“Дзеці Эйнштэйна” на Століншчыне

01.02.2016

З 26 па 29 студзеня дэлегацыя Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максама Танка з 29 чалавек  наведала Століншчыну ў межах  51-га Зорнага паходу, прысвечанага Году культуры. У склад дэлегацыі ўвайшлі выкладчыкі  вышэйшай навучальнай установы, студэнты 1-5 курса фізіка-матэматычнага факультэта  “Дзеці Эйнштэйна”, выпускнікі і маладыя настаўнікі, якія праявілі сваю  ініцыятыву і накіраваліся на Палессе.

Першым прыпынкам “Дзяцей Эйнштэйна” стала наведванне Столінскага аграрна-эканамічнага каледжа, дзе яны сустрэліся з навучэнцамі дадзенай установы і выступілі перад імі з канцэртнай праграмай. Са словамі падзякі да гасцей звярнуўся начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Аляксандр Мікалаевіч Вячорка. А пасля госці  наведалі  спартыўны комплекс “Аквамарын”.

Удзельнікі Зорнага паходу падчас свайго візіту на Століншчыну наведалі звыш 15 устаноў адукацыі, сустрэліся са старшакласнікамі, выступілі ў школах з прафарыентацыйнымі канцэртнымі праграмамі, наведалі Цэнтр драўлянай скульптуры І. П. Супрунчыка,  музей сярэдняй школы № 2 г. Давыд-Гарадка, Столінскі краязнаўчы музей,  наведалі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, правялі таварыскую сустрэчу ў  “Аквамарыне”  па валейболе з ветэранамі спорту раёна.   Сустрэчы ва ўстановах адукацыі былі насычаны трэнінгавымі праграмамі  і майстар-класамі. Пазнаёміліся яны і з перыядам ваенных ліхалеццяў на тэрыторыі нашага раёна,  наведалі месцы баявой славы: правялі мітынгі і ўсклалі кветкі воінам-вызваліцелям г. Давыд-Гарадка і г. Століна, а таксама  ва ўрочышчы Стасіна.

 Свой заключны канцэрт 29 студзеня ўдзельнікі 51-га Зорнага паходу правялі ў гарадскім Доме культуры для вучняў старэйшых класаў г. Століна, р. п. Рэчыца, в.Струга, в.Белавуша і в.Церабяжоў.  Усё было прадумана да дробязяў, і выглядала так ярка, незвычайна і цікава, што, пэўна, яшчэ не раз усплыве ў памяці абітурыентаў, якія па-іншаму паглядзелі на АlmaMater студэнтаў фізіка-матэматычнага факультэта, якія  пераадолелі сотні кіламетраў і цяпер з гонарам  і любоўю гаварылі пра  перавагі вышэйшай навучальнай установы са сцэны.  Разнапланавыя творчыя нумары харызматычных, упэўненых ў сабе і вясёлых маладых людзей запалілі ў сэрцах заўтрашніх выпускнікоў агеньчыкі, якія яшчэ доўга будуць гарэць прадстаўленай магчымасцю па-іншаму паглядзець на прафесію настаўніка, на тое, якім ён можа быць  - малады настаўнік і выпускнік БДПУ імя Максіма Танка. “Дзеці Эйнштэйна” на адным дыханні правялі прафарыентацыйны блок з падарункамі для ўдзельнікаў сустрэчы: ручкі, буклеты, фірменныя кубкі з лагатыпам установы, перыядыны ўніверсітэцкі друк і выкарыстанне сімволікі ў спалучэнні з талентам студэнтаў, якія танцавалі, спявалі, паказвалі своё акторскае майстэрства і пазітыўны настрой, які спалучаўся з сапраўдным камандным духам і гумарам  прадстаўнікоў зборнай каманды КВЗ “Лепшыя сябры”, проста зачаравалі гледачоў.

Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Алена Антонаўна Ардашэўская падзякавала гасцям за такі нечаканы і вельмі прыемны візіт, за тую значную работу, якая была праведзена ў школах раёна, за цёплыя словы і той пазітыў, які прывезлі з сабою госці. Яна ад імя старшыні райвыканкама Рыгора Васільевіча Пратасавіцкага ўручыла віншавальны адрас, а  лепшаму гульцу – кубак за перамогу, якую атрымала каманда БДПУ падчас  таварыскай сустрэчы з ветэранамі спортураёна. Кожны ўдзельнік 51-га Зорнага паходу атрымаў невялічкі сувенір на памяць пра наведванне Століншчыны.

Загадчык вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Валянціна Аляксандраўна Грэчка адзначыла, што дадзенае мерапрыемства настолькі спадабалася дзецям і натаўнікам, што ў метадычны кабінет не перастаюць паступаць тэлефонныя званкі  са словамі падзякі ад адміністрацыі навучальных устаноў.

51 Зорны паход студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ імя Максіма Танка стаў адной з самых яскравых, значных і цікавых формаў  грамадзянска-патрыятычнага, культурна-асветніцкага і прафесійнага выхавання моладзі нашага раёна на прыкладзе работы, якая была праведзена гасцямі на працягу  чатырох дзён, якія яны правялі на Палессі  і адзначылі, што былі проста ўражаны гасціннасцю, самабытнасцю, прыгажосцю і непаўторнасцю нашага краю.

Даведачна:

 Ідэя правядзення зорных паходаў нарадзілася ў 1966 годзе, калі студэнты Мінскага педагагічнага інстытута прынялі ўдзел ва Усесаюзным паходзе моладзі па месцах рэвалюцыйнай, баявой і працоўнай славы савецкага народа. Асноўная мэта заключалася ў тым, каб пазнаёміць моладзь прадстаўнікоў усіх саюзных рэспублік з дасягненнямі, жыццём, культурай і побытам народа.   Удзельнікі паходу накіраваліся ў розныя населеныя пункты  Радзімы, а фінішавалі ўсе групы адначасова ў адным месцы. На карце схема такога маршруту па форме нагадвала зорку, што і  дало назву зімоваму паходу – “Зорны”.  Гэтая  традыцыя стала пачаткам зараджэння інстытуцкага турыстычнага клуба, таму  штогадова пасля паспяховай здачы зімовай сесіі студэнты і выкладчыкі едуць у чарговы зорны паход.

У 2016 годзе сем атрадаў лепшых студэнтаў БДПУ імя Максіма Танка,  агульнай колькасцю больш за 200 чалавек,   51 раз накіраваліся ў падарожжа па краіне і наведалі  Маладзечанскі, Барысаўскі, Браслаўскі, Пухавіцкі, Асіповіцкі, Столінскі і Старадарожскі раёны.

Людміла КАСПЯРОВІЧ