Творчая сустрэча землякоў

21.07.2016

Сёмага ліпеня ў Асаўскім сельскім доме культуры сабраліся творчыя людзі, аматары мастацкай  і літаратурнай творчасці, беларускія паэты ў межах чарговага пасяджэння клуба “Натхненне” аддзела адукацыі, спорту і турызму Столінскага райвыканкама.

На пачатку мерапрыемства ўдзельнікі сустрэчы наведалі рымска-каталіцкі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі вёскі Асавая. Намеснік дырэктара  па вучэбна-выхаваўчай рабоце Стахаўскай сярэдняй школы  Аляксандр Валяр’янавіч Карповіч запрасіў гасцей наведаць каталіцкія могілкі і правёў невялікі гістарыяны экскурс у працэс станаўлення каталіцкай веры ў гэтай мясцовасці. Аляксандр Валяр’янавіч паказаў званніцу, якая датуецца канцом 19 стагоддзя; надмігілле Даменіка Орды, пабудаванае ў 1890 годзе і адноўленнае ў 2010 годзе. Ён расказаў пра старажытны род Карповічаў і першы каталіцкі касцёл, які быў пабудаваны ў 1648 і разабраны ў 1967 годзе,  а таксама гаварыў пра тое, як мясцовыя жыхары здолелі захаваць святыні, якія належаді каталікам і перадалі іх у новы касцёл, будаўніцтва якого было распачата ў 1993 годзе.  Пасля  ўдзельнікі мерапрыемства паглядзелі дзейнічаючы касцёл і паслухалі арганную музыку  і спевы ў выкананні Аляксандра Валяр’янавіча.

Працягам мерапрыемства стала знаёмства з работай дома культуры, сельскай бібліятэкі і экспазіцыямі этнаграфічнага музея вёскі Асавая.

Пасяджэнне клуба адкрыла настаўнік пачатковых класаў Асаўской сярэдняй школы Сняжана Пятроўна Кісель музычным нумарам. Загадчык навучальна-метадычнага кабінета  Валянціна Аляксандраўна Грэчка прывітала гасцей і пазнаёміла з работай клуба “Натхненне”, а таксама з дзейнасцю кожнага з яго пастаянных удзельнікаў. Яна адзначыла, што вельмі прыемна, што сярод педагогаў Століншчыны шмат творчых, апантаных літаратурнай дзейнасцю настаўнікаў і адораных дзяцей, якія не баяцца заявіць пра сябе і раскрыць свае таленты.

Прывітала землякоў і член Саюза  пісьменнікаў Беларусі, аўтар паэтычных зборнікаў “І тку жыцця сувоі” і “Душа-скарбонка”  Вальга Цімафееўна Шпакевіч. Яна не толькі  расказала пра сябе, згадала сваіх настаўнікаў, падзілілася ўспамінамі з дзяцінства і студэнцкай пары, але і гаварыла пра сваю любоў да родных мясцін, сваёй маленькай радзімы – Кароціч. Паэтка з задавальненнем  прачытала свае вершы і адказала на пытанні ўдзельнікаў сустрэчы. Вольга Шпакевіч заўважыла, што яе першыя вершы былі надрукаваны на старонках раённай газеты “Навіны Палесся”. Яна адзначыла: “Прыемна, што для “раёнкі” так трапна выбрана назва, якая да гэтага часу не змянілася, і матэрыялы друкуюцца на беларускай мове. Да гэтага часу захоўваю пажаўцелыя ад часу аркушы газеты са сваімі вершамі, надрукаванымі побач з вершамі Леаніда Дранько-Майсюка, як самы светлы ўспамін”.

Не засталіся раўнадушнымі да падзеі, якая адбываецца ў невялічкай вёсачцы, і мясцовыя жыхары. На мерапрыемства прыйшлі некаторыя з іх і з захапленнем слухалі выступоўцаў.

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 1 г. Давыд-Гарадка Віктар Васільевіч Вабішчэвіч падчас выступлення гаварыў пра тое, што ніколе не пакіне свой палескі край, а плённа працаваць на карысць землякам ёсць магчымасць і тут. Ён пазнаёміў прысутных са сваімі зборнікамі і прачытаў верш “Асавая”, які напісаў пад уздзеяннем будучай сустрэчы.

Настаўнік пачатковых класаў Каладнянскага ВПК яслі-сад базавая школа Наталля Мікалаеўна Базар свае дзіцячыя ўспаміны адлюстравала ў вершах “Калоднае” і “Бусліная драма”.

Кіраўнік клуба “Натхненне”, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Столінскай дзяржаўнай гімназіі Таццяна Якаўлеўна Жук прачытала свае лірычныя і празаічныя творы і падкрэсліла, што яна атрымлівае асалоду ад зносін з вучнямі, якія з’яўляюцца крыніцай натхнення для настаўніка і сэнсам яе жыцця.

На суд слухачоў вынеслі свае паэтычныя творы вучаніца восьмага класа Вольга Вастравухава і вучань 11 класа Асаўской сярэдняй школы Сяргей Кулак.  Паэтычным радком парадавалі Сняжана Пятроўна Кісель і дырэктар Асаўскога сельскага дома культуры Мікалай Мікалаевіч Кавалёў.  Сняжана Пятроўна прысвяціла сваё выступленне сваёй маці, а Мікалай Мікалаевіч прымусіў усміхнуцца слухачоў пад уплывам яго сатырычных твораў з тонкай і пякучай  мараллю, як і ў байках Кандрата Крапівы.

Члены клуба парадавалася поспехам сваіх землякоў і пажадала моладзі знайсці правільны арыенцір у жыцці, каб іх таленты былі высока ацэнены, а літаратурная дзейнасць развівалася і папаўняла скарбонку дасягненняў Століншчыны.

Напрыканцы мерапрыемства мастацкі кіраўнік Жанна Юр’еўна Квятка падзякавала прысутным за магчымасць сустрэчы з цікавымі людзьмі, якія наведалі іх родную вёску і на развітанне разам з Мікалаем Мікалаевічам Кавалёвым выканалі песню “Деревенька моя”.

Людміла КАСПЕРОВІЧ