Пасяджэнне раённага вучэбна-метадычнага аб’яднання намеснікаў кіраўнікоў па вучэбнай і вучэбна-метадычнай рабоце ўстаноў адукацыі па тэме “Кіраўніцтва якасцю адукацыі на аснове кампетэнтнаснага падыходу”

24.03.2017

Сучасная школа знаходзіцца ў рэжыме эксперыменту, творчых пошукаў. Рэформы, што адбываюцца  ў  сістэме адукацыі ў апошняе дзесяцігоддзе, яе накіраванасць на гуманістычныя, асобасна арыентаваныя і развіццёвыя адукацыйныя тэх­налогіі ставяць педагагічную грамадскасць перад неабходнасцю авалодаць  сучаснымі тэхналогіямі навучання і выхавання, а таксама кіравацца ў сваёй дзейнасці навуковымі ведамі, у аснове якіх ляжыць назапашаны, сістэматызаваны і апрабаваны метадычнай тэорыяй і практыкай вопыт. Дзейсную дапамогу ў вырашэнні гэтых задач і арганізацыі метадычнай вучобы педагагічных кадраў аказвае раённы вучэбна-метадычны кабінет праз работу раённых і міжшкольных вучэбна- метадычных аб’яднанняў.

       На базе дзяржаўнай установы адукацыі “Рухчанскі вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад сярэдняя школа” 14.03.2017 года  адбылося чарговае пасяджэнне  раённага вучэбна-метадычнага аб’яднання намеснікаў кіраўнікоў па вучэбнай і вучэбна-метадычнай рабоце ўстаноў адукацыі па тэме “Кіраўніцтва якасцю адукацыі на аснове кампетэнтнаснага падыходу”.

Удзельнікаў вучэбна-метадычнага аб’яднання гасцінна, з хлебам-соллю сустракалі і шчыра віталі вершамі і песнямі  вучні ўстановы. Яны правялі гасцей па сваім “храме” ведаў, расказалі і паказалі свае дасягненні, творчыя набыткі. Творчая атмасфера, добры настрой, створаныя вучнямі і педагогамі ўстановы, спрыялі творчай актыўнасці ўдзельнікаў пасяджэння, якое прайшло ў форме калектыўнай творчай справы.

Намеснікі  кіраўнікоў мелі магчымасць наведаць вучэбныя заняткі і прааналізаваць іх з пазіцыі кампетэнтнаснага падыходу да арганізацыі вучэбнай дзейнасці вучняў, актыўна, творча і эфектыўна папрацаваць у групах……

Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Рухчанскага ВПК яслі- сад сярэдняя школа Фянюк Л. А. падзялілася з прысутнымі сваім вопытам работы па кіраўніцтве прафесійным развіццём і самаразвіццём педагогаў, спынілася на найбольш эфектыўных формах і прыёмах работы ў гэтым напрамку ва ўмовах сельскай школы.

Кіраўнік раённага вучэбна-метадычнага аб’яднання Савончык Н. В.,  прэзентуючы напрацоўкі  творчай групы, расказала  пра найбольш эфектыўныя  метады і прыёмы выяўлення, вывучэння і абагульнення эфектыўнай педагагічнай практыкі, паказала, як можна сістэмна  арганізаваць сумесную  работу педагогаў і  намеснікаў у гэтым напрамку, каб яна была дзейснай, нефармальнай і выніковай.

Пры падвядзенні вынікаў работы ўсе члены вучэбна-метадычнага аб’яднання адзначылі практычную накіраванасць, эфектыўнасць і высокі ўзровень падрыхтоўкі  пасяджэння.