Абласны семінар кіраўнікоў раённых навучальна-метадычных аб’яднанняў, дырэктароў школ

30.03.2016

23 сакавіка ў Столінскім  раёне  прайшоў абласны семінар  кіраўнікоў раённых навучальна-метадычных аб’яднанняў, дырэктароў школ “Змест і форма арганізацыі бесперапыннага прафесійнага навучання кіраўніцкіх кадраў на ўзроўні раёна".  У рамках семінара  прынялі удзел 19 чалавек.

Знаёмства з сістэмай адукацыі нашага раёна пачалося з экскурсіі па Лядзецкім ВПК яслі-сад сярэдняя школа. Адкрыццё абласной прэзентацыі вопыту правяла метадыст навучальна-метадычнага цэнтра  ўпраўленчай дзейнасці ў адукацыі Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі Ларыса Яўгенаўна Медзічанка, а начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Столінскага раёна Аляксандр Мікалаевіч Вячорка гаварыў пра адукацыйную прастору  раёна.

У Лядзецкім ВПК яслі-сад сярэдняя школа была праведзена работа, накіраваная на развіццё прафесійнай кампетэнтнасці педагагічных кадраў. Загадчык навучальна-метадычнага кабінета Валянціна Аляксандраўна Грэчка арганізавала метадычны вернісаж, які адпавядаў тэме абласнога семінара “Змест і форма арганізацыі бесперапыннага прафесійнага навучання кіраўніцкіх кадраў на ўзроўні раёна". Кіраўнік клуба “Перспектыва” Аксана Мікалаеўна Ляшук пазнаёміла з работай клуба, што выклікала шмат станоўчых водгукаў. Удзельнікі семінара адзначылі практычную накіраванасць матэрыялаў і той каласальны ўклад, які ўнеслі члены клуба для далейшай практычнай работы кіраўнікоў устаноў адукацыі раёна.  Дырэктар Аксана Мікалаеўна Ляшук і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Лядзецкага ВПК яслі-сад сярэдняя школа Святлана Рыгораўна Царык правялі  таксама маніторынг ўпраўленчай дзейнасці, што было адзначана як аспект павышэння якасці адукацыі.  Гучалі выказванні пра змястоўнасць работы, якая праводзіцца адміністрацыяй ва ўстанове адукацыі па  ўпраўленчай дзейнасці і  прыняцці ўпраўленчых рашэнняў.

У сярэдняй школе № 3 г. Століна са зместам і формамі арганізацыі школы станаўлення маладога кіраўніка  ўстановы адукацыі пазнаёміла гасцей дырэктар школы, кіраўнік школы станаўлення маладога дырэктара Людміла Андрэеўна Андрыяшка. Прысутным прапанавалі праглядзець відэа-інтэрв’ю з маладымі дырэктарамі школ (альшанская сярэдняя школа № 1 - Лемяза Міхаіл Ільіч, Стружская сярэдняя школа – Дзенісовіч Міхаіл Рыгоравіч, Плотніцкая сярэдняя школа – Бокша Наталля Васільеўна), падчас якога яны адказалі на пытанне: “Што ім дае школа станаўлення маладога дырэктара?”

Людміла Андрыяшка звярнулася да сістэмы кіравання метадычнай работай установы адукацыі па стварэнню ўмоў для павышэння прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў. Да ўвагі гасцей быў прапанаваны прагляд інтэрактыўнага метадычнага фестывалю, што выклікала непараўнальныя ўражанні ад убачанага і пачутага.

 Правяла ўдзельнікаў абласнога семінара і Церабяжоўская сярэдняя школа.   З прэзентацыяй работы раённага навучальна-метадычнага аб’яднання кіраўнікоў школ раёна выступіла дырэктар школы, кіраўнік раённага навучальна-метадычнага аб’яднання дырэктароў школ Людміла Лявонцьеўна Цупа. Яна гаварыла пра ролю кіраўніка ў фарміраванні станоўчага іміджу ўстановы адукацыі. Пасля Валянціна Грэчка правяла дзелавую гульню “Ад іміджу педагога да іміджу ўстановы адукацыі”, а заключным момантам сустрэчы стаў круглы стол, падчас якога удзельнікі мерапрыемства падзяліліся ўражаннямі ад наведвання Століншчыны і знаёмства з сістэмай адукацыі раёна. Яны адзначалі змястоўнасць і грунтоўнасць работы педагогаў, гаварылі, што заслужвае ўвагі і распаўсюджвання вопыт  работы многіх устаноў адукацыі нашага раёна. Таму і сёння на адрас некаторых ўстаноў адукацыі паступаюць падзякі ўдзельнікаў абласнога семінара і просьбы падзяліцца напрацаванымі матэрыяламі і вопытам работы.

 Людміла КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара