Творчае багацце педагогаў

18.01.2017

13 студзеня адбылася  сустрэча ўдзельнікаў клуба “Натхненне” з вучнямі і педагогамі Церабяжоўскай сярэдняй школы.

 Адкрыла мерапрыемства загадчык вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Валянціна Аляксандраўна Грэчка, якая і стала ініцыятарам правядзення дадзенай сустрэчы. Кіраўнік клуба Таццяна Якаўлеўна Жук расказала, што клуб быў арганізаваны ў 2005 годзе і за перыяд яго існавання адзначаецца нямала станоўчага і высока рэзультатыўнага ў рабоце.  Члены клуба з’яўляюцца ўдзельнікамі Каляднага фестывалю педагагічнага майстэрства, абласнога семінара, шматлікіх сустрэч з творчымі людзьмі, а таксама з задавальненнем наведваюць установы адукацыі раёна.

У якасці тэмы пасяджэння клуба была выбрана “Мае гады, маё багацце”. Таццяна Якаўлеўна адзначыла, што дадзеная сустрэча для падрастаючага пакалення павінна стаць асабліва хвалюючай, бо перад імі не проста настаўнікі, а знаўцы прозы і паэзіі, землякі-аўтары літаратурных твораў, творчыя і неардынарныя педагогі, шматгранныя асобы і проста цікавыя людзі, якія падзеляцца сваім жыццёвым вопытам.

У актавай зале панавала цішыня, калі кіраўнік клуба прадстаўляла кожнага яго члена і прапаноўвала больш блізка пазнаёміцца. З цікавасцю вучні і настаўнікі ўстановы слухалі аповеды  педагогаў, якія сваёй дзейнасцю прыцягваюць  ўвагу многіх людзей, а іх талент мае сёння значную каштоўнасць і прызнаны грамадствам.  

Першым узяў слова настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 1  г. Давыд-Гарадка, член  Саюза беларускіх пісьменнікаў,  аўтар зборнікаў “Чорны боль”, “Кахаю і люблю”, “Уражанне” і “ORBІ”  Віктар Васільевіч Вабішчэвіч, які крышачку расказаў пра сябе і прачытаў свае вершы. Перад педагогам стаяла палаючая свечка, якая з’яўляецца  сімвалам клуба і сагравае душы. І ў такой амасферы сяброўства і ўзаемадаверу педагог падкрэсліў, што ён – патрыёт Беларусі і ніколі не перастане ім быць.

Настаўнік пачатковых класаў Мачульскай базавай школы, член Саюза  пісьменнікаў Беларусі, аўтар зборнікаў паэзіі “Давер” і “Дарога ў восень”  Галіна Сідараўна Бабарыка адзначыла, што яе першыя вершы былі надрукаваны ў часопісе “Вясёлка” і раённай газеце “Навіны Палесся”. Галіна Сідараўна аптымістка. Настаўнік з’яўляецца Лаўрэатам міжнароднага конкурсу “Сям’я, адзінства, Айчына”.  Яна піша вершы, якія вельмі лёгка ўспрымаюцца чытачамі. Некалькі вершаў  Галіна  Бабарыка прачытала для аўдыторыі.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, настаўнік рускай мовы і літаратуры Церабліцкага вучэбна-педагагічнага комплекса яслі-сад сярэдняя школа Віталь Уладзiмiравiч Адамаў гаварыў пра нялёгкі шлях вясковага хлопца да набыцця вышэйшай адукацыі. І нягледзячы на тое, што мара стаць журналістам не спраўдзілася, ён стаў настаўнікам.  Вучням Віталь Адамаў параіў не баяцца выказваць свае думкі на паперы. Ён сам пачаў пісаць вершы з малых гадоў, а цяпер у сваіх паэтычны творах  усё больш разважае пра сэнс жыцця.

Пра свой педагагічны шлях расказала настаўнік-выхавальнік дома сямейнага тыпу № 1 г. Століна Святлана Анатольеўна Кананчук, якая павіншавала прысутных са святамі і адрасавала ім свае вершы і музычныя падарункі.

Настаўнік рускай мовы і літаратуры Гараднянскага вучэбна-педагагічнага комплекса яслі-сад сярэдняя школа, дырэктар Цэнтра ганчарства Васіль Андрэевіч Казачок звярнуўся да ўспамінаў таго часу, калі Гарадную і Церабяжоў злучаў  аўтобус, які  рухаўся пагэтым маршруце.   Васіль Казачок адзначыў, што ён у душы закаранелы беларус і заўжды любіў дзяцей, самую цудоўную пару - дзяцінства, таму і лічыць, што настаўнікі вечна маладыя. Ён заядлы грыбнік, якога вабіць прырода, хвалююць успаміны дзяцінства і вельмі турбуе будучыня малых вёсак, што адлюстроўваецца ў ягоных вершах.

Настаўнік геаграфіі сярэдняй школы № 2 р. п. Рэчыца Тамара Міхайлаўна Павядайка, якая знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але вылучаецца сваёй нязгаснай энергіяй і  аптымізмам з задавальненнем прачытала свае вершы і ўключыла слухачоў у актыўную літаратурную працу над творам – аналізам актавершаў.   Яна прызналася, што піша дыдактычныя вершы “на зло будням”. Для яе дзеці – самыя лепшыя людзі, таму яна заклікала берагчы тое, што ў кожнага з нас ёсць.

Самым маладым  удзельнікам клуба “Натхненне” з’яўляецца настаўнік пачатковых класаў Каладнянскага вучэбна-педагагічнага комплекса яслі-сад базавая школа Наталля Мікалаеўна Базар. Наталля Мікалаеўна расказала пра сваю даўнюю мару стаць журналістам, якая спраўдзілася і цяпер Наталля Базар паспяхова супрацоўнічае з “Медыя-Палессем”. Таленавіты педагог, які ўжо дасягнуў значных поспехаў у прафесійнай дзейнасці, няспынна рухаецца наперад. Яна не толькі прачытала свае вершы, але і пажадала ўсім поспехаў у новай чвэрці і моцнага здароўя.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, настаўнік рускай мовы і літаратуры Столінскай дзяржаўнай гімназіі Таццяна Якаўлеўна Жук расказала, як упршыню прачытала свае вершы на раённым конкурсе чытальнікаў, што дапамагло ёй перамагчы і на рэгіянальным узроўні. Давялося выспупаць на Брэсцкім тэлебачанні. І ўсё гэта перарасло ў нешто большае, чым проста захапленне, таму Таццяна Якаўлеўна стала настаўнікам рускай мовы і літаратуры. Яна ўпэўнена ў тым, што настаўнік  - дзяцінства маячок і ўсе педагогі жывуць доўга, бо знаходзяцца ў такой незвычайнай атмасферы дзяцінства.

Напрыканцы сустрэчы педагогі выканалі гімн клуба “Натхненне”. Дырэктар Церабяжоўскай сярэдняй школы Людміла Лявонцьеўна Цупа выказала  падзяку за магчымасць такой цікавай сустрэчы і той выхаваўчы, адукацыйны, профарыентацыйны, патрыятычны патэнцыял, якім было надзелена кожнае выступленне такіх неардынарных, творчых, шматгранных і шчырых людзей.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара