Добрыя традыцыі прававога класа

19.2.2015

Дзявятага лютага ў СШ № 2 г. Століна адбылося свята, якое ўжо стала традыцыйным, - пасвячэнне ў прававы клас. На гэты раз урачыста прымалі ў рады “прававікоў” вучняў 10 “А” класа.

Свята пачалося з невялікай экскурсіі ў гісторыю стварэння прававых класаў. Мінула вось ужо пяць гадоў, як  на базе школы быў створаны першы такі клас.

Прыемным сюрпрызам для рабят стала прысутнасць на свяце выпускнікоў прававых класаў, якія цяпер вучацца ў Акадэміі МУС – Дзяніса Сімончыка, Уладзіслава Мельніка і Уладзіслава Вярэніча, а таксама курсантаў ваенных акадэмій. Прысутнічаў на свяце і выпускнік школы, а цяпер курсант апошняга курса Акадэміі МУС Алег Гузіч, які курыруе дзейнасць прававых класаў СШ № 2 на базе Акадэміі. З вуснаў выпускнікоў прагучала шмат добрых слоў на адрас школы. Яны з гонарам расказвалі аб сваіх будучых прафесіях і марах мець вялікія зоркі на пагонах.

Тыя курсанты, у якіх ужо закончыліся канікулы, пакінулі прывітальны адрас для вучняў 10 “А” класа.

У сваю чаргу рабяты 10 “А” класа расказалі пра сябе. Самым урачыстым быў момант прпыняцця клятвы. Пасля гэтага рабяты атрымалі пагоны з рук гасцей і курсантаў і далі клятву.

Сваіх малодшых “калег” павіншавалі і сёлетнія выпускнікі пад кіраўніцтвам свайго класнага Жанны Іосіфаўны Домніч.  Яны падрыхтавалі малодшым сябрам вершаваныя радкі, а таксама перадалі пераходны вымпел.

Ад імя навучэнцаў малодшых класаў наказ зачытала вучаніца 5 “А” класа Паліна Лапаціна.

З віншавальнымі словамі да рабят звярнулася дырэктар школы Ала Мікалаеўна Лазіцкая, якая і была ініцыятарам стварэння такіх класаў на базе школы. У сваім чуллівым выступленні яна расказала аб супрацоўніцтве з Акадэміяй МУС і пра свой нагрудны знак “За садзейнічанне”, які атрымала літаральна ў канцы мінулага года. Яна нагадала, што гэты знак – гэта ўзнагарода ўсіх педагогаў, якія працуюць з вучнямі прававых класаў.

Класны кіраўнік 10 “А” Ганна Мікалаеўна Шабунька павіншавала сваіх вучняў з такой важнай у іх жыцці падзеяй.

Далей слова мелі шматлікія госці. Ад імя кіраўніцтва Столінскага РАУС рабят павіншавалі намеснік начальніка па ідэалагічнай і кадравай рабоце Юрый Мікалаевіч Бяствіцкі і інспектар групы кадраў Дзмітрый Уладзіміравіч Юнкевіч. Юрый Мікалаевіч уручыў памятны падарунак – гадзіннік з сімволікай Брэсцкай міліцыі і альбом “Захоўваем традыцыі Брэсцкай міліцыі 1939-2014” расказаў аб традыцыяй міліцэйскай службы нашага раёна. Ад кіраўніцтва  

З наказам да вучняў выступіў старшыня раённага савета ветэранаў Столінскага РАУС Уладзімір Мікалаевіч Домніч, які пажадаў атрымліваць веды і расці дастойнымі грамадзянамі сваёй дзяржавы. Ён нагадаў, што цяпер рабяты надзелі форму і пагоны, а гэта іх абавязвае быць прыкладам для іншых.

Пракурор раёна Дзмітрый Сяргеевіч Пазняк пажадаў рабятам поспехаў у вывучэнні дысцыплін, паколькі яны толькі знаёмяцца з асновамі права, а юрыспрудэнцыя – гэта складаная навука, веды па якой абавязкова спатрэбяцца ў жыцці.

Раённы ваенны камісар Уладзімір Мікалаевіч Семянюк  пажадаў рабятам поспехаў і запрасіў паступаць у ВНУ ваеннага профілю. Таксама ён засяродзіў увагу на важнасці для кожнага чалавека весці здаровы лад жыцця, займацца спортам.

Начальнік інспекцыі па справах непаўнаетніх Андрэй Валер’евіч Багаткаў сваім віншаванні адзначыў, што ён таксама выпускнік гэтай школы.

На свяце прысутнічала шмат бацькоў, якія з гонарам глядзелі на сваіх ужо практычна дарослых дзяцей. Ад іх імя з вітальным словам да дзяцей звярнулася мама, выкладчык Столінскага аграрна-эканамічнага каледжа Валенціна Фёдараўна Наскевіч. Яна не тоолькі павіншавала рабят, а і запрасіла іх паступаць на прававое аддзяленне ў Столінскі каледж.

Нягледзячы на тое, што клас працуе толькі пяты год, ужо склаліся добрыя традыцыі. Адна з іх, што малодшыя сёстры ці браты выпускнікоў ідуць вучыцца ў прававы клас. Зараз у 10 “А” класе вучыцца Таццяна Мыслейка, якая займае пасаду старасты класа, а тры чатыры гады назад яе старэйшы брат Дзмітрый таксама быў старастай прававога класа. Цяпер ён студэнт следча-экспертнага факультэта Акадэміі МУС. Брат Аліны Сімончык Дзяніс навучаецца на факультэце міліцыі МУС.

Праграма была цікавай і насычанай. Музычныя нумары ім падарылі вучні паралельнага 10 “Б” класа, а таксама вучні школы. Вялі праграму вучні 11 “А” класа Аліна Масальская і Уладзіслаў Вандзіч.

На заканчэнне вучні двух прававых класаў падняліся на сцэну і выканалі свой гімн. Да іх далучыліся і шматлікія госці, каб занатаваць гэты ўрачысты момант на здымках.

Таццяна СЕГЕН