Патрон з франтавымі лістамі салдата

19.2.2015

З 17 лютага на Століншчыне пачала дзейнічаць перасовачная выстаўка народнага майстра, ганаровага палешука, ганаровага грамадзяніна Століншчыны Івана Піліпавіча Супрунчыка. Выстаўка работ аб’едзе многія ўстановы адукацыі, а вучням і педагогам СШ № 2 г. Століна пашчасціла, бо да іх на адкрыццё прыехаў сам Іван Піліпавіч.

Адкрываючы мерапрыемства, дырэктар школы Ала Мікалаеўна Лазіцкая расказала пра самога майстра і нагадала, што многія вучні пабывалі ў цэнтры драўлянай скульптуры, але зараз ім даецца магчымасць яшчэ раз акунуцца ў творчасць вядомага земляка, больш падрабязна пазнаёміцца з яго работамі, прысвечанымі Вялікай Айчыннай вайне і не толькі.

Іван Піліпавіч пачаў сваё выступленне са звароту да прысутных маладых людзей:

-          2015 год названы Годам моладзі. Вы – наша надзея і будучыня. Вы павінны стаць тымі людзьмі, якія падымаюць нашу краіну, ганарацца ёю, працуюць дзеля будучыні Беларусі.

Пасля ён пазнаёміў са сваімі  работамі.  Кожная з іх захоўвае цэлую гісторыю і можа расказаць не толькі пра лёс аднаго чалавека, а цэлага пакалення. Вось гэта свабода ў трубе, абвітай калючым дротам, а гэта “Зло”, якое вылупліваецца з яйка з нямецкай свастыкай. Цікавая работа “Свечка”, якая складаецца з некалькіх частак: свечкі, патрона з франтавымі пісьмамі, каскі, “нагі забітага воіна”, мылиц і медаля “За ўзяцце Берліна”. Гэта памяць воінам, якія абаранялі Беларусь у перыяд Вялікай Айчыннай вайны.

Поруч з вырабамі, якія Іван Піліпавіч стварае з дрэва толькі адной сякерай, стаяць і карціны майстра. Вось гэта аброчныя крыжы, якія ёсць у многіх вёсках Століншчыны. У трылогіі карцін Іван Піліпавіч адлюстраваў рэвалюцыю, Вялікую Айчынную вайну і сучаснасць.

Нераўнадушны да сучасных падзей майстар не змог не падняць тэму развалу СССР, падзей ва Украіне. Усё гэта праз яркія вобразы і метафары перададзена ў яго работах. Проста здзіўляешся, наколькі гэтыя вобразы жывыя і адпавядаюць тым сучасным рэаліям, з якімі даводзіцца сутыкацца.

Вучні задавалі пытанні Івану Піліпавічу, цікавіліся, з якога ўзросту ў мастака праявіўся талент.  Аказалася, што Іван Піліпавіч ужо ў гадоў 9-10 зрабіў свой першы выраб з цэглы. Але, на жаль, ён не захаваўся.

Таксама было цікава навучэнцам, колькі часу ідзе на стварэнне адной работы, як Іван Піліпавіч развіваў свой талент, чаму стаў займацца этнаграфіяй і гісторыяй.

Зацікаўленыя вучні пасля сустрэчы падыходзілі і бліжэй разглядалі карціны, скульптуры, знаёміліся з іх зместам і сэнсам. У бліжэйшы час усе жадаючыя змогуць убачыць выстаўку ў фае СШ № 2, а пасля яна пачне сваё падарожжа па буйных школах раёна.

Прапануем наведаць выстаўку не толькі вучням, а і жыхарам тых населеных пунктаў, дзе яна пабывае. На жаль, не ўсе пабывалі ў Цэнтры драўлянай скульптуры, дык хоць на невялікай частцы работ Івана Піліпавіча можна пазнаёміцца з яго творчасцю, з гісторыяй вёсак раёна ды і ўсёй Беларусі. Толькі трэба ўважліва ўглядацца і шукаць падтэкст пад кожным вырабам, а не бегла прагледзець работы. Тады вам абавязкова захочацца пабываць у Цэнтры драўлянай скульптуры.

Таццяна СЕГЕН

На здымках: работы “Свечка”, “Свабода”; Іван Піліпавіч у час сустрэчы з вучнямі СШ № 2 г. Століна; знаёмства з выстаўкай.

Фота аўтара