Фінансавая пісьменнасць

29.10.2015

Інфляцыя, дыверсіфікацыя, акцыя…

На веданне гэтых і шэрагу іншых фінансавых тэрмінаў змаглі праверыць сябе старшакласнікі Століншчыны.

21 кастрычніка ў гімназіі г. Століна адбыўся раённы этап рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай пісьменнасці, якая вось ужо другі год праводзіцца на падставе пастановы Праўлення Нацыянальнага банка і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і загаду ўпраўлення адукацыі Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта.

У алімпіядзе прынялі ўдзел 34 вучні 10-11 класаў. Для яе правядзення былі створаны аргкамітэт і журы з ліку прадстаўнікоў аддзела адукацыі, спорту і турызму, Белаграпрамбанка, Беларусбанка і настаўнікаў.

Алімпіяда ўяўляла сабой 27 тэставых заданняў з варыянтамі адказаў. Выбраўшы правільны адказ, можна было атрымаць ад аднаго да пяці балаў у залежнасці ад складанасці пытання. Яшчэ ў двух заданнях прапаноўвалася апісаць перавагі і недахопы безнаяўных разлікаў і парэкамендаваць, на што звярнуць увагу чалавеку пры выбары таго ці іншага віду ўкладу пры размяшчэнні грашовых сродкаў у банку. На выкананне адводзілася 90 мінут.

Найбольшую колькасць балаў – 63 – набраў Максім Майсюк з сярэдняй школы № 1 г. Давыд-Гарадка, па 57 балаў ва Уладзіміра Ядлоўскага і Аляксандры Цюцюра з сярэдняй школы № 2 г. Давыд-Гарадка. На трэцім месцы Станіслаў Вячорка з Гараднянскага НПК яслі-сад сярэдняя школа і Кацярына Леанавец з гімназіі г. Століна – па 55 балаў.

Пераможцы алімпіяды па фінансавай пісьменнасці ўзнагароджаны дыпломамі, якія ўручыла намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Алена Васькавец, і падарункамі з рук загадчыка сектара продажу рознічных банкаўскіх прадуктаў і паслуг ЦБУ № 124 Беларусбанка Аляксандра Ляшкевіча і начальніка аддзела рознічных паслуг РКЦ № 21 Белаграпрамбанка Святланы Грыцкевіч. Усе ўдзельнікі алімпіяды заахвочаны рэкламнай прадукцыяй Белаграпрамбанка. Трое пераможцаў - Максім Майсюк, Уладзімір Ядлоўскі і Аляксандра Цюцюра - будуць удзельнічаць у абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды, што пройдзе ў Брэсце ў лістападзе.

Праведзеная алімпіяда служыць папулярызацыі ведаў у галіне фінансаў; стварэнню умоў для рэалізацыі інтэлектуальных здольнасцяў навучэнцаў, набыццю імі вопыту пазнавальнай, камунікатыўнай, практычнай і творчай дзейнасці; фарміраванню ў навучэнцаў практычных навыкаў выкарыстання фінансавых інструментаў для планавання бюджэту, кантролю сваіх даходаў і расходаў; развіццю фінансавай культуры і новых форм прафарыентацыйнай работы.

Галіна ГАШЧУК

Фота

аўтара