Сустрэча праз 3 гады

30.03.2016

25 сакавіка 2016 года дэлегацыя аддзела адукацыі, спорту і турызму Столінскага райвыканкама наведала  Дубровіцкі раён Украіны. Першай дэлегацыю педагогаў з суседняй Украіны прымала Століншчына 29 лістапада 2013 года, а зноў сустрэцца ўдалося амаль праз 3 гады.

     Дубровіччына сустрэла дэлегацыю цудоўным, па-сапраўднаму вясновым сонечным надвор’ем, на мяжы дзвюх дзяржаў гучалі вітальныя песні, хлеб-соль ад калег з Украіны атрымалі ў знак пашаны як самым дарагім і паважаным гасцям.

     Праграма семінара была вельмі насычанай. Мы наведалі Лютынскую сярэднюю школу, ліцэй, цэнтр дзіцячай творчасці, дзіцячы садок у Дубровіцы, сярэднюю школу ў вёсцы Бярэсце. Дзякуючы менавіта наведванню розных устаноў адукацыі, педагогі Століншчыны атрымалі поўную інфармацыю аб асаблівасцях арганізацыі адукацыйнага працэсу, вольнага часу вучняў суседняй дзяржавы. Сістэму работы ўпраўлення адукацыі прадставіла начальнік Стасюк Ніна Іванаўна. У многім мы падобны, паколькі ў свой час сталі нашчадкамі адной агульнай дзяржавы, якая аб’ядноўвала славянскія народы. Адукацыя вырашае агульныя задачы: выхаваць сапраўднага грамадзяніна, асобу адказную, адукаваную, якая здольна прымаць рашэнні і актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці краіны. Кожная наведаная ўстанова адукацыі пакінула свае незабыўныя ўражанні: у ліцэі, школе ў Бярэсці – цудоўная матэрыяльная база,таленавітыя, творчыя педагогі, пераможцы шматлікіх прафесійных конкурсаў, цэнтр дзіцячай творчасці апраўдвае сваю назву: усе дзеці-удзельнікі гурткоў, студый, педагогі – сапраўдныя таленты, дзіцячы садок праводзіць значную работу па захаванні і ўмацаванні здароўя вучняў, а школа ў Лютынску захоўвае цудоўныя традыцыі выхавання падрастаючага пакалення. Усюды нас віталі дзеці, педагогі, гучалі ўкраінскія песні, вершы, а эстэтычны густ задавальнялі народныя танцы ў каларытных нацыянальных касцюмах.

     Пры падвядзенні вынікаў кожны з членаў дэлегацыі падзяліўся сваімі ўражаннямі, выказаў пажаданне далейшага супрацоўніцтва паміж установамі адукацыі.

          Словы падзякі за цёплы прыём, шчырасць, адкрытасць і гасціннасць гучалі ў адрас калег з Украіны.

    …Развітанне – гэта не зусім развітанне, гэта спадзяванне на новыя сустрэчы, плённае супрацоўніцтва, адраджэнне тых традыцый, якія былі паміж добрасуседскімі дзяржавамі, і пра якія, дарэчы, у час сустрэчы часта ўзгадвалі педагогі Століншчыны і Дубровіччыны.