Калі лепш пазычыць, а калі накапіць…

25.10.2016
Фінансавая пісьменнасць

21 кастрычніка на базе Столінскай гімназіі прайшоў раённы этап рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай пісьменнасці сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Алімпіяда праводзіцца на падставе пастановы Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь трэці раз і служыць папулярызацыі ведаў у галіне фінансаў; стварэнню ўмоў для рэалізацыі інтэлектуальных здольнасцяў навучэнцаў, набыццю імі вопыту пазнавальнай, камунікатыўнай, пратычнай і творчай дзейнасці; фарміраванню ў навучэнцаў практычных навыкаў выкарыстання фінансавых інструментаў для планавання бюджэту, кантролю сваіх даходаў і расходаў;  развіццю фінансавай культуры і новых форм прафарыентацыйнай работы.

У алімпіядзе прыняў удзел 41 вучань 10-11 класаў школ раёна. 

Для правядзення алімпіяды быў створаны аргкамітэт, у які ўвайшлі намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Алена Васільеўна Васькавец і галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Алена Васільеўна Вабішчэвіч, начальнік аддзела рознічных  паслуг  РКЦ № 21 Белаграпрамбанка Святлана Рыгораўна Грыцкевіч і намеснік дырэктара ЦБУ 124 ААТ “ААБ Беларусбанк” Андрэй Фёдаравіч Буката.

Алімпіяда ўяўляла сабой 30 тэставых заданняў па васьмі тэмах  з варыянтамі адказаў. Сярод тэм – дэнамінацыя, уклады, крэдыты, лічбавы банкінг, дзейнасць Нацыянальнага банка, каштоўныя паперы і іншыя. Выбраўшы адзін правільны адказ, можна было атрымаць ад аднаго да пяці балаў у залежнасці ад складанасці пытання. У апошнім заданні прапаноўвалася паразважаць на тэму: “Калі лепш пазычыць, а калі накапіць?”. На выкананне тэста адводзілася 90 мінут. 

Калі работы былі здадзены на праверку, намеснік дырэктара ЦБУ 124 ААТ “ААБ Беларусбанк” Андрэй Буката агучыў правільныя адказы на тэставыя заданні, а ўдзельнікі алімпіяды маглі зверыць са сваімі. А перад тым як назваць пераможцаў, быў агучаны рэйтынг кожнага ўдзельніка. 

У тройку прызёраў увайшлі вучаніца 10 класа сярэдняй школы № 3 р. п. Рэчыца Ганна Паўловіч (62 балы – трэцяе  месца), вучаніца 11 класа сярэдняй школы № 2 г. Давыд-Гарадка Лія Ядлоўская (63 балы – другое месца) і вучаніца 10 класа Столінскай гімназіі Арына Мышапуд (70 балаў – першае месца). 

Пераможцы алімпіяды ўзнагароджаны адпаведнымі дыпломамі аддзела адукацыі, спорту і турызму і падарункамі  ад Беларусбанка і Белаграпрамбанка.

Як пераможца раённага этапу Арына Мышапуд  будзе прымаць  удзел у абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай пісьменнасці, што пройдзе ў Брэсце ў лістападзе.

Галіна ГАШЧУК

Фота аўтара