“Сёння ў нашай хаце свята”

01.03.2018

       

 Словы са знакамітай песні беларускага гурта “Сябры” найлепш падыходзяць да падзеі, што адбывалася ў сярэдняй школе № 1 аграгарадка Альшаны на мінулым тыдні. Тут упершыню праходзіла такое маштабнае мерапрыемства  Кірмаш педагагагічных ідэй "Воспитательная работа в системе современной информационной среды". У Альшаны з’ехаліся педагогі і намеснікі кіраўнікоў  па выхаваўчай рабоце з навучальных устаноў Пінскага, Іванаўскага, Жыткавічскага і нашага раёнаў – усяго больш за 90 гасцей.

          У школе адказна падышлі да  падрыхтоўкі дадзенага мерапрыемства.  Дырэктар школы Міхаіл Ільіч Лемяза назваў вялікім гонарам правядзенне кірмашу менавіта ў іх школе. Удзельнікаў кірмашу   сустракалі вучні школы пад кіраўніцтвам настаўніка музыкі Аляксея Фёдаравіча Седляра. Музычныя нумары былі на тэму  гукання вясны, таму  ўсе атрымалі радасны вясновы настрой на прадуктыўную працу.

         З прывітальным словам выступіў начальнік аддзела адукацыі,  спорту і турызму  Аляксандр Мікалаевіч Вячорка, які пазнаёміў прысутных з сістэмай адукацыі  раёна, тымі дасягненнямі, які маюцца ў раёне і праблемамі, над вырашэннем якіх працуюць педагагічныя калектывы раёна. Ён пажадаў усім удзельнікам кірмашу плённай працы, цікавага і карыснага дня.   Пасля гэтага разгарнулася галоўная падзея кірмашу – удзельнікі прадставілі свой эфектыўны вопыт выхаваўчай работы на  прыстэндавых прэзентацыях.

          Шчыра скажу, што спачатку здзівілася, як можна прадаваць ідэі. Аказваецца, можна. Праўда, у гэтым выпадку больш падыходзіць не продаж, а абмен педагагічнымі ідэямі. А вось тое, наколькі ажыўлена ішоў гэты абмен, нагадвала сапраўдны кірмаш. Кожны імкнуўся і сябе паказаць, і на іншых паглядзець. Усяго было прадстаўлена 15 з нашага і 10 прэзентацый з іншых раёнаў.

         Напрыклад, Вольга Васільеўна Трэпачка,  намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Малоткавіцкай сярэдняй школы,  расказала  пра стварэнне класаў прававой накіраванасці, як кампанент прафесійнай арыентацыі ў сельскіх школах, так як дзеці, які вучацца ў гэтым класе,  часцей выбіраюць прафесіі юрыста, адваката, міліцыянера.

           Іван Іванавіч Леўкавец, ураджэнец нашага раёна -   вёскі Глінка, але ўжо чатыры гады працуе настаўнікам фізічнага выхавання і здароўя ў Охаўскай сярэдняй школе Пінскага раёна, у якой вучацца ўсяго 67 чалавек. На кірмаш  ён прывёз стэнд,  на якім была прадстаўлена дзейнасць школьнага аднайменнага спартыўнага клуба. Амаль тыдзень таму скончыліся Алімпійская гульні ў Пхёнчхане, а  ў школе не забываюць пра алімпійскі рух.

         Пра мерапрыемствы ў шосты школьны дзень расказала педагог сацыяльны Гарадзішчанскай сярэдняй школы Людміла Канстанцінаўна Балук. Выкарыстанне метада кругавой трэніроўкі на ўроках фізічнага выхавання, як адной з форм адукацыі і выхавання,  прызентаваў настаўнік Жыдчанскай сярэдняй школы Пінскага раёна Юрый Арцёмавіч Аврамчук. Дарэчы, таксама выхадзец з нашага раёна – вёскі Радчыцк.

         Шматлікімі і цікавымі былі прэзентацыі і нашых настаўнікаў. Праект па прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў сярод непаўналетніх пад назвай “Заўтра пачынаецца сёння” прадставіла намеснік дырэктра па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы  №2 г. Давыд-Гарадка  Юлія Васільеўна Казуля і класны кіраўнік гэтай школы Куст Людміла Мікалаеўна. Сняжана Пятроўна Кісель, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, расказала пра піянерскі рух у Асаўской сярэдняй школе. У школе імкнуцца захаваць піянерскія традыцыі, і піянеры з адказнасцю адносяцца да піянерскіх спраў, так як  быць піянерам вельмі ганарова, дадае педагог.

         Не менш цікава  праходзілі  і майстар-класы, які сабралі зацікаўленных  па абраных кожным удзельнікам выхаваўчых накірункаў. Майстар-класы праводзілі педагогі: Новік Наталля Анатольеўна, класны кіраўнік Столінскай дзяржаўнай гімназіі, Белавус Ірына Аляксандраўна, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Белавушскай сярэдняй школы, Строк Вольга Аркадзьеўна, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Стружскай сярэдняй школы, Мазоль Іна Аляксандраўна, дырэктар Хатамельскай сярэдняй школы.

         Практычную накіраванасць мелі майстар-класы, якія  праводзілі педагог-псіхолаг Малоткавіцкай сярэдняй школы Вольга Станіславаўна Літвінчук па тэхналогіі “TheWorldCafe” “Сучаснасць, прафесіяналізм, поспех” і педагог дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці і моладзі Пінскага раёна Наталля Васільеўна Марковіч пра  сучасныя накірункі ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве “Фоаміран”.

         На кірмашы працаваў Горад майстроў, які прадстаўлялі цэнтры дзіцячай творчасці г. Давыд-Гарадка і г. Століна. Педагогі дадатковай адукацыі гэтых устаноў  Іна Мікалаеўна Петрусевіч і Валянціна Мікалаеўна Лёгкая  падзяліліся вопытам    стварэння народных лялек сваімі рукамі і расказалі пра гісторыю ўзнікнення кожнай з іх. Тут жа  была прадстаўлена маштабная  выстава работ гурткоўцаў, настаўнікаў Альшанскай сярэдняй школы №1.

         Настаўнік матэматыкі Церабліцкай сярэдняй школы Міхаіл Іосіфавіч Наскевіч пазнаёміў прысутных са старыжытным відам сучаснага пчалярства – бортніцтвам. І як бонус – дэгустацыя мёду прама ў сотах.

         На падвядзенне вынікаў  кірмашу ўсе госці зноў сабраліся ў актавай зале.  На сцэну падымаліся загадчыкі вучэбна-метадычных  кабінетаў  Пінскага і Іванаўскага раёнаў і дзяліліся прыемнымі ўражаннямі ад наведвання  метадычнага кірмашу. Загадчык Столінскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Валянціна Аляксандраўна Грэчка ўручыла Падзячныя пісьмы адміністрацыі Альшанскай сярэдняй школы №1 і начальнікам аддзелаў адукацыі, спорту і турызму Пінскага і Іванаўскага раёнаў за садзейнічанне ў  арганізацыі і правядзенні кірмашу на Століншчыне. Дыпломы  Столінскага аддзела адукацыі, спорту і турызму былі ўручаны педагогам, якія давалі майстар-класы. Усе ўдзельнікі кірмашу атрымалі сертыфікаты ўдзельнікаў.

         Асобныя словы падзякі гучалі ў адрас гаспадароў Альшанскай сярэдняй школы №1:  намеснікаў  дырэктара па выхаваўчай і вучэбнай рабоце  Ірыны Мікалаеўны Багатка, Анастасіі Максімаўны Гарчаковай і Дзіяны Леанідаўны Рудзяк. Якая, дарэчы, аказалася яшчэ і цудоўнай спявачкай. Песні ў яе выкананні “Рэха жураўлінае” і “Белая Русь” сталі ўрачыстым  завяршэннем кірмашу. Цудоўным канцэртам парадавалі прысутных і вучні школы.  І як на сапраўдным кірмашы,  гасцям  быў прапанаваны салодкі стол. Якіх прысмакаў там толькі не было? Відавочна, што ў гэтым  пастараліся і здзівілі гасцей і бацькі вучняў.

         На падвядзенне вынікаў удзельнікі кірмашу падзяліліся сваімі водгукамі: “Все прошло замечательно. Очень интересно, много положительных эмоций!”, “С собой  в г. Туров увозим вашу доброту, отзывчивость, тепло ваших сердец!”, “Приезжайте со своими идеями в г.Иваново!”, “ Желаем продолжить практику проведения ярмарки!”, “ С собой увозим вагон опыта!”, “Всё класс!!!”, “Обязательно всё будем использовать, внедрять у себя в школе”, “ Спасибо за интересные идеи!”, “Ярмарка должна стать традиционной!!!”, “До встречи, Ярмарка!”.

 

Да новых сустрэч!

Ганна Мельнік

Фота аўтара