Навізна, сістэмнасць і рэзультатыўнасць

21.03.2016

Фінал раённага конкурсу “Мадель метадычнай сістэмы ўстановы адукацыі” прайшоў 15 сакавіка ў Столінскай дзяржаўнай гімназіі. Для ўдзелу ў конкурсе было пададзена 23 заяўкі з устаноў адукацыі раёна. Журы вызначыла пераможцаў.

У намінацыі “Лепшая мадэль метадычнай работы ва ўстанове адукацыі” дыпломам аддзела адукацыі, спорту і турызму І ступені ўзнагароджана сярэдняя школа № 3 г. Століна, дыпламам ІІ ступені - Столінская дзяржаўная гімназія і Лядзецкага ВПК яслі-сад сярэдняя школа, а дыпломам ІІІ ступені -  Хатамельская сярэдняя школа. У намінацыі “Лепшая мадэль метадычнай работы ў школьным, міжшкольным метадычным аб’яднанні” дыпломам І ступені адзначана альшанская сярэдняя школа № 1, дыпломам ІІ ступені -  Асаўская сярэдняя школа, дыпломам ІІІ ступені -  Аздаміцкая сярэдняя школа. 

Загадчык навучальна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Валянціна Аляксандраўна Грэчка адзначыла, што арганізацыя работы ў навучальных ўстановах павінна быць педагагічна мэтанакіраванай. Яна павінна абапірацца на пастаяннае самаразвіццё і самаадукацыю педагога. Вельмі важна, каб кожны настаўнік сур’ёзна ставіўся да рэалізацыі  асобаснага падыходу ў сваёй педагагічнай дзейнасці.

Пасля ўдзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць паглядзець майстар-класы. Дырэктар сярэдняй школы № 2 г. Століна Ала Мікалаеўна Лазіцкая правяла майстар-клас па тэме “Медыяадукацыя як сродак актывізацыі пазнавальнай дзейнасці і інфармацыйнай культуры вучняў”, намеснік дырэктара па вучэбнай дзейнасці Лядзецкага ВПК яслі-сад сярэдняя школа  Святлана Рыгораўна Царык - “Урокаў карэкцыі у камунікатыўнай калектыўна-размеркавальнай форме дзейнасці”, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Асаўской сярэдняй школы Валянціна Міхайлаўна Платніцкая – “Камунікатыўная калектыўна-размеркавальная форма дзейнасці на вучэбных занятках”, настаўнік замежнай мовы Аздаміцкай сярэдняй школы Сямейка Алена Аляксееўна – “Ацэначная дзейнасць у школьнай адукацыі”.

Напрыканцы сустрэчы педагогі змаглі абмяняцца меркаваннямі наконт праведзенай работы. Яны адзначалі навізну, сістэмнасць, рэзультатыўнасць дзейнасці, а майстар-класы прызналі новым подыхам для арганізацыі работы з вучнямі, бо галоўнае - не стаяць на месцы, а няспынна рухацца наперад.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара