Будучыня за маладымі

25.09.2017

22 верасня на базе Столінскай дзяржаўнай гімназіі прайшла сустрэча з маладымі спецыялістамі сістэмы адукацыі раёна. Для ўчарашніх студэнтаў бягучы навучальны год стаў першым у іх працоўнай дзейнасці. З першага верасня яны пачалі самастойна праводзіць урокі, вучыцца працаваць з навучэнцамі розных узроставых катэгорый,  вырашаць разнастайныя сітуацыі і рабіць усё для таго, каб стаць добрымі педагогамі. Дадзеная сустрэча мела мэтай пазнаёміць маладых педагогаў  з метадыстамі раённага вучэбна-метадычнага кабінета, абмеркаваць праблемы, якія ўзніклі ў першыя рабочыя дні і пагаварыць пра перспектывы на будучыню.

Адкрыла мерапрыемства загадчык раённага навучальна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Валянціна Аляксандраўна Грэчка, якая прывітала прысутных і пазнаёміла з работай школы станаўлення маладога педагога першага года работы. Пасля кожны расказаў пра сябе і агучыў мэты, якія ставіў перад сабой напярэдадні  сустрэчы.

У ходзе работы былі абмеркаваны пытанні і сітуацыі, з якімі пачынаючым педагогам даводзіцца сутыкацца штодня, а таксама патрабаванні, якіх яны павінны прытрымлівацца, каб трымаць планку на самым высокім узроўні.

Прывітаў прысутных і старшыня прафкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Анатоль Капітонавіч Максімовіч. Ён нагадаў, якімі ільготамі  і перавагамі карыстаюцца маладыя педагогі ў параўнанні са сваімі калегамі.  Анатоль Капітонавіч спыніўся на кантрактнай форме работы і растлумачыў, якія станоўчыя бакі мае кантракт і чым ён адрозніваецца ад працоўнага дагавора і інш.

Маладыя людзі задавалі пытанні, якія іх хвалявалі наконт аплаты жылля, атрымання ільготнага  крэдыта маладымі спецыялістамі, магчымасці атрымання матэрыяльнай дапамогі ў тым выпадку, калі даводзіцца штодня дабірацца на працу грамадскім транспартам і г. д. Гаварылі  таксама пра калектыўны дагавор, аказанне матэрыяльнай  дапамогі на перыяд сесій і ў разнастайных жыццёвых абставінах.

Звярнулася да прысутных і намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Алена Васільеўна Васькавец. Яна гаварыла пра аўтарытэт педагога ў  нашым грамадстве і спынілася на патрабаваннях, якія сёння прад’яўляюцца да настаўніка, бо менавіта педагог нясе адказнасць за здароўе і жыццё дзяцей.

Працягнула гутарку Валянціна Аляксандраўна, дала калегам карысныя парады па арганізацыі адукацыйнага працэсу і ўзаемаадносінах з навучэнцамі, абмеркавала з калегамі далейшы план работы школы станаўлення і інш.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара