Дасягненне сучаснай якасці адукацыі

04.03.2016

Традыцыйна ў лютым  ва ўстановах адукацыі Столінскага раёна  праводзіцца метадычны тыдзень. Кожны год тэматыка правядзення метадычнага тыдня вызначаецца ў адпаведнасці з напрамкамі дзейнасці сістэмы адукацыі.

      Загадчык навучальна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Столінскага раёна  Валянціна Аляксандраўна Грэчка  адзначае, што ўстойлівае развіццё  нашага грамадства мае патрэбу ў адукаванай, творчай, крэатыўнай асобе, здольнай да канструктыўнай самарэалізацыі. Менавіта ў адукацыйнай прасторы закладваецца гуманітарны падмурак палітычнага, эканамічнага і тэхналагічнага развіцця, і ў гэтым працэсе ўзрастае сацыяльная адказнасць педагогаў за маральна-духоўнае выхаванне дзяцей і моладзі, падрыхтоўку  вучняў да паўнацэннага жыцця ў грамадстве, да працягу адукацыі і далейшай прафесійнай сацыялізацыі.

-          Па гэтай прычыне і прапанавалі настаўнікам звярнуцца да тэмы “Адкрытасць і ўзаемадзеянне як умова дасягнення сучаснай якасці адукацыі”, - гаворыць Валянціна Аляксандраўна. –  Метадычны тыдзень ва ўстановах праходзіць у атмасферы творчасці, супрацоўніцтва і паказвае высокі вынік работы настаўнікаў школы.  Кожны дзень гэтага тыдня максімальна зацікаўлівае вучняў і ўводзіць у актыўную работу, ствараючы ўмовы для маральнага, інтэлектуальнага і эмацыянальнага самавыражэння школьнікаў. Вучні маюць магчымасць раскрыцца і рэалізаваць свае творчыя магчымасці, а таксама паказаць высокі ўзровень камунікабельнасці  і ўменне садзейнічаць адзін  адныму.

 На працягу метадычнага тыдня  прадуктыўна працавалі многія  педагагічныя калектывы ўстаноў адукацыі раёна. Сярод іх можна вылучыць сярэднюю школу № 3 г. Століна, сярэднюю школу № 2 г. Давыд-Гарадка, Лядзецкую, Асаўскую і іншыя школы.

Напрыклад, у сярэдняй школе № 3 г. Століна чацвёрты дзень напружанай працы ў межах метадычнага тыдня не пазбавіў педагогаў ні плёну, ні творчых памкненняў. У актавай зале шла рэпетыцыя педагогаў. “Трэба было Вам зайсці  паглядзець, - запэўнілі настаўнікі. – Мы такое прыдумалі, вельмі цікава: і песні, і танцы… Адным словам -  палёт фантазіі і ведаеце, які запал энергіі і сіл. Самім цікава і хочацца працаваць не пакладаючы рук.”

Тым часам у актавай зале вучні старэйшых класаў пад кіраўніцтвам настаўнікаў замежнай мовы Галавач С. Я. і Бандарчук С. М. прадставілі гледачам - вучням малодшых класаў - тэатральныя пастаноўкі на замежнай мове. У гэты ж дзень прайшоў адкрыты ўрок па геаграфіі (настаўнік Вабішчэвіч В. І.), адкрыты карэкцыйны занятак на тэму “Знаходжанне і выпраўленне памылак” пад кіраўніцтвам Гашчук Ж. І.,   адкрытая класная гадзіна (настаўнік Яхнавец Н. У.) у выглядзе вуснага журнала, падчас якой вучні 3 класа абмеркавалі, што “Кніга – твой найлепшы сябар”.

-          Тыдзень выдаўся вельмі насычаным разнастайнымі мерапрыемствамі, - расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Любоў Якаўлеўна Арсяновіч. – Кожны дзень запланаванна правядзенне  адкрытых урокаў, трэнінгаў, практыкумаў, семінараў, майстар-класаў і г. д.  

У Асаўской сярэдняй школе  метадычнай рабоце прысвяцілі цэлую дэкаду.

-  У межах тыдня педагогі нашай  установы адукацыі праз адкрытыя вучэбныя і факультатыўныя заняткі прадэманстравалі рэалізацыю самаадукацыйных тэм, - расказала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Асаўской сярэдняй школы Валянціна Міхайлаўна Платніцкая. –  Падчас узаеманаведвання ўдасканаліліся навыкі аналізу заняткаў, зроблены відэафрагменты этапаў урокаў, дзе яскрава дэманстраваліся педагагічныя тэхналогіі, метады і прыемы навучання, якія асвоілі педагогі.

Настаўнік геаграфіі, кіраўнік міжшкольнага вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў геаграфіі, член раённай творчай групы настаўнікаў геаграфіі Хоміч Л. В. правяла майстар-клас па тэме”Мнагамерныя дыдактычныя тэхналогіі ў выкладанні вучэбных прадметаў прыродазнаўчага і грамадска-гістарычнага напрамку”, намеснік дырэктара па вучэбна- выхаваўчай рабоце Платніцкая В. М. – майстар-клас па тэме”Камунікатыўная калектыўна-размеркавальная форма дзейнасці на вучэбных занятках”.

 З  22  па 26 лютага сярэдняй школе № 2 г. Давыд-Гарадка згодна з планам метадычнага тыдня было праведзена шэраг мерапрыемстваў.

-          Неабходна адзначыць грунтоўную і дбайную падрыхтоўку да адкрытых ўрокаў і мерапрыемствам наступных педагогаў: Мамайкі Ю. У. (настаўнік матэматыкі і інфарматыкі), і Савіч Р. І. (настаўнік матэматыкі), Куст Л. М. (настаўнік рускай мовы і літаратуры), Крох М. М. (настаўнік інфарматыкі), Якімавай Т. У. (настаўнік беларускай мовы і літаратуры), Плескацэвіч Л. В. (выхавальнік), - адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2 г. Давыд-Гарадка Наталля Уладзіміраўна Свірыдчук. - Педагогі пазнаёмілі калегаў з рознымі формамі правядзення сучасных урокаў і пазакласных мерапрыемстваў. Цікавую форму адкрытага ўрока выбралі настаўнікі 3-х класаў Кунштэль І. А., Мігалевіч Л. М .   На працягу тыдня педагогі мелі магчымасць пазнаёміцца ​​з метадычнымі навінкамі, прэзентацыя якіх праводзілася ў школьнай бібліятэцы. Завяршыўся метадычны тыдзень пасяджэннем метадычнай рады, на якой былі выпрацаваны прапановы і рэкамендацыі.

   Наталля Уладзіміраўна сцвярджае, што правядзенне мерапрыемстваў у межах метадычнага тыдня даюць вялікі эмацыйны зарад, надоўга запамінаюцца дзецям і педагогам, спрыяюць фарміраванню станоўчай матывацыі вучэбнай дзейнасці, развіваюць асобу педагога.

Людміла КАСПЯРОВІЧ