Медыяадукацыя. Абмен вопытам са швецкім калегам

31.05.2016

11 мая на базе сярэдняй школы № 2 г. Століна ў межах работы  пастаянна дзеючага семінара «Медыяадукацыя як сродак актывізацыі пазнавальнай цікавасці і фарміравання інфармацыйнай культуры вучняў», які на працягу навучальнага года праводзіла дырэктар школы Ала Мікалаеўна Лазіцкая,  сабраліся настаўнікі-прадметнікі ўстаноў адукацыі  раёна - самыя актыўныя ўдзельнікі семінара. Заключны занятак па медыяадукацыі з педагогамі правялі начальнік цэнтра прафесійнага развіцця і інавацыйнай адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Алена Уладзіміраўна Радзевіч, метадыст аддзела метадычнага забеспячэння гісторыка-грамадазнаўчай і сацыякультурнай адукацыі   Нацыянальнага інстытута адукацыі  Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь  Алена Аляксандраўна Палейка і шведскі педагог Ёран Андэрсан.

Як адзначыла Алена Радзевіч, сёння  перад грамадствам, а ў першую чаргу -  перад педагогамі,  востра стаіць праблема выхавання культуры спажывання масавай інфармацыі і фарміраванне асноўных камунікатыўных навыкаў сучасных дзяцей, падлеткаў, моладзі. У Беларусі пакуль робяцца толькі першыя крокі па ўкараненні медыяпісьменнасці ў навучальны працэс. Медыяадукацыя толькі пачынае развівацца як самастойны кірунак і набывае ўсё большае і большае значэнне. У нашай краіне ў адукацыйны працэс актыўна і вельмі хутка ўкараняюцца ўсё новыя інфармацыйныя, медыйныя, праектныя тэхналогіі, дыстанцыйнае навучанне, электронныя сродкі навучання.  Паўсядзённае жыццё немагчыма ўявіць без медыя, што вымагае  хуткага авалодання медыйнымі сродкамі і набывацця   вопыту іх выкарыстання. У інфармацыйнай прасторы павінны ўзаемадзейнічаць медыяадукаваныя настаўнікі і вучні. Медыяадукацыя – велізарная сфера і ва ўсіх установах адукацыі існуе  праблема правільнай арыентацыі ў ёй і фільтрацыі неабходнай інфармацыі.  Таму гэтая задача сёння стаіць перад настаўнікам.

Для знаёмства з педагогамі і больш плённай працы Алена Уладзіміраўна і Алена Аляксандраўна выкарысталі актыўныя метады і прыёмы інтэрактыўнай формы работы.  Педагогам прапанавалі папрацаваць у парах, за кароткі час даведацца пра свайго субяседніка і расказаць пра яго ў форме рэкламы, інтэрв’ю, нататкі ў газету і г. д.

Знакаміты медыятар, настаўнік гісторіі і грамадазнаўства Ёран Андэрсан пачаў знаёмства з аўдыторыяй з аповеду пра тое, што ў 70-я гады працаваў настаўнікам гісторіі і грамадазнаўства вучняў з 14 да 19 гадоў. Ён захапляецца прыродай і вельмі любіць збіраць грыбы ў пачатку верасня. Ёран Андэрсан адзначыў, што падчас васьмігадзіннай паездкі па Прыпяці адчуў штосьці неверагоднае. Медыятар абяццаў абавязкова вярнуцца на Палессе, якое запала яму ў душу, і абяццаў прывезці з сабой групу аднадумцаў.

Ёран Андэрсан сёння з’яўляецца кіраўніком шведскай арганізацыі «Медыякомпас” – асноўнага памочніка настаўніка.  Ён працуе з інфармацый, якая неабходна настаўнікам і вучням. Ужо больш 20-ці гадоў Ёран Андэрсан займаецца пытаннем медыяадукацыі.

Ён расказаў настаўнікам пра сістэму адукацыі Швецыі і адзначыў, што на радзіме медыятра вельмі строгія законы, якія тычацца інфармацыйнай адказнасці. Ён падкрэсліў, што ўсяго некалькі дзясяткаў гадоў таму паток медыяінфармацыі быў абмежаваны трыма-чатырма тэлеканаламі, цэнтральнымі газетамі і некалькімі часопісамі,  а сёння падлетак знаходзіцца ў медыяпалоне. Інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, рэклама, камерцыйныя аб'явы, тэленавіны, кінафільмы, музыка, мноства радыёстанцый... Ні адно папярэдняе пакаленне моладзі не сутыкалася з такім імклівым патокам інфармацыі.  Каб абараніць дзяцей ад шкоднага ўздзеяння медыя, у школе іх вучаць, як правільна адсяваць і аналізаваць атрыманую інфармацыю, развіваюць назіральнасць і крытычнае мысленне.

У першыя гады работы на тыдзеньнаведваў прыблізна тры-чатыры школы. Арыентаваліся на друкаваную прадукцыю, але з тых часоў свет змяніўся, і задача ўскладнілася, - канстатуе Ёран ​​Андэрсан, - 20 гадоў таму былі журналісты з імёнамі, да якіх прыслухоўваліся. Цяпер ледзь ці не кожны лічыць сябе журналістам. У асабістых блогах, сацыяльных сетках, у чатах і на форумах многія  імкнуцца падзяліцца з усім светам сваімі думкамі ці неправеранай інфармацыяй. Сёння любы чалавек можа быць сродкам мас-медыя: пляцоўкамі для «новых журналістаў» становяцца «Твітэр», «Инстаграм», «Фэйсбук» і г. д.    Падлеткаў выкладваюць у інтэрнэце інфармацыю, якую нельга размяшчаць, і яны не разумеюць наступстваў сваіх бяздумных паводзін. Вось чаму веды, якія мы распаўсюджваем ў школах праз “Медыякомпас”, вельмі важныя і карысныя для ўсіх.

Цяпер аўдыторыя ў 1,5 тысячы настаўнікаў  пастаянна атрымлівае   рассылку з карыснай інфармацыяй, якую рыхтуе для іх Ёран Андэрсан, што значна спрашчае падрыхтоўку да ўрокаў. Ён адзначыў, што ўжо адзін малюнак без подпісу нясе 85 працэнтаў інфармацыі, а з дапамогай мастацтва фатаздымка можна эмацыйна ўздзейнічаць на аўдыторыю. Педагог лічыць, што медыяпісьменнасць дазваляе выхаваць крытычнага чытача, які прымярае на сабе  ролю сапраўднага журналіста і здольны адфільтраваць неабходную інфармацыю ў сацыяльнай сетцы, якая патрэбна для работы. Для гэтага павінны быць спецыяльныя сайты для медыяадукацыі, на прыкладзе якіх дзеці будуць вучыцца выбіраць інфармацыю. Ёран Андэрсан заклікаў педагогаў працаваць пісьменна з медыя і крытычна адносіцца да паступаючай інфармацыі, знаходзіць неабходнае, арыентавацца ў адзіный інфармацыйнай прасторы і, самае галоўнае, – падрыхтаваць новае пакаленне да жыцця ў сучасным грамадстве.

Заключным момантам сустрэчы стаў круглы стол па падвядзенні  вынікаў праведзенай работы ў інтэрактыўнай форме, падчас чаго яго ўдзельнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі ад ўбачаннага і пачутага. Былі агучаны пажаданні працягваць работу ў гэтым кірунку, звярнуцца да практычнага прымянення медыя ў практычнай дзейнасці, праводзіць майстар-класы дадзенай тэматыкі і абмяняцца дэлегацыямі, каб на практыцы ўбачыць рэзультатыўнасць работы па медыяадукацыі і пераняць вопыт замежных калег.

Людміла КАСПЯРОВІЧ