Абмен ідэямі

28.5.2015

Па запрашэнні Жыткавіцкага аддзела адукацыі, спорту і турызму прадстаўнікі сферы адукацыі Століншчыны наведалі фестываль творчасці дзяцей дашкольнага ўзросту “Які цудоўны гэты свет”.

Фестываль у суседняй вобласці ўжо стаў традыцыйным. І праводзіцца як на раённым, так і на абласным узроўні. Дзякуючы сучасным тэхналогіям дзеці выступаюць толькі на раённай сцэне і гэтае ж выступленне ацэньвае напачатку раённае журы, а потым абласное. Але аб усім па-парадку.

Столінскую дэлегацыю ўзначальвала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Людміла Іванаўна Буйніч. У склад увайшлі загадчыца навучальна-метадычнага кабінета Валянціна Аляксандраўна Грэчка, а таксама загадчыкі дзіцячых садкоў. Іх сустрэлі на Жыткавіцкай зямлі калегі ў галаве з начальнікам аддзела адукацыі. Пазнаёмілі з работай дзіцячага садка ў мікрараёне “Азёрны”.

Пасля госці (акрамя нашага раёна былі і прадстаўнікі Лельчыцкага) накіраваліся ў Жыткавіцкі дом культуры. Яшчэ на пад'ез’зе да яго ўразіла вялікая колькасць бацькоў з маленькмі дзецьмі, якія спяшаліся на свята.

У фае дома культуры працавала цудоўная выстаўка “Лялькі нашага дзяцінства”.

Сам фестываль адкрыў намеснік старшыні райвыканкама. І далей пачалося прадстаўленне, складзенае з блокаў, якія вялі казачныя героі.

-          Мы мелі магчымасць убачыць усе віды дашкольнай дзейнасці, - расказвае загадчыца навучальна-метадычнага кабінета Валянціна Аляксандраўна Грэчка. – Там былі гульні, музыка, рытміка, песні, вершы. Арганізатары максімальна ахапілі выхаваўчы і навучальны працэс.

Людміла Іванаўна Буйніч дадала, што абавязкова на наступны год паспрабуюць правесці аналагічнае мерапрыемства ў нас. Такія фестывалі дапамагаюць развіваць творчасць, індывідуальнасць дзяцей.

Пасля дэлегацыя пабыла ў вёсцы Запясочча, дзе наведала навучальна-педагагічны комплекс яслі-сад СШ. Цудоўны будынак пасля нядаўняй рэканструкцыі ўразіў гасцей нашага раёна.

Закончылася падарожжа ў суседнюю вобласць знаёмствам з краявідамі Прыпяці, па водах якой яны праплылі на цеплаходзе, абменам кантактамі і ідэямі з калегамі.

Таццяна СЕГЕН