Ноўтбук актыўнаму настаўніку

08.12.2015

Так называўся рэспубліканскі конкурс, пераможцай якога  ў намінацыі “Медыяадукацыя па-за ўрокам” стала дырэктар сярэдняй школы № 2 г. Століна, настаўніца рускай мовы і літаратуры Ала Мікалаеўна Лазіцкая і атрымала ноўтбук у падарунак.

-          Другі год наша школа рэалізуе інавацыйны праект “Укараненне мадэлі медыяпісьменнасці ў адукацыйны працэс”, - расказвае Ала Мікалаеўна. - У мінулым годзе ўстанова з’яўлялася інавацыйнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі па гэтай тэме, а цяпер працягвае яго рэалізацыю на ўзроўні ініцыятывы. Каля 20 педагогаў уваходзяць у творчую групу, якая займаецца медыяадукацыяй. Усе яны прайшлі якія-небудзь віды навучання па гэтай тэме – семінары ў Нацыянальным інстытуце адукацыі (НІА), Акадэміі паслядыпломнай адукацыі (АПА) альбо дыстанцыйныя курсы, удзельнічалі ў летніх медыяшколах ва Украіне, Польшчы, Швецыі.

Падчас рэалізацыі праекта выявілася, што перш чым навучаць дзяцей, трэба навучыць настаўнікаў. У мінулым годзе такія заняткі праводзіліся толькі для педагогаў-інаватараў нашай школы. Вялікія аўдыторыі зацікаўленых педагогаў школы і раёна збіралі выязныя семінары на базе нашай установы з удзелам лепшых беларускіх трэнераў-медыяадукатараў з НІА, АПА, БГПУ імя М.Танка. Цікавай падзеяй стаў Міжнародны семінар з удзелам чэшскіх спецыялістаў па медыяадукацыі (дырэктараў чэшскіх школ, адзін з якіх з’яўляецца Саветнікам Міністра адукацыі Чэшскай Рэспублікі). На мерапрыемства былі запрошаны зацікаўленыя педагогі школы, раёна, вобласці.

Інтарэс да гэтага вельмі актуальнага сучаснага напрамку педагогікі ў настаўніцкім асяроддзі раёна інтэнсіўна расце. Дзякуючы гэтай тэндэнцыі, нарадзілася ідэя арганізацыі пастаянна дзеючага семінара. Стартавымі заняткамі стаў майстар-клас “Медыяадукацыя як сродак фарміравання інфармацыйнай пісьменнасці навучэнцаў”. Першымі ўдзельнікамі майстар-класа сталі цікаўныя настаўнікі Брэсцкай вобласці падчас рэгіянальнага этапу Міжнароднага кірмашу сацыяльна-педагагічных праектаў і інавацый, які адбыўся ў верасні 2015 года ў г. Іванава. Тады прыйшла вера і ўпэўненасць у правільнасці абранага кірунку дзейнасці і ў яго запатрабаванасці. Праект дапрацавала, абгрунтавала, падрыхтавала адпаведную візуялізацыю і адправіла на рэспубліканскі конкурс, які вельмі трапна аб’явіла Рэспуліканскае грамадскае аб’яднанне “Таварыства беларускай школы”. Яго ўдзельнікамі былі каля 40 настаўнікаў з розных устаноў адукацыі нашай краіны, сярод іх і настаўнікі-прадметнікі, і кіраўнікі школ. Такая папулярнасць конкурсу сведчыць пра імклівае развіццё беларускай медыадукцыі.

28 лістапада ў Мінску адбылася цырымонія ўзнагароджвання. Усе канкурсанты атрымалі дыпломы ўдзельнікаў конкурсу з рук Юрыя Жыгамонта, вядучага тэлепраграмы “Падарожжа дылетанта”. Інтрыга пра прозвішчы шчасліўцаў захоўвалася… І толькі ў канцы цырымоніі аб’явілі імёны трох пераможцаў (па аднаму ў кожнай намінацыі) і ўручылі ім дыпломы і ноўтбукі ў якасці прыза.

Сёння, сапраўды, вельмі востра стаяць пытанні інтэрнэт-этыкету, праблемы развіцця крытычнага мыслення, успрыняцця інфармацыі з розных крыніц, умення аналізаваць і дэкадаваць разнастайныя медыятэксты (ад традыцыйных мастацкіх твораў, кіно, тэлевізійных праграм да рэкламы, паведамленняў у сацыяльных сетках), вызначаць даставернасць інфармацыі і г. д. Як навучыць гэтаму нашых дзяцей і дарослых? Гэта праблема для сучаснай школы на бліжэйшую будучыню. Таму заснаванне раённага пастаянна дзеючага семінара з’яўляецца своечасовым і актуальным. Другога снежня ў сярэдняй школе №2 г.Століна прайшлі першыя заняткі, на якія зарэгістраваліся 35 настаўнікаў-прадметнікаў з раёна. На працягу года яны збяруцца на семінар чатыры разы. Далучайцеся!

ВІНШУЕМ!!!

Галіна ГАШЧУК