Бацькі і дзеці: адкрыты дыялог

4.5.2015

На мінулым тыдні адбылася першая раённая бацькоўская канференцыя “Стратэгія дзеянняў у інтарэсах дзяцей: бацькоўскі ўдзел”. У актавай зале Столінскага гарадскога дома культуры сабраліся бацькі, настаўнікі. Мэта, з якой праводзіцца гэтае мерапрыемства, - прыцягеннне ўвагі грамадскасці да праблем выхавання і адукацыі дзяцей.

З вітальнымі словамі выступіў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Столінскага райвыканкама Аляксандр Мікалаевіч Вячорка.

-         У кожным навучальным годзе праходзяць два бацькоўскія сходы. Сёння мы маем магчымасць абмеркаваць праблемныя пытанні, - адзначыў Аляксандр Мікалаевіч. – Заклікаю прысутных да адкрытага дыялогу. З боку сістэмы адукацыі робіцца вельмі многае для падрастаючага пакалення. Важны аспект – занятасць дзяцей у вольны час. Спадзяюся, такія сустрэчы стануць традыцыйнымі.

Пра стан здароўя  школьнікаў паведаміла раённы педыятр цэнтральнай раённай бальніцы Кудравец Святлана Іванаўна. На Століншчыне жывуць крыху больш за 15500 дзяцей, большая частка -  у сельскай мясцовасці. Вучні нашага раёна найбольш пакутуюць ад хвароб органаў дыхання, вачэй, скуры, косна-мышачнай сістэмы, разнастайных траўм. Педыятр звярнула ўвагу на праблему курэння і наркаманіі, ужывання “спайсаў”.

Вопытам выхавання  дзяцей падзяліся бацькі вучняў: Пашкевіч Святлана Васільеўна з аг. Рубель, Вярэніч Вольга Васільеўна з аг. Плотніца, Пявец Галіна Віктараўна з аг. Альшаны, Каральчук Вольга Мікалаеўна з г. Століна, Скрабец Людміла Мікалаеўна з аг. Фядоры.

Кожнае выступленне – нераўнадушны погляд на выхаванне ў дзяцей такіх якасцяў, як дабрыня і  шчырасць. Выступоўцы гаварылі аб наладжванні цёплых і давяральных адносін паміж дарослымі і падлеткамі, баўленні часу пасля школьных урокаў і інш.

Пра арганізацыю вольнага часу распавяла намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Асаўской СШ Платніцкая Валянціна Міхайлаўна. Галоўная думка, якая прагучала ў прамове настаўніцы, – трэба імкнуцца да супрацоўніцтва школы і сям’і. У Асаўской школе праводзіца многа мерапрыемстваў, да ўдзелу прыцягваюцца і дзеці, і іх бацькі. Напрыклад, вечар падзякі, бацькоўскі дзень, тэатральныя пастаноўкі.

Не толькі выступілі  бацькі і настаўнікі, а і прадстаўнікі маладога пакалення. Сваімі думкамі падзяліліся навучэнец СШ № 3 г. Століна Пачко Дзмітрый і навучэнка Стружскай СШ Яўгенія Дварэцкая.

Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Фёдаравіч Сідарэвіч адзначыў, што ў мінулым годзе на рамонт устаноў адукацыі было затрачана больш за 13 млрд рублёў. Аказвалася пэўная падтрымка шматдзетным сем’ям напярэдадні новага навучальнага года.

З лютага па красавік праходзіў конкурс “Самы класны класны”. На яго было пададзена 26 заявак з 16 устаноў адукацыі. У час канферэнцыі былі названы пераможцы. Імі сталі класны кіраўнік 2 класа СШ № 3 г. Століна Яхнавец Надзея Уладзіміраўна, класны кіраўнік 5 класа СШ № 2 г. Століна Каральчук Марына Вітальеўна, класны кіраўнік 11 класа Хатомельскай сярэдняй школы Вабішчэвіч Марта Пятроўна. Пераможцы конкурсу атрымалі дыпломы і кветкі.

Прысутныя задавалі хвалюючыя пытанні выступоўцам і гасцям канферэнцыі, на большасць з іх атрымалі адказы.

Завяршыла мерапрыемства літаратурна-музычная кампазіцыя, прысвечаная 70-годдзю Перамогі “Поклонимся великим тем годам”. Яе падрыхтавалі вучні сярэдніх школ № 2 і 3 г. Століна.

Святлана ШПАКОЎСКАЯ