Інавацыйны педагагічны вопыт

20.03.2017

17 сакавіка на базе Лядзецкага вучэбна-педагагічнага комплекса яслі-сад сярэдняя школа прайшоў рэгіянальны семінар-практыкум «Інавацыйны педагагічны вопыт  як умова і вынік інавацыйнай дзейнасці”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел адміністрацыя і  педагогі   ўстаноў адукацыі, прадстаўнікі сярэдніх школ № 14 і № 16 г. Пінска, загадчык навучальна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Валянціна Аляксандраўна Грэчка і начальнік  аддзела менеджменту якасці Брэсцкага  абласнога інстытута развіцця адукацыі  Адамчук  Кацярына Давыдаўна.

У файе ўстановы ўдзельнікаў семінара прывіталі вучні і правялі  невялічкую экскурсію ў музеі, парадавалі выкананнем  мясцовых танцаў і беларускай мілагучнай гаворкай, што вельмі спадабалася гасцям.

Адкрыла семінар-практыкум  Валянціна Грэчка  і пазнаёміла з  настаўнікамі з г. Пінска, якія ўжо   маюць пэўны вопыт інавацыйнай дзейнасці. Педагогі расказалі пра тыя накірункі рэалізацыі інавацыйнага праекта, якія паспяхова апрабіруюцца  ва ўстановах, і выказалі свае меркаванні наконт дадзенай нялёгкай  пошукавай работы.

 Візітную картку Лядзецкага ВПК яслі-сад сярэдняя школа прэзентавала дырэктар установы Ляшук  Аксана Мікалаеўна, а намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Рыгораўна Царык падзялілася вопытам работы па асноўных напрамках рэалізацыі інавацыйнага праекта і расказала пра ўкараненне мадэлі вуснагістарычных  даследаванняў роднга краю як сродку фарміравання сацыяльна-грамадзянскай кампетэнцыі навучэнцаў. Настаўнік фізічнай культуры Ляшук Міхаіл Лявонцьевіч паведаміў пра сродкі і тэхнічнае забеспячэнне інавацыйнай дзейнасці, якія выкарыстоўваюцца  ў працэсе работы з вучнямі, а настаўнік беларускай мовы і літаратуры Святлана Іванаўна Ханавец пазнаёміла з лінгвістычнай работай “Тапанімічныя назвы вёскі Лядзец”. Сваімі ўражаннямі ад ўдзелу ў інавацыйным працэсе  падзяліўся вучань 10 класа Аляксей Шыкунец, які далучыўся да работы ў дадзеным накірунку яшчэ ў 2009 годзе і да гэтага часу з’яўляецца актыўным удзельнікам інавацыйнага працэсу ў школе і  даследча-пошукавай дзейнасці на тэрыторыі сваёй вёскі.

Пра традыцыі, якія  склаліся ў сярэдняй школе № 2 г. Давыд-Гарадка, расказалі намеснік  дырэктара па вучэбнай дзейнасці Свірыдчук Наталля Уладзіміраўна і намеснік дырэктара па выхаваўчай  рабоце Казуля Юлія Васільеўна. Яны паказалі відэафільм-прэзентацыю работы ў школе і метадычныя распрацоўкі, якія сведчаць пра напрацоўкі  ў інавацыйнай дзейнасці, падзяліліся вопытам распрацоўкі і  арганізацыі веламаршрутаў  па месцах баявой славы, па святых месцах, а таксама  праектаў, якія ўкараняюцца і рэалізуюцца ў адукацыйна-выхаваўчым працэсе.  На сайце ўстановы пастаянна размяшчаецца і абнаўляецца адпаведная інфармацыя, таму калегам, якія робяць першыя крокі ў дадзеным кірунку,  іх вопыт будзе вельмі карысным і можа быць выкарыстаны падчас работы з вучнямі ў якасці станоўчага  прыкладу.

Дырэктар Рамельскай сярэдняй школы Пытэль Наталля Мікалаеўна  пазнаёміла з тымі даследаваннямі, якія былі праведзены ў сельскім населеным пункце па вывучэнні вуснай-народнай творчасці і побыту рамельцаў.  Як сведчанне таму багаты метадычны матэрыял, які  падрыхтавалі педагогі за перыяд работы над праектам.

У працэсе работы семінара-практыкума  выступілі вучні ўстаноў адукацыі, якія заняты інавацыйнай дзейнасцю.  Вучаніца 9 класа Рамельскай сярэдняй школы  Вольга Аблавушка  расказала пра ганаровага жыхара аграгарадка Рамель, настаўніка працоўнага навучання Рыгора Міхайлавіча Супрунчыка. Вучаніца 6 класа Лядзецкага ВПК яслі-сад сярэдняя школа Настасся Скулавец  зацікавіла прысутных даследчай працай па вывучэнні такога занятку жыхароў аграгарадка Лядзец, як гандаль насеннем,  а вучань 6 шкласа дадзенай установы Уладзіслаў выступіў з дакладам “Наша зорка зямная: Герой Сацыялістычнай працы Вольга Сільвестараўна Шыкунец”.  Вучні сярэдняй школы № 2 г. Давыд-Гарадка пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі Людмілы Канстанцінаўны Казёлка цэлы дакументальны фільм прысвяцілі памяці ахвяр  халакоста, які быў прэзентаваны ўдзельнікам мерапрыемства.

Пасля выступілі настаўнікі-прадстаўнікі ўстаноў адукацыі г. Пінска і расказалі пра тое, якая работа вядзецца ў іхніх школах, падзяліліся станоўчымі эмоцыямі, якія ўзніклі ў працэсе знаёмства са Століншчынай і багатымі напрацоўкамі, якія ўжо ёсць у тых школах, якія заняты інавацыйтай дзейнасцю толькі першы год.  Сваё меркаванне ад убачанага і пачутага выказалі прадстаўнікі ўстаноў, у якіх толькі плануецца ўкараніць дадзены накірунак дзейнасці ў будучым навучальным годзе.

Пасля майстар-клас “Прыёмы стварэння вусных гістарычных крыніц. Прыёмы збора і фіксацыі матэрыялаў і формы іх прадстаўлення” правяла Святлана Царык.  Удзельнікі мерапрыемства з цікавасцю ўключыліся ў практычную дзейнасць, запаўнялі анкеты, складвалі пытанні рэспандэнтам, спрабавалі праводзіць інтэрв’ю і адкрыта адказвалі на самыя неспадзяваныя пытанні.

Вынікі работы рэгіянальнага семінара-практыкума падвяла намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Алена Васільеўна Васькавец і падкрэсліла, што ў школах сёння многае робіцца ў накірунках, зададзеных Міністэртвам адукацыі Рэспублікі Беларусь, педагогі не стаяць на месцы, а няспынна рухаюцца наперад і іх работа адпавядае ўсім сучасным патрабаванням. А Кацярына Давыдаўна падкрэсліла той факт, што ў Год Культуры  са звычайных рэчаў педагогі могуць зрабіць самыя сапраўдныя адкрыцці.  Сведчаннем таму стаў дадзены семінар-практыкум. Яна  адзначыла, што ў наш час інавацыі патрэбны ўсюды, а дадзенае мерапремства даказала, што на Століншчыне ёсць што паказаці і чым падзяліцца. Кацярына Адамчук падзякавала педагогам за тую цікавую і змястоўную  працу, якая была праведзена, а таксама за ўдзел у дадзеным мерапрыемстве.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара