжрэгіянальных майстар-класаў педагогаў дадатковай адукацыі  “Абрадавая атрыбутыка і народная лялька ў святочнай культуры беларусаў” (веснавы святочна-абрадавы цыкл)у межах рэспубліканскага мастацка-адукацыйнага праекта “Беларускае мастацтва і дзеці” па накірунках народнай творчасці: дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, музычны фальклор.

 4 красавіка на базе Столінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці арганізавалі сумесны творчы праект “Вывучэнне вясенніх народных традыцый Століншчыны”. У мерапрыемстве   ўдзельнічалі настаўнікі раёна, якія выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці музычны фальклор ці дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, і педагогі з Брэста, Лунінца, Пінска, Іванава і Жабінкі.

Дэкаратыўна-прыкладная творчасць з’яўляецца самым распаўсюджаным кірункам дзейнасці ва ўстанове дадатковай адукацыі, дзе педагогі–творцы ўжо больш  за 70 гадоў дзеляцца вопытам з іншымі і перадаюць сваё майстэрства выхаванцам.

Педагог дадатковай адукацыі, кіраўнік узорнай студыі народных промыслаў “Вышыванка” Валянціна Мікалаеўна Лёгкая настроіла гасцей на станоўчы лад. У актавай зале гучалі беларускія народныя песні. Усё памяшканне было аформлена ў нацыянальным стылі. Спецыяльна да сустрэчы была арганізавана выстаўка работ удзельнікаў студыі “Вышыванка” і яе кіраўніка.

Валянціна Лёгкая звярнулася да тэмы “Народная лялька ў традыцыйным рэгіянальным касцюме і яе ўдзел у абрадзе “Гуканне вясны”. Яна расказала, як з дапамогай нітак, іголкі і іншых прыстасаванняў можна навучыць дзяцей тварыць цуды, паступова прывучаючы іх да народных традыцый, абрадаў, знаёмячы іх з вуснай народнай творчасцю і г. д. Самае галоўнае, што на занятках студыі дзеці пачынаюць разумець мінулае, культуру нашых  прадзедаў і паступова вывучаць тое народнае багацце, якое звязвае нас, нашчадкаў, з нашымі далёкімі продкамі.  Свае выказванні Валянціна Мікалаеўна падмацоўвала прыкладамі. Яна правяла паказ народных строяў розных населеных пунктаў раёна. Педагог расказала, як удзельнікі студыі адшукваюць вышываную кашулю і здымаюць з яе ўзоры, а пасля рыхтуюць аўтэнтычны выраб. Выхаванцы студыі паказалі прысутным убранні, што характэрны для Церабліч, Хатомеля, Кароціч і свае аналагі. Да таго ж у “студыйцаў” ёсць аналагічная лялька, якая з‘яўляецца прататыпам убачанага народнага строю. З яе дапамогай кіраўнік з навучэнцамі вывучаюць абрады свайго рэгіёна. У час правядзення майстар-класа дэтальна быў разгледжаны абрад “Гуканне вясны”, галоўнай атрыбутыкай якога з’яўляецца дрэва, упрыгожанае рознакаляровымі стужкамі, птушкамі і абрадавымі лялькамі “Марцінічкамі”.

 Захапіў прысутных сам майстар-клас, у час якога пад кіраўніцтвам Валянціны Мікалаеўны госці спрабавалі самастойна зрабіць лялькі і апрануць іх у кашулі, аздобленыя нацыянальным арнаментам.

Далей удзельнікаў мерапрыемства гасцінна сустрэлі ў сярэдняй школе № 2 г. Століна.  Склалася ўражанне, што прысутныя апынуліся ў мінулым, дзе нашы дзяды і прадзеды традыцыйна вадзілі карагоды, спявалі народныя песні (у дадзеным выпадку  - гэта вясенні цыкл) і весяліліся ў часмасавых  гульняў і забаў, што збіралі ўсіх жадаючых на гульнёвы падворак.  Педагог сярэдняй школы № 2 г. Століна, кіраўнік узорнага ансамблю народнай песні “Весялінка” Тамара Яўгенаўна Дзенісовіч правяла майстар-клас па народных спевах “Вясеннія абрады Столінскага рэгіёна”. Навучэнцы ўстановы разам з педагогам прадэманстравалі, як раней вясну гукалі, ды так яскрава і мілагучна, што ніхто з гасцей не змог застацца абыякавым да гэтай дзеі.   Педагогі далучыліся да вясенняга абрадавага цыкла, развучылі песню і разам выканалі яе.

 Не абышлося і без майстар-класа па харэаграфіі «Рэгіянальныяі бытавыя танцы Століншчыны», які правёў педагог сярэдняй школы  № 2 г. Століна,  кіраўнік узорнага ансамблю фальклорнага танца “Палескія плясуны”  Іван Лукашавіч Лёгкі. Спачатку Іван Лукашавіч падзяліўся вопытам, як  ён запісваўтанцы ў вёсках Століншчыны, а ўдзельнікі калектыву прадэманстравалі некалькі абрадавых танцаў. Госці з задавальненнем скакалі нашу лядзецкую полечку і падыспань, удзельнічалі ў гульнях, адчулі подых мінулага беларускага Палесся.

Метадыст Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства  дзяцей і моладзі Таццяна Мікалаеўна Крыльчук  адзначыла, што мерапрыемства прайшло на высокім узроўні і падзякавала яго арганізатарам за такія цікавыя і змястоўныя майстар-класы.

Не пакінулі госці наш столінскі край без памятных сувеніраў, што яшчэ доўга ім будуць нагадваць пра наш быт, звычаі і гасціннасць.