Ушанаванне пераможцаў алімпіяд раёна

01.06.2016

Cустрэча-ўшанаванне пераможцаў алімпіяд па вучэбных прадметах з старшынёй райвыканкама Рыгорам Васільевічам Пратасавіцкім адбылася ў райвыканкаме 27 мая. На пачатку сустрэчы Рыгор Васільевіч прывітаў прысутных, павіншаваў з першымі перамогамі і пажадаў, каб у жыцці яны імкнуліся да пераадолення значных вяршыняў, бо дзякуючы трывалым ведам можна стварыць высокаразвітае грамадства. Ён падзякаваў вучняў за тыя дасягненні, якімі сёння ганарацца не толькі навучальная ўстановы, але і ўвесь раён.

Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Алена Васільеўна Васькавец адзначыла, што Прэзідэнтам нашай краіны пастаўлена задача: знайсці і падтрымаць таленавітых, творчых маладых людзей. Згодна з банкам даных адораных дзяцей, 13 выпускнікоў школ нашага раёна атрымалі ў свой час пасведчанне спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адоранай і таленавітай моладзі. Сёння ў рэспубліканскі банк даных уваходзіць вучаніца 11 класа Церабяжоўскай сярэдняй школы Ракала Дар’я, падрыхтаваны дакументы на вучаніцу 9 класа Фядорскай сярэдняй школы Цярлецкую Вікторыю.

У алімпіядным руху ў бягучым навучальным годзе прынялі ўдзел 1748 чалавек, сярод якіх 1722 - вучні школ, 11 – навучэнцы Столінскага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, 15 – навучэнцы Столінскага аграрна-эканамічнага каледжа.

Найбольшую колькасць дыпломаў па ўсіх відах алімпіяд атрымалі вучні Столінскай дзяржаўнай гімназіі: на другім этапе заваявана 16 дыпломаў і адзін пахвальны водгук па сямі прадметах з 14, у тым ліку 6 дыпломаў першай ступені: па інфарматыцы, хіміі, англійскай мове, геаграфіі, рускай мове і літаратуры. Другое месца па колькасці ўзнагарод заняла сярэдняя школа № 3 г. Століна. Вучні гэтай установы адукацыі заваявалі 11 дыпломаў. На трэцім месцы сярэдняя школа № 1 г. Давыд-Гарадка з 9 дыпломамі. Сярод сельскіх школ найбольшая колькасць прызавых месцаў належыць вучням Фядорскай сярэдняй школы – 6 дыпломаў. Усяго на ўзроўні раёна вучнямі заваяваны 81 дыплом.

Сярод удзельнікаў алімпіяд ёсць вучні, якія паказваюць выдатныя вынікі адразу па некалькіх прадметах. Чатыры дыпломы заваявала вучаніца дзявятага класа Фядорскай сярэдняй школы Цярлецкая Вікторыя. Па два дыпломы ў вучняў сярэдняй школы № 1 г. Давыд-Гарадка Уладзіслава Петраўца (9 клас), Аляксандра Канапліцкага (11 клас), Назара Місюры (11 клас); у вучняў Столінскай дзяржаўнай гімназіі Ільі Пульмана (10 клас), Марыі Міранчук (9 клас); у вучаніцы 9 класа сярэдняй школы № 3 г. Століна Дар’і Шыла.

У трэцім (абласным) этапе рэспубліканскай алімпіяды прынялі ўдзел 36 вучняў устаноў адукацыі раёна. Імі атрыманы 8 дыпломаў і 2 пахвальныя лісты.

У заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды вобласць прадстаўлялі і вучні нашага раёна: па беларускай мове і літаратуры – Цярлецкая Вікторыя і Ракала Дар’я, па інфарматыцы – Саўчук Сяргей. Па выніках выступленняў дыплом першай ступені па беларускай мове і літаратуры заваявала Цярлецкая Вікторыя.

За высокія дасягненні на абласным і заключным этапах, згодна з загадам упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, чацвёра вучняў раёна вызвалены ад выпускных экзаменаў: Шыла Дар’я – па матэматыцы, Цярлецкая Вікторыя, Ракала Дар’я і Пышняк Вольга – па беларускай мове.

Ганаровыя ўзнагароды пераможцам алімпіяд і падзячныя лісты-наказы вучням ўручылі старшыня райвыканкама Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Аляксандр Мікалаевіч Вячорка. Дыпломамі першай ступені на другім, на трэцім і на заключным этапах алімпіяд па беларускай мове і літаратуры ўзнагароджана вучаніца 9 класа Фядорскай сярэдняй школы Цярлецкая Вікторыя, дыпломам першай ступені на другім этапе і дыпломам трэцяй ступені на трэцім этапе па беларускай мове і літаратуры – вучаніца 11 класа Церабяжоўскай сярэдняй школы Ракала Дар’я, дыпломам першай ступені на другім этапе і дыпломам другой ступені на трэцім этапе па фізіцы – вучань 11 класа Беражноўскай сярэдняй школы Труш Віктар, дыпломам першай ступені на другім этапе і дыпломам трэцяй ступені на трэцім этапе па інфарматыцы – вучань 11 класа Столінскай дзяржаўнай гімназіі Саўчук Сяргей, дыпломам першай ступені на другім этапе і дыпломам трэцяй ступені на трэцім этапе па фізіцы – вучань 10 класа Рубельскай школы Пашкевіч Сяргей, дыпломам першай ступені на другім этапе і дыпломам другой ступені на трэцім этапе па матэматыцы вучаніца 9 класа сярэдняй школы № 3 г. Століна Шыла Дар’я, дыпломам другой ступені на другім этапе і дыпломам трэцяй ступені на трэцім этапе па геаграфіі – вучань 9 класа Дубайскага ВПК яслі-сад – сярэдняя школа Андрэеў Аляксандр, а вучаніца 11 класа Беражноўскай сярэдняй школы Пяшняк Вольга атрымала дыплом трэцяй ступені на трэцім этапе алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.На абласной алімпіядзе вучань 8 класа Беражноўскай сярэдняй школы Тарановіч Дзмітрый атрымаў дыплом 1 ступені па геаграфіі, а вучаніца 8 класа Фядорскай сярэдняй школы Скрабец Вольга – дыплом трэцяй ступені па беларускай мове і літаратуры.

Дыпломы першай ступені на другім этапе алімпіяды атрымалі: па фізіцы – вучань 9 класа сярэдняй школы № 1 г. Давыд-Гарадка Петравец Уладзіслаў, па тэхнічнай працы – вучань 10 класа сярэдняй школы № 3 г. Століна Фадзееў Багдан, па гісторыі – вучань11 класа Глінкаўскай сярэдняй школы Ракала Антон, па хіміі – вучань 9 класа Столінскай гімназіі Дзенісовіч Мікалай і вучаніца 11 класа сярэдняй школы № 2 р. п. Рэчыца Ляўко Кацярына, па біялогіі – вучань 11 класа Веляміцкай сярэдняй школы Рагоцкі Уладзіслаў, па грамадазнаўстве - вучань 10 класа Церабліцкага ВПК яслі-сад –сярэдняя школа Паўловіч Уладзіслаў і вучаніца 11 класа Церабяжоўскай сярэдняй школы Каржоўнік Вераніка, па геаграфіі – вучаніца 10 класа сярэдняй школы № 2 г. Давыд-Гарадка Ядлоўская Лія і вучаніца 11 класа Столінскай дзяржаўнай гімназіі Дульская Настасся, па матэматыцы – вучань 10 класа сярэдняй школы № 3 р. п. Рэчыца Белавус Ігар, па англійскай мове – вучань 10 класа Столінскай дзяржаўнай гімназіі Пульман Ілья і вучаніца 11 класа Столінскай дзяржаўнай гімназіі Пашкевіч Кацярына, па нямецкай мове – вучаніца 10 класа Аздаміцкай сярэдняй школы Кадоліч Аліна і вучаніца 11 класа сярэдняй школы № 3 г. Століна Валодзька Кацярына, па французкай мове – вучаніца 10 класа Рубельскай сярэдняй школы Ляшкевіч Таццяна, па абслуговай працы – вучаніца 11 класа Фядорскай сярэдняй школы Буйніч Кацярына, па рускай мове і літаратуры – вучаніца 10 класа Фядорскай сярэдняй школы Радцэвіч Святлана і вучаніца 11 класа Столінскай гімназіі Ашуркевіч Таццяна, па беларускай мове і літаратуры – вучаніца 10 класа Глінкаўскай сярэдняй школы Язубец Наталля.

Рыгор Васільевіч адказаў на пытанні дыпламантаў. Абмеркавалі, якія прафесіі актуальныя сёння, як павялічыць колькасць рабочых месцаў у раёне, якія перспектывы маюць невялікія населеныя пункты, якімі якасцямі павінен валодаць кіраўнік і г. д.

Ад імя вучняў выступіла Цярлецкая Вікторыя, якая выказала словы падзякі вершаванымі радкамі ўласнага сачынення.

Сустрэча-ўшанаванне завяршылася наведваннем выставачнай залы і знаёмствам з экспазіцыяй народнага майстра Івана Супрунчыка.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Фота Людмілы КАСПЯРОВІЧ і Наталіі КЛІМУШКА