З творчасцю і гасціннасцю сустракаем

12.11.2015

З пятага па шостае лістапада ў Столінскім раёне прайшоў абласны семінар спецыялістаў і  метадыстаў, якія курыруюць прадметы філалагічнага цыкла.

Адкрыла семінар “Сучасныя метадычныя патрабаванні да рэалізацыі прадметнага зместу на вучэбных занятках па рускай і беларускай мове і літаратуры” метадыст Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі Алена Мікалаеўна Піценка. Прывітаў удзельнікаў семінара намеснік старшыні Столінскага райвыканкама Сяргей Фёдаравіч Сідарэвіч, які падрабязна расказаў пра тэндэнцыі развіцця раёна. Стан і перспектывы развіцця сістэмы адукацыі Столінскага раёна агучыў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Аляксандр Мікалаевіч Вячорка. На пытанні “Метадычнае суправаджэнне адукацыйнага працэсу па рускай, беларускай мове і літаратуры” спынілася метадыст  вучэбна-метадычнага кабінета Тамара Яўстафьеўна Рашэцкая, а галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Валянціна Васільеўна Марчанка  - “Работа спецыяліста аддзела па кіраванні якасцю адукацыі і ўзроўнем выкладання прадметаў філалагічнага цыкла”.

Наступным этапам работы семінара стала работа педагагічнай майстэрні. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Столінскай дзяржаўнай гімназіі, настаўнік рускай мовы і літаратуры  Таццяна Якаўлеўна Жук  абмеркавала з прысутнымі пытанне развіцця творчага патэнцыялу педагога ў сучасных умовах. Яна спынілася на сваіх дасягненнях, расказала аб удзеле ў конкурсах на міжнародным ўзроўні і падрыхтоўцы да іх. А сваё выступленне настаўніца скончыла ў вершаванай форме.

Асаблівасцю выступлення дырэктара Церабяжоўскай сярэдняй школы, настаўніка беларускай мовы і літаратуры Людмілы Лявонцьеўны Цупы і вучаніцы 11 класа Дар’і Ракала стала мова – мілагучная, родная, прыгожая беларуская мова. Людміла Лявонцьеўна гаварыла пра сучасныя падыходы ў рабоце з адоранымі дзецьмі. Яна адзначыла, што сама пры падрыхтоўцы да алімпіяд абласнога, рэспубліканскага ўзроўню адчувае сябе студэнткай, бо ўсё трэба самастойна перарашаць, праверыць, растлумачыць. А вынік  яе працы – поспехі вучняў, якія атрымліваюць значныя ўзнагароды. Прыклад  і доказ таго  - выступленне яе вучаніцы Дар’і Ракала, якая за гады вучобы мае трывалыя веды і іх ацэнку ў выглядзе шматлікіх узнагарод.

Падарожжа ў Церабліцкі ВПК яслі-сад сярэднюю стала ўвасабленнем сучаснага і інтэрпрэтацыяй мінулага, узаемасувяззю наватарства і традыцый, крокам наперад з трапяткім пазіркам з народнага жыцця-быцця. Беларуская гаворка ды духмяны каравай  сталі візітнай карткай палескага куточка.  Бясспрэчна, не можа адбывацца павышэння якасці адукацыі па прадмеце беларускай мовы і літаратуры без стварэння камфортнага,  эстэтычна  спрыяльнага асяроддзя адукацыйнай прасторы. Гэта і даказала прысутным настаўнік беларускай мовы і літаратуры навучальнай установы Галіна Уладзіміраўна Паўловіч прэзентацыяй кабінета беларускай мовы і літаратуры. Адметнасць кабінета заключаецца ў  сваім багатым змесце, адпаведнасці ўсім сучасным патрабаванням, наяўнасці тэхнічных сродкаў навучання (камп’ютар, праектар, багатая медыятэка) і г. д.

Далей загадчык вучэбна-метадычнага кабінета Валянціна Аляксандраўна Грэчка правяла майстар-клас “Складнікі партрэта паспяховага настаўніка”.  Выкарыстаныя інтэрактыўныя і актыўныя метады дазволілі з'яднаць калектыў, стварыць атмасферу добразычлівасці, адкрытасці і даверу.  А вось выступленне ўзорнага ансамбля “Згадка” (кіраўнік Ірына Мікалаеўна Ляшкевіч, настаўнік музыкі Мачульскай базавай школы) зачаравалі сваімі палескімі танцамі і нават правялі майстар-клас для прысутных, што і павесяліла, і падбадзёрыла, і ўразіла гасцей.

Не пакінула нікога раўнадушным наведванне музея народнага майстра І. П. Супрунчыка, лаўрэата Прэзідэнцкай прэміі. Усе ўдзельнікі семінара выказалі жаданне наведаць музей усёй сям’ёй, каб і самім яшчэ не раз адчуць палескі быт і родным паказаць гэту юнепаўторную прыгажосць.

У альшанскай сярэдняй школе № 1  гасцей сустрэлі вучні школы з тортам-макетам  навучальнай установы і каротнай экскурсіяй па ўстанове, якую правялі на беларускай мове. Настаўніца беларускай мовы Галіна Мікалаеўна Мазоль арганізавала цікавы  кірмаш-прэзентацыю дыдактычнага і раздатачнага матэрыялу па прадметах філалагічнага цыкла.

Пра ўзаемадзеянне настаўніка-філолага і бібліятэкара гаварыла Вальга Леанідаўна Сеген, бібліятэкар Рамельскай сярэдняй школы,   падчас прэзентацыі мастацкіх кніг серыі “Школьная бібліятэка” . Яна звярнулася да работ  раённай творчай групы і  творчасці Георгія Марчука.  Удзельнікі семінара высока ацанілі праведзеную работу.

Шостага лістапада праца пачалася ў Белавушскай сярэдняй школе, дзе  настаўнік рускай мовы і літаратуры Валянціна Мікалаеўна Шубіч прадэманстравала кабінет  рускай мовы і літаратуры як сродак павышэння якасці адукацыі ў сучаснай школе. Яна звярнулася да багатага дыдактычнагаматэрыялу, медыя, якое прысвечана творчасці кожнага пісьменніка, агучыла сайты, з якімі працуе. Валянціна Мікалаеўна атрымала запрашэнне ў  Брэсцкі абласны інстытут развіцця адукацыі для таго, каб выступіць з аналізам сваёй дзейнасці.

Чарговае паседжанне клуба  “Вдохновение” адбылося з удзелам гасцей, якія высока ацанілі творчы запал, наватарства  і талент удзельнікаў клуба, якія сабраліся,  каб пагаварыць пра непаўторную восень. Аналагічнай работы ў вобласці, як адзначылі госці, не праводзіцца, таму ацэнка была на вышэйшым узроўні.

У сярэдняй школе № 2 г. Століна настаўнік беларускай мовы і літаратуры Ала Адамаўна Лічэўская запрасіла гасцей разам з вучнямі восьмага класа пагаварыць на тэму “Што такое шчасце?”, выкарыстоўваючы тэхніку крытычнага мыслення.

Актыўна ўключыліся ўдзельнікі абласнога семінара ў дзейнасць падчас майстар-класа  “Медыяадукацыя на ўроках рускай мовы і літаратуры” Алы Мікалаеўны Лазіцкай, дырэктара школы,  настаўніка рускай мовы і літаратуры. Работа так захапіла прысутных, што ніхто нават не заўважыў, што прыйшоў час растання. Вучні ў нацыянальным адзенні падарылі гасцям на памяць сувеніры. У адказ пачулі шмат цёплых слоў і высокіх ацэнак праведзенай работы.

Століншчына пакінула свой след у душы кожнага ўдзельніка семінара, а вопыт работы аддзела адукацыі, спорту і турызму, ВМК Столінскага раёна, кожнага работніка сістэмы адукацыі атрымаў належную высокую ацэнку на абласным узроўні.

Людміла КАСПЯРОВІЧ