Нам ёсць што ўзгадаць і чым ганарыцца

11.08.2017

У 2017-м  годзе Беларусь адзначае адну з найважнейшых дат сваёй гісторыі і культуры – 500-годдзе беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання і беларускай Бібліі. 6 жніўня 1517 года ў пражскай друкарні пабачыла свет кніга «Песни царя Давыда еже словуть Псалтыр» Францыска Скарыны. Гэта значная дата  шырока адзначацца не толькі ў Беларусі, дзе нарадзіўся Францыск Скарына, але і ва ўсім свеце.

Вывучэнне спадчыны Францыска Скарыны пачалося ў канцы XVIII ст. Найбольшы ўклад у даследаванне жыцця і дзейнасці вялікага беларускага асветніка, яго выданняў, літаратурнай творчасці зрабілі рускія і беларускія скарыназнаўцы. Захавалася звыш 300 экземпляраў Скарынавых выданняў і іх фрагментаў, якія зберагаюцца ў розных бібліятэках, архівах і музеях свету, найбольш у Санкт-Пецярбургу і Маскве. Спадчына першадрукара мае ўсеславянскае і ўсееўрапейскае значэнне. Яго мудрыя думкі і глыбокія ідэі актуальныя і сёння.

Гэты юбілей, безумоўна,  у першую чаргу звязаны з дзейнасцю славутага Францыска  Скарыны. Выдатны дзеяч беларускай культуры эпохі Адраджэння здолеў праявіць сябе як першадрукар, выдавец, рэдактар і перакладчык біблейскіх зводаў, аўтар арыгінальных прадмоў і каментарыяў да кніг Святога Пісання і іншых выданняў, які ўнёс значны ўклад  у многія сферы мастацкай і навуковай творчасці.


 Менавіта з нагоды гэтай даты ў раённым навучальна-метадычным кабінеце аддзела адукацы, спорту і турызму Столінскага райвыканкамак дзейнічае тэматычная кніжная выстаўка, на якой прадстаўлена літаратура аб жыцці і дзейнасці славутага дзеяча, а таксама кнігі, якія ўжо сталі рарытэтнымі выданнямі.  Тут сабраны літаратурныя крыніцы ад вытокаў узнікнення беларускага кнігадрукавання і да нашых дзён. Самая  рэрарытэтная кніга - Біблія, якая займае ганаровае месца сярод экспанатаў, датуецца 1517 годам.

Арганізатарам выстаўкі і ініцыятарам правядзення віртуальнай экскурсіі  пра гісторыю ўзнікнення кнігадрукавання стала загадчык навучальна-метадычнага кабінета Валянціна Аляксандраўна Грэчка. Віртуальная экскурсія на пачатку новага навучальнага года  будзе выкарыстоўвацца ва ўстановах адукацыі ў час інфармацыйных і тэматычных гадзін, разнастайных мерапрыемстваў да юбілейнай даты і г. д.

- З глыбокай старажытнасці дайшло да нас жыватворнае слова роднай мовы, - расказвае ў час віртуальнай экскурсіі Валянціна Аляксандраўна. - Праз стагоддзі і цяжкія выпрабаванні данеслі яго нашчадкам выдатныя асветнікі.   У нашай краіне заўсёды шанавалі друкаванае слова. Асветнікі беларускага народа – фігуры еўрапейскага маштабу, сярод якіх Францыск Скарына займае выключнае месца. Яго называюць тытанам эпохі не толькі за распаўсюджванне друкарскай справы, але і за яго імкненне да ведаў і ідэі масавай адукацыі народа. Вялікі сын полацкай зямлі Францыск Скарына сканцэнтраваў у сабе, з аднаго боку, усе дасягненні ўсходнеславянскай культуры, з другога - увасабляў сабою тып тытана эпохі Адраджэння. Яго можна параўнаць з такімі магутнымі постацямі, як Леанарда да Вінчы, Эразм Ратэрдамскі, Рафаэль. Сваім жыццём і дзейнасцю ён падвёў своеасаблівы вынік развіцця ўсходнеславянскай культуры за пяць стагоддзяў, што прайшлі ад прыняцця хрысціянства, і даў новы напрамак, які арыентаваўся на агульначалавечыя каштоўнасці.

- Наша выстаўка прысвечана і іншым асветнікам беларускай зямлі, - дадае Валянціна Грэчка. -  Асобныя стэнды знаёмяць з постацямі  Еўфрасінні Полацкай,   Кірылы Тураўскага, Сімяона Полацкага, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Міколы Гусоўскага і іншых выдатных асветнікаў эпохі Адраджэння.  Другая частка выстаўкі паведамляе пра  знакамітых паэтаў, празаікаў, драматургаў, вучоных, публіцыстаў, якія ўнеслі значны уклад у развіццё беларускай літаратуры.  Дарэчы, 2017-ы год азнаменаваны таксама 135-гадовым юбілеем Янкі Купалы і Якуба Коласа. Творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа – гэта тыя вежы, з якіх мы, беларусы, бачым цэлы свет і па якіх свет бачыць нас, таму на выстаўцы ўвага акцэнтуецца на дзейнасці вялікіх песняроў беларускага народа, класікаў нацыянальнай літаратуры.    

Педагогі Асаўской сярэдняй школы па ініцыятыве намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Валянціны Міхайлаўны Платніцкай перанялі ідэю, што рэалізавана ў навучальна-метадычным кабінеце, і арганізавалі аналагічную выстаўку.  Выстаўка складаецца з завочнай экскурсіі па залах музея беларускага кнігадрукавання ў Полацку, а таксама з тэматычных паліц.  На выстаўцы сабраны падручнікі, кнігі ад самых даўніх   да сучасных аўтараў-землякоў.  Ёсць тут Біблія 1901 і  1907  гадоў выдання, “Пан Тадэвуш” Адама Міцкевіча 1939   года  выдання на польскай мове, падручнікі для школы па рускай мове, а таксама рускай літаратуры 1956 года выдання.

Экспазіцыі да 500-годдзя  беларускага кнігадрукавання  арганізаваны ў многіх установах адукацыі раёна. У час знаёмства з выстаўкамі педагогі расказваюць вучням пра беларускага гуманіста, асветніка і першадрукара, а таксама аб  яго паслядоўнікаў. Грунтоўна разглядаецца гісторыя кнігадрукавання  з улікам даследаванняў гісторыкаў, кнігаведаў і мастацтвазнаўцаў, праводзяцца  навуковыя, мастацкія, адукацыйныя і асветніцкія мерапрыемствы,

 Пакуль людзі цікавяцца гісторыяй, памяць пра продкаў жыве і перадаецца з пакалення ў пакаленне. Нам ёсць што ўзгадаць, нам ёсць чым ганарыцца. 

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара