Хто, калі не мы?!

5.3.2015

У суботу, 28 лютага, у Столінскай дзяржаўнай гімназіі прайшоў раённы конкурс “Вучань года”, удзел у якім прынялі шэсць фіналістаў.

Адкрываючы мерапрыемства, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Столінскага райвыканкама Галіна Сяргееўна Шугалевіч адзначыла, што ўжо на завочным этапе, вывучаючы партфоліа канкурсантаў, стала зразумела, наколькі моцныя вучні будуць змагацца за перамогу. Яны ўсе не толькі ўдзельнікі, а і пераможцы раённых алімпіяд, навкова-практычных канферэнцый, а некаторыя пераможцы і абласных, нават рэспубліканскіх прадметных алімпіяд.

У завочным этапе конкурсу было 11 прэтэндэнтаў падняцца на фінальную сцэну. Адбор прайшлі сем, але ў фінале змагаліся шэсць чалавек. Гэта вучаніца 9 класа Столінскай гімназіі Лізавета Волас, вучаніца 11 класа СШ № 2 г. Століна Аліна Масальская, вучаніца 11 класа СШ № 3 г. Століна Ганна Вярэніч, вучаніца 11 класа СШ № 3 р. п. Рэчыца Алеся Крыўчун, вучаніца 11 класа Беражноўскай СШ Ганна Піліпчук і вучаніца 10 класа Белавушскай СШ Марыя Падалян.

З вітальным словам да ўдзельнікаў звярнулася пераможца конкурсу “Вучань года 2014” Вольга Цыпух. У лірычнай форме дзяўчына пажадала ім поспеху, а таксама адзначыла, што ўсе яны вартыя перамогі, вось толькі, на жаль, першае месца – адно, але гэта не павінна засмучаць.

Дзяўчаты выходзілі на сцэну, а вядучыя коратка расказвалі пра іх захапленні. Яны ўсе актыўныя, мэтанакіраваныя і творчыя асобы. Гэта яшчэ раз падцвердзіў конкурс-самапрэзентацыя “Я – лідар, я – грамадзянін”. У ім Ганан Піліпчук расказала, што яна пераможца абласной і рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове, што яна вельмі любіць сваю маленькую радзіму, захапляецца спортам і падарожжамі. Прыемна, што яе прэзентацыя (ды і наогул усе выступленні) была на беларускай мове. Лізавета Волас зняла цікавы відэаролік пра звычайную дзяўчынку Лізу, у якім расказала пра свае захапленні і падзялілася сваімі марамі. Незвычайным бала прэзентацый Аліны Масальскай. Дзяўчына на сцэне стала часткай малюнкаў прэзентацыі, якія ўдала ілюстравалі яе аповед. Марыя Падалян пачала сваё выступленне з геаграфіі Беларусі, выдатнасцяў роднага краю і расказала, што сярод вядомых спартсменаў мінулага стагоддзя быў і яе дзядуля. Выступленне Ганны Вярэніч пачалося з таго, што хлопец прачытаў рэп, а пасля да яго далучылася Ганна. Разам яны выканалі запальваючую песню “Кто, если не я? Яркая, активная. Кто, если не я? Очень перспективная». Алеся Крыўчун таксама выканала песню пра лідарства ў сваёй школе, расказала пра сябе.

Інтэлектуальны конкурс. Тут на самай справе вучні паказалі менавіта свае веды, свой інтэлект. Ім было прапанавана сем пытанняў. Ніхто з удзельнікаў не адказаў на іх за тры мінуты.Самы вялікі бал у гэтым конкурсе быў 5 у Ганны Вярэніч. Не магу не адзначыць, што вучні адказвалі на пытанне пра фігуры, якія захаваў Дамінік Радзівіл у Нясвіжскім замку (12 апосталаў) ці пра тканіну, з якой былі пашыты тунікі старажытных сенатараў ці ў якую загортвалі мумій (лён), але не змаглі ўзгадаць важныя юбілейныя даты краіны і раёна…

У конкурсе “Сацыяльная рэклама, прысвечаная Году моладзі” дзяўчаты паказвалі слайды са свайго жыцця і жыцця краіны, былі вядучымі навін на тэлеэкране (Ганна Вярэніч), пераконвалі, што будучыны ў тваіх руках (Марыя Падалян), давалі гатовыя ілюстрацыі для друкаванай рэкламы (Ганна Піліпчук). Мне спадабалася прэзентацыя Аліны Масальскай, якая з дапамогай аднакласнікаў паказала, як яны выбіраюць прафесію з закрытымі вачамі, але яна выратавала сваіх сяброў.

Фіналістаў узнагародзіла Галіна Сяргееўна. Разам з імі дыплом фіналіста атрымаў і вучань Асаўской школы Міхаіл Аляшкевіч за лепшы відэаролік. Пераможцай конкурсу стала вучаніца 11 класа СШ № 3 г. Століна Ганна Вярэніч.

Таццяна СЕГЕН