Практычны марафон

24.2.2015

З дзявятага па 20 лютага ва ўстановах адукацыі прайшоў педагагічны марафон па тэме “Пераемнасць у рабоце па экалагічным выхаванні дашкольнікаў і вучняў І ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў розных відах дзейнасці”.

Удзельнікамі педагагічнага марафону сталі выхавальнікі дашкольнай адукацыі, музычныя кіраўнікі, кіраўнікі фізічнага выхавання, настаўнікі 1-4 класаў, выхавальнікі груп прадоўжанага дня.

Напачатку педагогі дзіцячых садкоў наведвалі ўрокі і мерапрыемствы ў школах, пасля настаўнікі і выхавальнікі груп прадоўжанага дня пайшлі на заняткі ў дзіцячыя садкі. А вынікам гэтага двухтыднёвага марафону сталі майстар-класы па тэме “Выкарыстанне сучасных тэхналогій, формаў і метадаў работы па фарміраванні экалагічных прадстаўленняў дашкольнікаў і малодшых школьнікаў”.

Вопытныя педагогі, якія маюць салідны багаж ведаў і напрацовак давалі майстар-класы маладым калегам, разам з тым у кожнага з іх маглі павучыцца і вопытныя настаўнікі і выхавальнікі. Работа была наладжана па трох секцыях, у склад якіх увайшлі як работнікі дзіцячых садкоў, так і школ. Тэмы ў групах паўтараліся, але не перасякаліся.

Педагогі вельмі коратка дзяліліся тэарытычнымі ведамі, заснаванымі на сваім вопыце, а далей удзельнікі груп станавіліся іх вучнямі ці выханцамі. На майстар-класах расказвалі пра найбольш папулярныя тэхналогіі – дыдактычныя гульні, эколага-сістэматычныя групы, метад нагляднага мадэліравання, даследчую дзейнасць, ролю казкі ў экалагічным выхаванні

Было даволі цікава паслухаць многія міні-заняткі. Яны былі разлічаны на маленькіх слухачоў, але і дарослыя людзі маглі з іх узяць нешта карыснае для сябе. З цікавасцю ўдзекльнікі секцыі не толькі слухалі, а і прымалі ўдзел у міні ўроку, які дала настаўніца пачатковых класаў Стружскай СШ Ірына Міхайлаўна Каток. Яе занятак можна назваць нават выступленнем, якое прыцягвала ўвагу, не давала магчымасці сядзець без актыўнага ўдзелу ў ходзе ўрока. Яна расказвала пра паветра і кожную з уласцівасцяў паветра дэманстравала. З лёгкасцю даказала, што паветра мае вагу, што яно рухаецца, што яно пругкае і г. д. Яркім була дэманстрацыя заняткаў у выхавальніцы ясляў-сада № 4 р. п. Рэчыца Галіны Спірыдонаўны Шчучка. На вачах гледачоў яна нават паказала вывяржэнне вулкана.

Цікава было стаць удзельнікам майстар-класаў ад Наталлі Міхайлаўны Бесан (Давыд-Гарадочкі дзіцячы сад) па выкарыстанні дыдактычных гульняў, Наталлі Уладзіміраўны Бурык (яслі-сад № 3 р. п. Рэчыца) па выкарыстанні макетаў, Надзеі Антонаўны Буян аб гульнявых тэхналогіях(Альманская СШ), Таццяны Мікалаеўны Мышапуд і Святланы Мікалаеўны Крым (яслі-сад № 1 г. Століна) выкарыстанне акцый і мадэляў,Таццяны Мікалаеўны Паступінскай (СШ № 2 р. п. Рэчыца) пра экалагічную цацку.

Немагчыма не адзначыць, што такія практычныя заняткі даюцць намнога большы вынік, чым тэарытычныя веды. І нездарма арганізатары педагагічнага марафона сканцэнтравалі ўвагу на перадавых тэхналагічных распрацоўках педагогаў Століншчыны.

Таццяна СЕГЕН