У чым непаўторнасць Столінскага краю

30.01.2017

Мала знойдзецца ў нашым раёне людзей, якія б не чулі пра Міхаіла Уладзіміравіча Шэлехава – педагога, Выдатніка адукацыі СССР, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, Ганаровага грамадзяніна горада Давыд-Гарадка і Столінскага раёна.

         Вялікую частку свайго працоўнага жыцця Міхаіл Шэлехаў правёў у якасці дырэктара СШ №2 старажытнага горада Давыд-Гарадка. Іменна яго калега, настаўнік гісторыі Генадзь Рыгоравіч Басавец звярнуўся да раённай улады з прапановай аб увекавечанні памяці былога дырэктара і проста цудоўнага чалавека. Была атрымана згода: вырашана правесці раённы краязнаўчы конкурс “Непаўторны Столінскі край”. Арганізатарам конкурса выступіла загадчыца Столінскага раённага метадычнага кабінета Валянціна Аляксандраўна Грэчка. Спачатку адбыўся завочны этап: са школ дасылаліся работы, якія разглядаліся ў метадычным кабінеце. На 28 студзеня запланавалі правесці канферэнцыю па выніках конкурсных работ.

         І вось 28 студзеня – дзень, які з хваляваннем чакалі вучні і настаўнікі. Першай выступіла Валянціна Аляксандраўна, якая расказала пра тое, чаму канферэнцыя адбываецца менавіта ў Давыд Гарадку ў СШ №2, адзначыла высокі ўзровень пададзеных на конкурс работ. Генадзь Рыгоравіч вельмі цёпла расказаў пра былога дырэктара, які быў патрабавальны, але разам з тым і вылучаўся дабрынёю. Пасля адбыўся прагляд фільма. Вучні і настаўнікі ўбачылі фотаздымкі былых настаўнікаў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія працавалі поруч з Шэлехавым. Здавалася, што мы патрапілі ў той дзень, 9 Мая, калі Міхаіл Уладзіміравіч спачатку схадзіў у царкву, дзе паставіў свечку, памаліўся за тых, хто не вярнуўся з вайны, схадзіўна могілкі, дзе пахаваны яго калегі, якія таксама прайшлі праз агонь ваеннага ліхалецця. Потым ён у апошні раз стаяў на трыбуне, выступаў на мітынгу. Запіс гэтага выступлення быў праслуханы. Вучні школы расказалі біяграфію Шэлехава. Цікава, што ён, жыхар Пухавіцкага раёна, збіраўся ўлетку з сябрам воднымі шляхамі дабрацца сюды, на Палессе. Але пачалася вайна. Яшчэ зусім малады хлопец пайшоў у партызанскі атрад, быў паранены, трапіў у палон, у пачатку 1945 года ўцёк з канцлагера, трапіў у дзеючую армію. Быў тройчы паранены, атрымаў ордэн Чырвонай Зоркі. Вайна скончылася. Салдат, якому было толькі 18 з паловай стаў студэнтам… Шэлехаў быў не толькі настаўнікам, ён меў сотні публікацый, выдаў манаграфію ”Давыд-Гарадок. Час і людзі”. Пра Шэлехава-пісьменніка можна было даведацца з выставы, наладжанай у актавай зале.

         Удзельнікі канферэнцыі падзяліліся на дзве групы. І шкада, што нельга было пабачыць адначасова работу дзвюх секцый. Адна група прадстаўляла работы на тэму”Гонар і слава майго народа”, а другая – “Гісторыя вуснамі сведкаў”. Амаль усе ўдзельнікі падрыхтавалі мультымедыйныя прэзентацыі. Мы даведаліся, як складалі радаводы ў Беражным, пра піянерскі рух у Лядцы, паслухалі інтэрв’ю з сынам Шэлехава – Міхаілам Міхайлавічам. Таксама падарожнічалі па райцэнтры ў суправаджэнні вершаў Уладзіміра Субата. Даведаліся пра Шыкунец Вольгу Сільвестраўну– Героя Сацыялістычнай працы, Шыла Івана Мікалаевіча, які ўзначальвае БАТУ, мае ажно 476 навуковых работ, Бялова Ягора Яфімавіча – былога дырэктара Стружскай СШ, Супрунчыка Рыгора Міхайлавіча – былога настаўніка Рамельскай СШ. Спіс можна было б працягваць, удзельнікі ў сваіх работах пазнаёмілі з многімі куточкамі Століншчыны, паважанымі людзьмі. Вучні і настаўнікі правялі многія даследаванні, пошукі ў архівах, у інтэрнэце, сустракаліся са сведкамі тых падзей, пра якія апавядалі. Трэба было паслухаць, як гаварылі канкурсанты! Большасць, калі і мела ў руках паперы, то, магчыма, толькі для ўпэўненасці. Хораша, выразна. Некалькі ўдзельнікаў гаварылі на чыстай беларускай мове, што, канешне, радавала. Апошнім аккордам работы другой секцыі з’явіўся прагляд відэа-фільма, прысвечанага  памяці ахвяр халакоста. Гэты фільм прадставіла настаўніца школы №2 Давыд-Гарадка Людміла Канстанцінаўна Казелка. Яна паведаміла, што якраз напярэдадні, 27 студзеня, адзначаўся дзень памяці ахвяр халакоста, што ў перакладзе -  спаленых зажыва.

         Пакуль журы на чале з Грэчка В.А. і Велясніцкай А.А.падводзіла вынікі, удзельнікі канферэнцыі наведалі школьны музей. Басавец Генадзь Рыгоравіч, сапраўдны прадаўжальнік справы Міхаіла Шэлехава, правёў цікавую экскурсію. Пасля ўсе зноў сабраліся ў актавай зале для аб’яўлення вынікаў. Сертыфікаты атрымалі ўсе ўдзельнікі. Вучні и настаўнікі былі ўзнагароджаны дыпломамі аддзела адукацыі, спорту і турызму 1, 2 и 3 ступені.

         Конкурс праводзіўся ўпершыню. Мяркую, што будзе працяг. Як сказала Валянціна Аляксандраўна : “Відаць, што ў дзяцей гараць цікаўнасцю вочы, што ім гэта патрэбна.”  А я ад сябе дабаўлю радкі верша:

 “Мы з табою – звёны ланцуга,

Што звініць паміж “было” і “будзе”…

Каб гэты ланцуг паміж продкамі і нашчадкамі не парваўся, трэба старанна зберагаць памяць пра падзеі, людзей, каб перадаць гэтую памяць наступным пакаленням.

        

 Галіна Бабарыка, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, удзельніца канферэнцыі