Каб адпачынак быў у радасць

11.6.2015

З 3 чэрвеня пачалі работу прышкольныя летнія лагеры. Сёлета аздараўленне пройдуць 1590 школьнікаў: 60 дзяцей і падлеткаў (11-13 гадоў і 14-17 гадоў) будуць адпачываць у палатачным лагеры на базе былога піянерскага лагера “Гарынь”, для 30 з іх адпачынак ужо пачаўся. Другая змена пройдзе з 15 па 23 чэрвеня, і яшчэ 30 юнакоў тут змогуць правесці час весела і з карысцю.

43 чалавекі наведаюць лагер працы і адпачынку пры Столінскім дзяржаўным прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці. 1487 дзяцей паправяць здароўе у аздараўленчых лагерах дзённага знаходжання, якія створаны на базе ўстаноў адукацыі раёна. Змена будзе доўжыцца 18 дзён і скончыцца 26 чэрвеня.

Напярэдадні прайшоў раённы семінар, дзе былі абмеркаваны пытанні арганізацыі летняга адпачынку і аздараўлення дзяцей у 2015 годзе.

 А літаральна некалькі дзён назад прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых службаў – аддзела адукацыі, спорту і турызму, цэнтральнай раённай бальніцы, інспекцыі па справах непаўналетніх, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, філіяла “Давыд-Гарадок грамхарч” райспажыўтаварыства, прадстаўніцтва па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва - праверылі гатоўнасць летнікаў да пачатку работы.

Удзельнікі рэйду звярталі ўвагу на падрыхтоўку пакояў для сну і гульняў, выкананне санітарных нормаў і правілаў харчавання.

Першы прыпынак – аграгарадок Беражное. Летні лагер тут размясціўся ў асобным будынку. Кабінет, дзе дзеці будуць гуляць, ужо чакае сваіх наведвальнікаў: школьныя парты стаяць не так як на ўроках, а ў форме квадрата. Мяркую, гэтак зручней, ды і наведвальнікі будуць адчуваць сябе камфортна, у простай і сяброўскай абстаноўцы.

У Харомскім навучальна-педагагічным комплексе яслі-сад сярэдняя школа спальныя месцы хлопчыкаў і дзяўчынак падзелены спецыяльнай шырмай, а абедзенныя сталы ў сталоўцы ўпрыгожваюць кветкі. 

Хорская сярэдняя школа. Аб тым, што тут пачынае дзейнічаць летні аздараўленчы лагер паведамляе плакат з назвай “Колокольчик” на ўваходзе ў будынак школы, у фае – стэнд з адпаведнай інфармацыяй. У кабінетах замест падручнікаў і сшыткаў дзяцей ужо чакаюць цацкі.

Сярэдняя школа № 1 г. Давыд-Гарадка. Лагер размяшчаецца ў асобным драўляным будынку. Ложкі засланы, пітная вада дастаўлена. У час наведвання камісіяй школы тэхнічны персанал акурат завяршаў падрыхтоўчыя работы. 

У Давыд-Гарадоцкай школе № 2 таксама гатовы да прыёму дзяцей на летняе аздараўленне. Да таго ж і прышкольная тэрыторыя радуе вока.

Альшанская сярэдняя школа № 2 . Што й казаць, у новай сучаснай школе створаны ідэальныя ўмовы для адпачынку дзяцей.

Аграгарадок Сямігосцічы. Усё на добрым узроўні, але не хапае крыху больш утульнасці, спадзяемся,што яна будзе створана падчас работы лагера.

У летнім лагеры ў Вялікім Малешаве пакоі для гульняў светлыя, чыстыя, а ў спальных пакоях ёсць жалюзі, што асабліва актульна для сну ў спякотнае надвор’е.

Адзначу, што на момант наведвання амаль ва ўсе школы ўжо завезены прадукты. Справа засталася за змястоўнай і разнастайнай праграмай для наведвальнікаў, вясёлымі гульнямі, цікавымі заняткамі, цудоўным настроем і сонечным надвор’ем.

Святлана ШПАКОЎСКАЯ