Дзіцячы садок у Рублі – адзіны ў вобласці

4.5.2015

На мінулым тыдні 30 красавіка ў аграгарадку Рубель урачыста прайшло адкрыццё новага дзіцячага садка на 75 месцаў, будаўніцтва якога абышлося ў 37 мільярдаў бюджэтных  рублёў.

У мерапрыемстве прымаў удзел старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Васільевіч Ліс.

Віншуючы жыхароў Рубля з цудоўнай падзеяй, Анатоль Васільевіч адзначыў, што ў гэтым годзе ўстановы падобнага тыпу нідзе больш у вобласці адчыняцца не будуць. Менавіта дзякуючы Праграме развіцця Прыпяцкага Палесся, зацверджанай Прэзідэнтам краіны, стала магчымым будаўніцтва такіх аб’ектаў сацыяльнай сферы. 

Словы падзякі прагучалі і на адрас будаўнікоў, якія ў адведзены тэрмін і якасна выканалі работы, выкарыстоўваючы пры гэтым матэрыялы айчыннай вытворчасці.

-        Вельмі добра, што насельніцтва Століншчыны апошнім часам павялічваецца. І калі пяць гадоў таму забяспечанасць дзіцячымі дашкольнымі ўстановамі была толькі 36 працэнтаў, то сёлета – гэта 75 працэнтаў, - адзначыў губернатар.

Анатоль Васільевіч расказаў і пра новыя формы арганізацыі дзіцячых садкоў, што набываюць папулярнасць апошнім часам. Напрыклад, адкрыццё прыватных дашкольных устаноў. Тым больш, што спецыялісты неабходнага профілю рыхтуюцца нашымі вышэйшымі і сярэдне-спецыяльнымі навучальнымі ўстановамі. Хацелася б, каб такія садкі адкрываліся не толькі ў буйных гарадах, але і ў аграгарадках.

Старшыня аблвыканкама падарыў дзіцячаму садку два камп’ютары.

Са словамі віншавання да ўдзельнікаў урачыстасці звярнуўся і генеральны дырэктар “Брэстаблсельбуду” Уладзімір Фёдаравіч Вабішчэвіч, які таксама прыехаў не з пустымі рукамі, а прывёз для зручнага навядзенне парадку на тэрыторыі дашкольнай установы бензакасілку.

Уладзімір Фёдаравіч перадаў сімвалічны ключ ад садка яго загадчыцы Раісе Міхайлаўне Філановіч.

Пасля экскурсіі па групах дзіцячага садка і атрыманага пазітыву ад песень і вершаў у выкананні маленькіх выхаванцаў Анатоль Васільевіч пагутарыў з жыхарамі аграгарадка, наведаў мясцовы дом культуры, амбулаторыю.

Алена КЛІМУШКА

Фота Аляксандра НІКІФАРЭНКІ