Педагагічны дэбют

28.5.2015

У гэтым навучальным годзе пры навучальна-метадычным кабінеце аддзела адукацыі, спорту і турызму Столінскага райвыканкама працавала школа станаўлення маладога настаўніка першага года работы. На працягу года праходзілі пасяджэнні для маладых педагогаў у розных установах адукацыі. На іх разглядаліся пытанні адукацыі і выхавання, маладыя настаўнікі наведвалі ўрокі вопытных педагогаў, актыўна працавалі, на практыцы паказвалі свае навыкі і веды. А вось апошняе актыўнае  пасяджэнне, якое было прымеркавана да Года моладзі, прайшло на базе былога піянерскага лагера “Гарынь”.

Загадчыца навучальна-метадычнага кабінета Валянціна Аляксандраўна Грэчка расказала, што яно насіла назву “Педагагічны дэбют” і складалася з трох станцый – інтэлектуальнай, спартыўнай і мастацкай.

19 удзельнікаў пасяджэння размеркаваўся на дзве каманды – “Цюльпаны” і “Нарцысы”, каб у спаборніцтвах паказаць, чаго яны дасягнулі за год работы, што знаюць і ўмеюць.

Пачаліся спаборніцтвы з дэвізу і прывітання каманд. Пасля на інтэлектуальнай станцыі “Формула поспеху” ўдзельнікі пісалі эсэ (у форме размовы з вучнямі) “Паспяховай школе – паспяховага жыцця” і “Чыстая будучыня ў чыстым сёння”. Эсэ атрымаліся вельмі цікавымі і паказалі, што педагогі значна пасталелі, сталі больш вопытнымі і ўжо маюць канкрэтны погляд на сістэму адукацыі, на работу ў школе.

У наступным конкурсе “Бязвыхадных сітуацый не бывае” ўдзельнікам прапанавалі канкрэтныя прыклады, якія яны павінны былі вырашыць і даказаць, што настаўнік павінен і можа спраўляцца з усімі педагагічнымі цяжкасцямі.

У трэцім конкурсе “Брэйн рынг” патрэбна было хутка адказваць на самыя разнастайныя пытанні па нарматыўна-адукацыйным працэсе, Кодэксу аб адукацыіРэспублікі Беларусь, інструктыўна-метадычным пісьме.

Конкурс “Самы спрытны педагог” (у ім на хаду са стопкай сшыткаў і падручнікаў патрэбна было запісаць тэму педсавета) паступова перамясціў удзельнікаў на спартыўную станцыю, якая насіла назву “О, спорт, - ты целый мир! О, спорт, - ты мой кумир!” Тут кіраваў дырэктар Глінкаўскай СШ Віктар Васільевіч Язубец. Ён правёў самыя розныя эстафеты – на спрытнасць, хуткасць, смеласць…

Мастацкая станцыя называлася “Творчасць без межаў”. У першым конкурсе “100 ідэй для Беларусі” каманды прадставілі і абаранілі па пяць страў пад рубрыкамі “Прыгажось. Вясна. Настрой” і “Свет у нашых руках”. У другім конкурсе “Папуры ваенных песень” каманды спаборнічалі на веданне музычных твораў часу Вялікай Айчыннай вайны.  А пасля працавалі над калажам “Першы год работы ў школе”, які цудоўна абаранілі.

Закончылася мерапрыемства падвядзеннем вынікаў. Кожны з удзельнікаў выказаў свае пажаданні, якія размясціў на стэндзе. І ў вуснай форме яны гаварылі пра тое, што школа станаўлення за год дала ім многа патрэбнага для работы; што яны прыйшлі ў школу маючы багаж ведаў, але ніякай практыкі. Акрамя таго многія прызнаваліся, што такія мерапрыемствы аб’ядналі іх, далі магчымасць пазнаёміцца з калегамі.

Настаўніца пачатковых класаў Лядзецкага навучальна-педагагічнага комплексу яслі-сад СШ Таццяна Васільеўна Савіцкая расказала:

-          Пасля апошняй сустрэчы хацелася тварыць. Мы з радасцю прынялі ўсе прапанаваныя ідэі. Мы прайшлі шлях у адзін год, атрымалі настаўленні, сустрэлі новых знаёмых, сяброў. Цяпер у нас ёсць педагагічны вопыт. Пакуль ён невялікі, але мы будзем ісці далей.

Таццяна СЕГЕН