У будучыню – з усмешкай!

26.01.2018

Менавіта так гучала тэма раённага фестывалю школьных каманд  Клуба вясёлых і знаходлівых, які прайшоў 20 студзеня ў актавай зале Столінскай дзяржаўнай гімназіі.

На фестываль прыехалі каманды КВЗ з дзевяці ўстаноў адукацыі. Удзельнікаў фестывалю і гасцей у зале вітала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Алена Мікалаеўна Максімовіч.

Па ўмовах гульні каманды прадстаўлялі на суд журы і гледачоў прывітанне-візітоўку “Добры дзень, гэта мы!” да 10 хвілін выступлення.

Каб ацаніць змест выступленняў, гумар, арыгінальнасць і тэхніку выканання, здольнасць да імправізацыі, музычнае і мастацкае афармленне, стыль каманды, было створана журы. У яго ўвайшлі галоўныя спецыялісты аддзела адукацыі, спорту і турызму А. М. Максімовіч і А. В. Вабішчэвіч, дырэктар раённага Цэнтра дзіцячай творчасці Л. М. Леанавец, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС С. С. Вячорка і першы сакратар райкама ГА “БРСМ” В. В. Заруба.

Праслухаўшы ўсе жарты, журы паставіла адзнакі за кожнае выступленне і адзначыла ўсе каманды дыпломамі аддзела адукацыі, спорту і турызму. У намінацыі “Лепшая акцёрская гульня” – каманда “Палата № 3” сярэдняй школы № 3 р. п. Рэчыца (кіраўнік Касцюк Я. М., капітан Уладзіслаў Бык), “Містэр КВЗ” –  “Дэманы” сярэдняй школы № 2 г. Століна (кіраўнік Кананчук Н. М., капітан Арцём Шаламіцкі), “Самая дынамічная каманда” – ”Пятніца, 13” сярэдняй школы № 2 г. Давыд-Гарадка (кіраўнік Ракала У. В., капітан Данііл Бясан), “Лепшы жарт”– “Чырвоныя перцы” Столінскай гімназіі (кіраўнік Скрабец Д. М., капітан Вольга Леанавец), “Камандны дух” – “Рапапам” Глінкаўскай (кіраўнік Язубец А. В., капітан Ганна Ракала), “Самая музычная каманда” – “Вадэвіль” Стружскай (кіраўнік Александроў М. А., капітан Яўген Клімовіч), “Аўтарская творчасць” –  “Максімум” Веляміцкай (кіраўнік Пішчык Т. Ф., капітан Паліна Слуцкая) сярэдніх школ і “Лепшая імправізацыя” – “Комарята” Харомскага ВПК яслі-сад сярэдняя школа (кіраўнік Чурыловіч Н. С., капітан Марына Каральчук).  А пераможцай фестывалю прызнана каманда “ВЭМСОГ” сярэдняй школы № 1 г. Давыд-Гарадка (кіраўнік Логвінава А. І., капітан Уладзіслаў Петравец). Вадзім Заруба ўручыў камандзе-пераможцы кубак і падарунак самаму маленькаму ўдзельніку КВЗ з каманды “Дэманы” Георгію Кананчуку.

Музычную паўзу для гледачоў стварылі ўдзельнікі вакальнага гуртка “Вясёлыя ноткі” Столінскага цэнтра дзіцячай творчасці (кіраўнік Г. А. Харавец).

Каманда-пераможца раённага фестывалю прадставіць Століншчыну на фестывалі абласной лігі КВЗ у сакавіку ў горадзе Брэсце.

Галіна ГАШЧУК

Фота аўтара