Выдатны спосаб самаразвіцця (уражанні пераможца конкурса)

19.12.2016

Узнагароджванне пераможцаў абласнога конкурсу  “Мультымедыйны ўрок у адукацыйнай практыцы педагога” адбылося ў Брэсцкім абласным інстытуце развіцця адукацыі.

– Асабіста для мяне ўдзел у конкурсе – выдатны спосаб самаразвіцця, цудоўная магчымасць атрымаць новыя ўменні і каштоўны вопыт, якімі можна ў поўнай меры карыстацца ў працы і дзяліцца з калегамі. Рыхтуючы конкурсныя матэрыялы, не скажу, што ўсё атрымалася хутка і лёгка. Удзел у конкурсе патрабаваў напружанай працы, на якую аддадзена шмат сіл. Хацелася падрыхтаваць такі ўрок, каб яго распрацоўкай без значнага рэдагавання маглі карыстацца калегі. І, канечне, каб па максімуму паказаць усе магчымасці для правядзення мультымедыйнага ўрока ў пачатковых класах.

Пасля школы быў раённы этап, які парадаваў добрым вынікам. Ім стала перамога сярод вялікай колькасці ўдзельнікаў. А яшчэ больш парадаваў выхад у фінал абласнога этапу. Прыемна, калі тваю справу ацанілі і ацанілі высока. Як пазней расказалі арганізатары абласнога этапу конкурсу, думкі членаў журы па кожнай з адабраных для фіналу распрацовак урокаў, практычна сышліся. Ці не стымул працаваць далей у такім накірунку, ствараючы падобныя ўрокі для сваіх вучняў, атрыманыя веды на якіх не пройдуць міма дзяцей!? А рэсурсы платформы Moodle, дзе, па ўмовах конкурсу, стварыла асабісты навучальны курс для вучняў, адкрылі шырокія магчымасці для прафесійнага росту ў новым для мяне накірунку, – расказала аб тым, як праходзіў конкурс, Наталя Мікалаеўна.

 За перамогу ў абласным конкурсе ўзнагароджана Дыпломам І ступені Упраўлення адукацыіі Брэсцкага аблвыканкама і каштоўным падарункам – планшэтам. Акрамя таго, конкурсны матэрыял Наталлі Мікалаеўны Базар адзначаны спецыяльным прызам – лічбавая клавіятура і мыш.

 – Паважаныя калегі, удзельнічайце ў конкурсах. Гэта не толькі напружаная праца, але і новы вопыт, які атрымаеце ў час яе. І няхай вынікі конкурсу не заўжды задавальняюць, усё роўна сам працэс і тое, што адбываецца ў ходзе яго, застануцца ў памяці назаўжды. Асабліва радуе ў такіх конкурсах, калі па іх выніках праца ацэнена дастойна.

 – Выказваю словы падзякі калегам маёй школы, супрацоўнікам раённага вучэбна-метадычнага кабінета, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама за падтрымку на працягу ўдзелу ў конкурсе. Аргкамітэту абласнога этапу – за арганізацыю і правядзенне вочнага тура і цудоўныя падарункі пераможцам, – дадала ў заключэнне пераможца абласнога конкурсу.