Чаму зберагаць – гэта важна

23.10.2017

20 кастрычніка на базе Столінскай дзяржаўнай гімназіі адбылася раённая алімпіяда па фінансавай граматнасці (другі этап рэспубліканскай алімпіяды). Яе ўдзельнікамі сталі 43 навучэнцы 10-11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Заданні ўключалі 30 пытанняў у форме тэстаў, аб’яднаных у восем блокаў. За кожнае пытанне прысуджаліся балы ў залежнасці ад складанасці (ад 1 да 5). Максімальную колькасць балаў, якую мог набраць удзельнік за правільныя адказы, - 100 балаў. Тэсты выконваліся пісьмова. Час выканання алімпіяднага задання – 60 мінут.

Алімпіяда прадугледжвала дадатковае творчае заданне “Пяць прычын, чаму зберагаць – гэта важна”, якое разглядалася ў выніку, калі удзельнікі з ліку пераможцаў набралі роўную колькасць балаў. Якраз такая сітуацыя атрымалася. Найбольшую колькасць – 70 балаў – атрымаў вучань 10 класа Беражноўскай сярэдняй школы Дмітрый Тарановіч. Аднолькавая колькасць – па 68 балаў – атрымалася ў трох вучняў. Паколькі адзін з іх не выканаў творчае заданне, то журы ацанілі творчае заданне двух другіх удзельнікаў. Такім чынам, другое месца ў раённай алімпіядзе па фінансавай граматнасці заняў вучань 10 класа Харомскага вучэбна-педагагічнага комплекса яслі-сад –  сярэдняя школа Аляксандр Домніч, а на трэцім месцы – навучэнка 11 класа сярэдняй школы № 1 г. Давыд-Гарадка Настасся Мароз.

Пераможцы ўзнагароджаны граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму, якія ўручыла намеснік начальніка аддзела Алена Васькавец, і падарункамі ад спонсара – разлікова-касавага цэнтра № 21 ААТ “Белаграпрамбанк” – з рук начальніка аддзела рознічных паслуг Святланы Грыцкевіч. Дапаможнік па фінансавай граматнасці ўручаны настаўніцы Ганне Канстанцінаўне Рыбак, якая рыхтавала пераможцу алімпіяды Дзмітрыя Тарановіча.

Рэспубліканская алімпіяда па фінансавай граматнасці зацверджана планам мерапрыемстваў па павышэнні фінансавай граматнасці навучэнцаў устаноў адукацыі  Нацыянальным банкам і Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і праводзіцца штогод, пачынаючы з 2014 года.

Алімпіяда па фінансавай граматнасці садзейнічае папулярызацыі ведаў у галіне фінансаў сярод моаладзі, павышае патэнцыял навучэнцаў у гэтай сферы, дапамагае сфарміраваць іх базавыя фінансавыя кампетэнцыі.

На здымку: пераможцы раённай алімпіяды па фінансавай граматнасці Настасся Мароз, Аляксандр Домніч і Дзмітрый Тарановіч (злева направа)

Галіна ГАШЧУК

Фота аўтара