Конкурс прафесійнага майстэрства

11.05.2016

У актавай зале Столінскай гімназіі прайшоў конкурс прафесійнага майстэрства педагогаў дадатковай адукацыі “Сэрца аддаю дзецям”. Яго ўдзельніцы – педагогі дадатковай адукацыі Кацярына Пятроўна Гузіч, Анжаліка Васільеўна Калавур, Руслана Віктараўна Котка са Столінскага і Іна Мікалаеўна Петрусевіч і Марына Аляксандраўна Кравец з Давыд-Гарадоцкага цэнтраў дзіцячай творчасці.

Удзельніц конкурсу вітала намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Алена Васільеўна Васькавец. У журы – спецыялісты галоўныя спецыялісты аддзела адукацыі, спорту і турызму Валянціна Васільеўна Марчанка, Алена Мікалаеўна Максімовіч, метадыст навучальна-метадычнага кабінета Ала Андрэеўна Велясніцкая і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Столінскай гімназіі Таццяна Якаўлеўна Жук.

Канкурсанткі  прайшлі завочны этап конкурсу, на які прадставілі свае праграмы работы і метадычныя матэрыялы, правялі адкрытыя відэазаняткі, і ўжо набралі пэўную колькасць балаў. А на сцэне іх чакалі новыя заданні.

Педагог дадатковай адукацыі – гэта не проста прафесія, гэта мастацтва выхавання і навучання дзяцей, далучэння іх да цудоўнага свету прыгажосці і творчасці. У самапрэзентацыі “Маё педагагічнае крэда” яны павінны былі раскрыць вядучыя педагагічныя ідэі, свае жыццёвыя прыярытэты, стаўленне да дзяцей, калег, прафесіі.

У ходзе прэзентацый стала вядома, якім відам творчасці вучаць педагогі сваіх выхаванцаў, што лічаць галоўным.

Марына Кравец уводзіць дзяцей у цудоўны свет гармоніі і  натхнення, навучае дзяцей мастацтву харэаграфіі. 

Руслана Котка лічыць, што свет выратуе душэўная прыгажосць, а ў жыцці не бывае бязвыхадных сітуацый, бо яно якраз і даецца на тое, каб знаходзіць выйсце з любых сітуацый. У аб’яднаннях па інтарэсах яна займаецца з рабятамі валанцёрскім рухам, псіхалагічным трэнінгам, драматычнымі пастаноўкамі.

Калі ты ўдала выбраў сваю працу і ўкладваеш ў яе душу, то шчасце само адшукае вас, важна пакінуць дастойны след – пераканана Кацярына Гузіч. Малады спецыяліст навучае дзетак асновам жывапісу.

Працоўны дэвіз Іны Петрусевіч, якая выкладае ўрокі мадэліравання, крою і шыцця, – “Да работы – творча, да дзяцей – з любоўю”.

Анжаліка Калавур вучыць дзяцей спевам, імкнецца знайсці ў сваіх выхаванцах “ізюмінку”, зярнятка творчасці, развіць і падтрымаць яго.

Канкурсанткі  дэманстравалі агульную эрудыцыю ў імправізацыі пад назвай “Замарочкі з бочкі”, рашалі педагагічныя сітуацыі па сюжэтах дзіцячага гумарыстычнага часопіса “Ералаш”, спрабавалі сябе ў якасці акцёраў у конкурсе “Мастацтва пераўвасаблення”.

Заключным быў конкурс “Свет маіх захапленняў”. Чым толькі ні захапляюцца педагогі! Падарожнічаюць, фатаграфуюць, калекцыяніруюць афарызмы і крылатыя выразы, разводзяць кветкі і маюць чатырохногіх сяброў… А часта ўвогуле цяжка знайсці мяжу паміж іх работай і хобі.

Усе яны падрыхтавалі мультымедыйныя прэзентацыі, а на сцэне мы ўбачылі смелых, знаходлівых, таленавітых людзей, якія носяць высокае імя Педагог – чалавек, які нясе святло, веды, дабрыню, творчасць і ўсё гэтае аддае дзецям. Яны пастаянна знаходзяцца ў пошуку, выклікаюць цікавасць да сваіх заняткаў, дапамагаюць стварыць нешта новае, умеюць знайсці агульную мову з бацькамі і заўсёды гатовы падтрымаць сваіх калег.

І ўсё ж конкурс ёсць конкурс. І пераможцай яго па колькасці набраных балаў стала педагог дадатковай адукацыі Столінскага цэнтра дзіцячай творчасці Руслана Віктараўна Котка. Кацярына Пятроўна Гузіч стала лепшай у намінацыі “Педагагічны дэбют”, Анжаліка Васільеўна Калавур – “Сэрца аддаю дзецям”, Іна Мікалаеўна Петрусевіч – “Талент і творчасць”, Марына Аляксандраўна Кравец – “Падтрымка, Творчасць, гармонія”. Канкурсанткі ўзнагароджаны граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму і каштоўнымі падарункамі.

Руслана Віктараўна будзе адстойваць гонар Століншчыны на абласным конкурсе.

Перапынкі паміж конкурснымі заданнямі запаўнялі музычнымі нумарамі ў выкананні навучэнцаў гімназіі.

Галіна ГАШЧУК