Лета з карысцю

14.06.2016

З трэцяга чэрвеня 2016 года ў раёне працуюць лагеры з дзённым знаходжаннем дзяцей. За змену тут адпачнуць 1585 навучэнцаў.

Як адзначыла спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Алена Мікалаеўна Максімовіч, летнікі для дзяцей створаны ў 42 установах адукацыі – 39 сярэдніх школах і трох установах дадатковай адукацыі: Столінскім і Давыд-Гарадоцкім дзіцячых дамах творчасці і Столінскім раённым цэнтры турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі.

З трэцяга чэрвеня арганізавана і работа першай змены палатачнага лагера з кругласутачным знаходжаннем. Тут адпачнуць 30 непаўналетніх, якія схільны да ўчынення правапарушэнняў.

Каб адпачынак школьнікаў быў цікавым і пазнавальным, распрацаваны цікавыя праграмы. У 15 установах працуюць профільныя лагеры: пяць спартыўных, два краязнаўчыя, чатыры экалагічныя, адзін ваенна-патрыятычны, адзін мастацкі, два камп’ютарныя, адзін працоўны, адзін лінгвістычны.

Акрамя таго для дзяцей арганізоўваюцца цікавыя экскурсіі, віктарыны, гульні і забавы.

Сваю праграму адпачынку для наведвальнікаў школьных лагераў прапануе Столінская раённая дзіцячая бібліятэка. Работнікі ўстановы сумесна з артыстамі народнага тэатра “Пагарынне” Столінскага ГДК наладзілі забаўляльную праграму “Давайце за рукі возьмемся”. Першымі гледачамі і ўдзельнікамі сталі вучні 1-4 класаў атрадаў “Непаседы”, “Светлячкі”, “Дружба” і “Максімум” летняга лагера сярэдняй школы № 3 г. Століна. Вясёлыя клоуны, Ліса Аліса і Кот Базіліа, Конь Юлій правялі рухомыя гульні, а бібліятэкары – літаратурныя віктарыны “Жыла-была казка”, “Хто прыслаў такую тэлеграму?”, “У гасцях у казкі” і інш. Радасць, весялосць, усмешкі панавалі на пляцоўцы. За перамогу ў спаборніцтвах і правільныя адказы ў віктарыне дзяцей частавалі салодкімі прызамі.

Школьныя летнікі працягнуць сваю работы да 18 чэрвеня. Наперадзе ў рабят яшчэ многа цікавых падзей, паходаў, сустрэч з прадстаўнікамі розных прафесій і шмат пазнавальнай інфармацыі. Іх лета пройдзе весела і актыўна. А галоўнае – бацькі спакойныя, што іх дзеці ў бяспецы, накормлены і праводзяць час з карысцю. 

Галіна ГАШЧУК

Фота аўтара