"Натхненне" ў Пружанах

19.10.2015

Напярэдадні Дня маці чарговае паседжанне клуба “Натхненне”, прысвечанае  самаму роднаму і дарагому для кожнага чалавеку,  адбылося ў СШ №5 горада Пружаны.

Група настаўнікаў-удзельнікаў клуба на чале з загадчыцай вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму  Столінскага раённага выканаўчага камітэта Валянцінай Аляксандраўнай Грэчка па запрашэнні яе калегі з Пружанаў 13 кастрычніка зранку адправіліся ў паездку. У СШ № 5 нас ужо чакалі настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, а таксама настаўнікі музыкі. Сустрэча адбывалася ў актавай зале . Спачатку быў выкананы гімн “Натхнення”, напісаны Святланай Анатольеўнай Кананчук, якая працуе маці-выхавальніцай дзіцячага дома сямейнага тыпу. Пасля вядучая, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце і настаўніца рускай мовы і літаратуры Столінскай гімназіі, Таццяна Якаўлеўна Жук прадстаўляла выступаючых і давала ім слова. Дарэчы, на экране ў гэты час з’яўляліся кадры, якія больш раскрывалі працу творчага аб’яднання, расказвалі пра паэтаў, мастакоў, удзельнікаў клуба “Натхненне”. Віктар Васільевіч Вабішчэвіч, настаўнік гісторыі СШ №1Давыд-Гарадка , член Саюза беларускіх пісьменнікаў, пачаў сваё выступленне прызнаннем у любові да Радзімы, падзяліўся ўражаннямі пра сваю маці, якія засталіся з дзяцінства. Я, аўтар гэтых радкоў, прачытала вершы, прысвечаныя маці. Святлана Анатольеўна, якая вельмі хораша спявае, парадавала і расчуліла прысутных песнямі, сваімі вершамі. Васіль Андрэевіч Казачок, настаўнік рускай мовы Гараднянскай СШ, расказаў пра свае поспехі ў літаратуры і прачытаў вершы. Тамара Міхайлаўна Павядайка, былая настаўніца геаграфіі Рэчыцкай СШ №2, пазнаёміла са сваімі творамі, расказала пра сваю маму. Наталля Мікалаеўна Базар, настаўніца пачатковых класаў Каладнянскай БШ, карэспандэнт сайта “Медыя-Палессе”, павіншавала  з наступаючым святам і прачытала вершы. Таццяна Якаўлеўна на завяршэнне таксама пазнаёміла са сваёй творчасцю. Відаць было, што нашы творы закранулі сэрцы слухачоў: многія выціралі слёзы. Неяк не хацелася на такой сумнай ноце развітвацца. Я прачытала жартоўны верш “Настаўнікам”, а Святлана Анатольеўна, як заўсёды, шчыра, ад душы выканала песню “Жадаю вам”. Валянціна Аляксандраўна падзякавала арганізатарам мерапрыемства і запрасіла наведаць Століншчыну.

Можна было збірацца ў зваротны шлях, але гаспадары прапанавалі нам экскурсію ў Пружанскі палацык: музей-сядзібу. Гэты дом быў пабудаваны ў 1850 годзе. Гаспадаром з’яўляўся шляхціч Валянцін Швыкоўскі. Здавалася, што ў пакоі палацыка, дзе ў даўнія часы праводзіліся балі, пачуецца музыка, і з’явяцца пары танцораў, апранутых у строі 19 стагоддзя. Сцены ўпрыгожаны няхай не арыгіналамі карцін, але рэпрадукцыямі таго ж часу. Некаторыя прадметы, мэбля засталіся яшчэ ад першага гаспадара. Хацелася б пасядзець у авальным пакоі за столікам з кубачкам чаю. З вокан, якія займаюць усю сцяну, адкрываецца прыгожы краявід. Відаць парк, аранжарэю. Пасля пераходзім у пакой, дзе створаны куточак Белавежскай пушчы. Гэты куточак наводзіць на думку аб паляваннях, якімі захапляліся ў тыя часы. І сапраўды, наступны – паляўнічы пакой, дзе развешаны чучалы, шкуры жывёл, рогі аленяў.

У адным з пакояў палацыка знаходзіцца выстава”Драўляны люд Мікалая Тарасюка”. Творы Тарасюка – сапраўдная энцыклапедыя, мастацкі аповед аб сялянскай працы і гаспадары, які спрадвеку працуе на роднай зямлі. У Пружанскім палацыку прадстаўлена больш за 30 работ майстра. Тут у мініяцюрным выглядзе дамы, людзі, жывёлы. Царква, праз расчыненыя дзверы якой відаць, што там адбываецца абрад вянчання…

Наступная выстава”Неспатольнага часу млын” пазнаёміла нас з творчасцю Анатоля Галушкі, які стварае карціны, трымаючы пэндзаль зубамі ці рукою. У час няўдалага купання хлопец атрымаў траўму спіны. Карціны Анатоля яркія, напоўненыя святлом, жыццём, цяплом, хараством. Ён піша не толькі палотны, займаецца літаратурнай творчасцю:

 “Дай, Божа, быць шчаслівым тым, што маю,

Дай, Божа, аддаваць, а не прасіць…”

У чарговы раз стойкасць чалавека здзіўляе, захапляе , застаўляе задумацца пра сэнс свайго жыцця.

У музеі ў адным з пакояў знаходзіцца выстава кніг, малюнкаў Юзэфа Крашэўскага, польскага пісьменніка, аўтара 223 раманаў і аповесцяў, гісторыка. Дарэчы, Юзэф Крашэўскі быў пляменнікам гаспадыні сядзібы.

У палацыку таксама ёсць і краязнаўчыя куткі, дзе мы пазнаёміліся з народнымі промысламі Пружаншчыны. Гэта разнастайны посуд, плецены з лазы, саломы, бяросты, карэння, гліняны, прадметы ткацтва. Тут жа выстава сучаснага польскага скульптара Кшыштафа Градзіцкага – 12 анёлаў. Далей мы ўбачылі абразы, рэчы, патрэбныя для правядзення царкоўных абрадаў, якія выратавалі ад вывазу за мяжу і перадалі ў музей працаўнікі мытні. Лесвіца, якою мы спускаліся на першы паверх рыпела, быццам развітвалася з намі.  Вялікая падзяка за паездку, за экскурсію арганізатарам са Століншчыны і з Пружаншчыны.

 

 Бабарыка Галіна Сідараўна