Сапраўдны настаўнік аддае сэрца дзецям

31.05.2016

Як расказала карэспандэнту “НП” загадчыца навучальна-метадычнага кабінета Валянціна Аляксандраўна Грэчка, кожны год на працу ў аддзел адукацыі, спорту і турызму прыходзіць каля 70 маладых спецыялістаў.  На працягу навучальнага года працуе школа станаўлення маладога педагога першага года работы.  На базе ўстаноў адукацыі раёна праводзяцца паседжанні, падчас якіх  маладыя спецыялісты набываюць тэарытычныя і практычныя веды.  У іх з’яўляецца магчымасць  наведаць урокі  вопытных настаўнікаў,  атрымаць адказы на пытанні, якія іх хвалююць, і вырашыць разам сітуацыі, якія ўзніклі ў працэсе  працоўнай дзейнасці маладых настаўнікаў-прадметнікаў ці класных кіраўнікоў.

13 мая на базе летняга аздараўленчага лагера “Гарынь”  прайшоў спартыўна-інтэлектуальны турзлёт  маладых спецыялістаў  раёна ў межах выніковага пасяджэння школы станаўлення маладога педагога.  Сустрэчы папярэднічала самастойная работа-дамашняе заданне: маладыя настаўнікі падрыхтавалі эсэ на тэму “Формула поспеху маладога спецыяліста”.

Прывітала ўдзельнікаў турзлёту  загадчыца навучальна-метадычнага кабінета Валянціна Грэчка і пазнаёміла з планам работы. Тэматыка сустрэчы была прысвечана сучаснаму ўроку, таму метадысты навучальна-метадычнага кабінета падрыхтавалі для маладых педагогаў актыўныя формы і метады, якія адпавядалі асноўным этапам урока. 

 У працэсе работы настаўнікам прапанавалі выкарыстаць прыём “Інтэрв’ю”. Яны падзяліліся на пары і ў інтэрактыўнай форме расказалі пра свайго субяседніка. Візуалізацыя паняццяў, звязаных з сучасным урокам, паказала, якія праблемы ўзнікаюць ў  маладых спецыялістаў пры падрыхтоўцы да ўрока.  Пытанні ў іх выклікаюць кампетэнтнасны, асабіста-арыентаваны, дыферэнцыраваны падыходы, індывідуалізацыя і  мэтапакладанне.

Метадысты  выкарысталі “мяшочак ідэй”, каб сфарміраваць дзве каманды. Маладыя спецыялісты прэзентавалі назву, дэвіз і эмблему сваёй каманды. Паміж “Кактусамі” і “Капітанамі” прайшлі  напружаныя спаборніцтвы. Яны ўявілі сябе журналістамі і падрыхтавалі нататку ў газету пра казачных герояў - Чырвоную Шапачку і Ваўка, паспрабавалі прымераць на сябе ролі герояў, імправізавалі па матывах вядомай казкі “Рэпка”, пісалі свае ідэі для “мяшочка ідэй” па арганізацыі прадуктыўнага сучаснага ўрока і адстойвалі сваё меркаванне, правялі рэфлексію “На шчасце… На жаль…” і  г. д. Паказалі настаўнікі і свае кулінарныя здольнасці і кожная каманда прэзентавала сваю страву “Сучасны настаўнік”. Крэатыўнасць педагогаў прымусіла ўсміхнуцца, калі быў паказаны вобраз настаўніка на пачатку працоўнага дня і вынікі яго працоўнай дзейнасці. А вось думка, што “настаўнік аддае сэрца дзецям”,  прымусіла кожнага  ацаніць сваю работу.

Не абышлося на турзлёце без спартыўных спаборніцтваў паміж камандамі. Прывітаў удзельнікаў мерапрыемства дырэктар Глінкаўскай сярэдняй школы Віктар Васільевіч Язубец і прапанаваў ім прыняць ўдзел у эстафетах.  Паспрабавалі маладыя спецыялісты прадэманстраваць свае ўменні хутка і якасна збіраць-разбіраць палатку, што абавязкова спатрэбіцца многім пры арганізацыі паходаў з вучнямі. Дадзеная прапанова выклікала шмат станоўчых эмоцый і вельмі спадабалася настаўнікам.

Пры падвядзенні вынікаў сустрэчы метадысты выкарысталі методыку “Дрэва”, якая дазволіла кожнаму ацаніць узровень прафесійных дасягненняў за год. Маладыя спецыялісты выказалі меркаванне, што першы працоўны год у школе даў ім значна больш практычных і тэарытычных ведаў у параўнанні з перыядам вучобы з навучальных установах. Яны адзначылі, што дадзенае мерапрыемства дазволіла ім   пазнаёміцца, падзяліцца ўражаннямі, абмяняцца вопытам, атрымаць добрую параду, унесці пэўныя карэктывы ў сваю работу і шмат станоўчых эмацый, а атрыманыя веды знойдуць сваё адлюстраванне ў практычнай дзейнасці.

Турзлёт  маладых спецыялістаў скончыўся сумесным выкананнем фінальнай песні і  напрыканцы сустрэчы кожны атрымаў сертыфікат удзельніка школы станаўлення  маладога спецыяліста першага года работы. Маладыя настаўнікі пакінулі лагер “Гарынь” у добрым настроі і з думкай аб тым, што кавалачак сэрца яны павінны аддаць дзецям, каб пакінуць свой след на зямлі.



Людміла КАСПЯРОВІЧ